25 красавiка 2024, Чацвер, 19:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Варонежцаў: Сістэмы бяспекі на БелАЭС наогул няма

4
Юрый Варонежцаў: Сістэмы бяспекі на БелАЭС наогул няма

Каб убудаваць атамную электрастанцыю ў энэргетычную сістэму Беларусі, спатрэбіцца яшчэ паўтара мільярда даляраў.

(Місія МАГАТЭ (IRRS) рэкамендуе Беларусі звярнуць увагу на ўдасканаленне захадаў рэагавання пры магчымым узнікненні надзвычайных сітуацый пры эксплуатацыі АЭС у Астраўцы.

«У якасці рