16 красавiка 2024, aўторак, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўных Беларускага металургічнага завода адправілі на вакацыі

12

Працяглы навагодні адпачынак для некаторых - зусім не свята.

На крызісных беларускіх прадпрыемствах супрацоўнікаў пераводзяць на дзве траціны голага акладу і адпраўляюць на «зімовыя вакацыі». Але праблема далёка не сезонная. Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась у студзені-верасні ў рэжыме няпоўнай занятасці працавала 260 тысяч чалавек. Гэта ўдвая больш, чым у 2014-м. Цяпер чарга дайшла і да лідара беларускай металургіі, піша «Белсат».

Неэфектыўны мэнэджмэнт або сусветны крызіс? А можа, і тое, і іншае? Вынік адзін: Беларускі металургічны завод у Жлобіне апынуўся ў вельмі складанай фінансавай сітуацыі.

Былы флагман беларускай эканомікі ў лепшыя гады фармаваў да 3% УБП краіны. Але пасля завяршэння інвестыцыйных праектаў коштам 1,2 мільярда даляраў 2014 скончыў з адмоўным вынікам - 63 мільёны даляраў. Будаўніцтва новых цэхаў пазбавіла прадпрыемства абаротнага капіталу. У 2015-м сітуацыя пагоршылася і прымусіла завод выпусціць валютныя аблігацыі, каб здабыць хоць нейкія грошы, але ўлады ўпарта не жадалі прамаўляць слова «крызіс».

Кіраўніцтва завода тлумачыць большасць праблем знешнімі фактарамі: вінаватыя зніжэнне кошту нафты, Кітай, які «заваліў» сусветны рынак звыштанным металам, і саюзная Расея.

Са слоў намесніка дырэктара, завод збіраецца аптымізаваць вытворчасць, але на працоўных гэта не паўплывае. Летась прадпрыемства нават набірала новых людзей. Але ўжо перад Новым годам спыніліся некаторыя цэхі, а работнікаў пачалі адпраўляць у адпачынак або скарачаць заробкі. Афіцыйны прафсаюз на сітуацыю ніяк не рэагуе.

У сітуацыі вострай канкурэнцыі і падзення коштаў на асноўную прадукцыю завода ні кіраўніцтва прадпрыемства, ні галоўны акцыянер завода - дзяржава - не агучваюць ніякага антыкрызіснага плана, але некаторыя працоўныя ўсё ж захоўваюць аптымізм.

У справаздачы Міністэрства фінансаў за 3-і квартал 2015 БМЗ у тройцы лідараў стратных беларускіх прадпрыемстваў з вынікам мінус 636 млрд. беларускіх рублёў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках