24 красавiка 2024, Серада, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мітынг прадпрымальнікаў Гомеля: Гэта толькі першы крок нашых пратэстаў

69

Блізу трохсот ІП з найбуйнейшых рынкаў Гомеля сабраліся ў гандлёвым цэнтры «Сакрэт» на стыхійны мітынг.

Яны не на «вакацыях» - яны не выйшлі на працу, бо не маюць магчымасці працаваць.

Адміністрацыя гандлёвага цэнтра «Сакрэт» прымусіла прадпрымальнікаў падняцца на чацвёрты паверх, каб і бізнэсоўцы, і журналісты менш бачылі і менш здымалі пустыя гандлёвыя ралеты, паведамляе «Радыё Свабода».

Паводле падлікаў ініцыятараў сходу, на працу сёння выйшлі толькі 7 індывідуальных прадпрымальнікаў са 125, якія працуюць у «Сакрэце» і плацяць адзіны падатак. Прылеглыя да «Сакрэту» гандлёвыя рады Цэнтральнага рынку таксама спрэс пуставалі. У трох месцах прадавалі толькі дзіцячыя цацкі ды зімовыя буркі з галёшамі.

Адкрываючы супольны сход дробных бізнэсоўцаў, старшыня рады прадпрымальнікаў ГЦ «Сакрэт» Наталля Дасько заявіла:

«Паўтара года індывідуальныя прадпрымальнікі звярталіся да кіраўніцтва краіны з просьбай знайсці развязання дзеля таго, каб індывідуальны прадпрымальнік як выплатнік адзінага падатку мог працаваць у тым жа рэжыме, што і працаваў. Аднак за гэты перыяд кіраўніцтва нас так і не пачула. Ніякіх альтэрнатыўных прапаноў з боку кіраўніцтва не паступіла».

Індывідуальныя прадпрымальнікі мяркуюць, што кіраўніцтва краіны, увёўшы ўказ №222 у дзеянне без аніякіх паправак і зменаў, дапусціла вялікую памылку. На вуліцу толькі на Гомельшчыне выкінутыя блізу 28 тысяч дробных прадпрымальнікаў.

«Сёння мы сабраліся з сумнай нагоды — у нас няма працы. Няма працы ў нас, нашых дзяцей, сяброў. Калі раней яшчэ крыху зараблялі, то цяпер з гэткай сістэмай, з такімі мізэрнымі даходамі народу мы фактычна нічога не маем. І ўжо заўтра нам давядзецца ісці хоць куды, каб прасіць на кавалак хлеба», — дзеліцца сваімі адчуваннямі немаладая прадпрымальніца з Прывакзальнага рынку.

Святлана Калачова па прафесіі інжынер-чыгуначнік. Два дзесяцігоддзі займаецца прадпрымальніцтвам. Апошнім часам да яе далучылася і дачка. Калачова ўважае несправядлівым, што дзяржава «павесіла» на прадпрымальнікаў абавязак здабываць у той жа Расеі сертыфікаты якасці і таварна-транспартныя дакументы, якія б адпавядалі патрабаванням Мытнага саюзу. Не ўрад гэта вызначае, а прадпрымальнікі:

«Нам не трэба рызыкаваць сваёй галавою і сваім таварам. Мы хочам жыць і працаваць сумленна. Мы прывезлі тавар, прадалі, заплацілі падатак. Для інфармацыі. Людзі, мы плацім 5–6 мільёнаў адзінага падатку ў месяц. Толькі падатку! Расейцы плацяць адзіны падатак ад памеру гандлёвай плошчы. За такую, як у мяне — на 25 квадратных метраў, з такім жа, як у мяне, таварам — расейцы плацяць 50 даляраў. Я плачу 300 даляраў у эквіваленце. Ва Украіне — 8 даляраў».

На сходзе выступоўцы патрабавалі ад уладаў забяспечыць ім канстытуцыйнае права на працу, калі іх ужо сталі выціскаць з рынкаў і гандлёвых цэнтраў, абы дагадзіць буйному бізнэсу. Прынамсі, пра гэта заяўляла прадстаўніца Прудкоўскага рынку:

«Я хачу зьвярнуцца да ўраду і папрасіць забяспечыць нам права на працу — дайце нам яго альбо пакіньце нам яго. Мы знайшлі сябе, мы запатрабаваныя. У мяне шмат сваіх сталых пакупнікоў, якіх таксама мне нельга падводзіць. Я выбрала сваю дарогу і хачу ёю ісці далей як грамадзянка сваёй рэспублікі. Я не хачу з’яжджаць ані ў Расею, ані ва Украіну. Я хачу жыць дома».

Надзвычай эмацыйна на стыхійным сходзе выступіла прадпрымальніца са стажам з Прывакзальнага рынку спадарыня Тацяна.

«Усе сродкі ў прадпрымальнікаў укладзеныя ў тавар, які цяпер забараняюць рэалізоўваць без сертыфікатаў. Дзяржава іх канфіскуе, а пасля сама прадае без сертыфікатаў утрая даражэй. А прадпрымальнікі іншую адзінку тавару прадаюць са стратамі для сябе.

Я распрадаю тавар таму, што хачу хоць неяк выручыць укладзеныя ў яго грошы. Цяпер і пакупнікам нашым асабліва няма за што жыць. Дзетка просіць: «Саступі мне на майтках пяць рублёў» (пяць тысяч, вядома). Я, канечне саступаю. І маю з тых майтак тры рублі (тысячы) прыбытку. Гэта маё жыццё, гэта мае рэшткі. І яшчэ я хачу сказаць. Нашы гомельскія ўлады заяўляюць — я асабіста чула, што 80 адсоткаў прадпрымальнікаў атрымалі сертыфікаты якасці. Падыміце рукі, хто атрымаў? 80 адсоткаў нібыта атрымалі сертыфікаты — гэта аблвыканкам падаваў такія звесткі. Але ж ніхто, па сутнасці, запатрабаваных дакументаў не зрабіў. Я абышла сваіх дзяўчат — і ўсе складваюць лапкі. А ў Маскве апошні раз, калі я пыталася пра суправаджальныя дакументы да тавараў, мяне паслалі: «Ідзі, цётка, калі ты такая разумная». І шыльдачку павесілі: «Тупых беларусаў не абслугоўваем». Дык мы, выходзіць, у суседняй краіне — таксама нікчэмныя?»

Беларускія ўлады не адрэагавалі на прапановы прадпрымальнікаў наконт працягу мараторыю на ўвядзенне ўказу №222. І дробныя бізнэсоўцы, якія ў свой час выцягнулі сітуацыю, калі айчынная лёгкая прамысловасць не ў стане была адзець і абуць сваіх грамадзянаў, апынуліся на ўзбочыне.

Пра гэта кажа прадпрымальніца Галіна, у якой муж пасля інсульту не ў стане дапамагчы сям’і ў цяжкай эканамічнай сітуацыі:

«Не ведаем, што рабіць. Усе ў вялікай паніцы. Ёсць у мяне некаторы тавар нібыта і з дакументамі, ён у ралеце. Рэшткі без дакументаў завезла дадому. Але ўсё адно баюся выходзіць на працу, бо шалёныя штрафы. Дзе я вазьму 42 мільёны? Надзвычай страшна. Хочам, каб нас усё ж такі пачулі, разабраліся ў сітуацыі. Найперш трэба штосьці наважыць, каб мы працавалі. Такая грамада застаецца без працы — гэта проста страшна, проста страшна».

Сённяшні стыхійны сход многія прадпрымальнікі лічаць першым крокам на шляху пратэстаў.

Нагадаем, што з 1 студзені 2016 г. беларускія ІП масава спынілі гандаль. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі №222, прадпрымальнікі не змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. Да 1 студзеня 2016 года ім надавалася права рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь без суправаджальных дакументаў, паводле зарэгістраваных у падатковых органах вопісах рэшткаў.

500 прадпрымальнікаў рынку ў Полацку апоўдні 16 кастрычніка пачалі страйкаваць ў знак пратэсту супраць масавых праверак, якія праводзяць супрацоўнікі падатковай інспекцыі і АБЭЗ. Сустрэча з адміністрацыяй не прынесла вынікаў. У раённай падатковай інспекцыі прадпрымальнікаў папярэдзілі пра тое, што праверкі прадоўжацца. Полацкія ІП не выключаюць новых акцый пратэсту.

З пачатку студзеня 2016 года на пустуючых рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі праходзяць стыхійныя мітынгі прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках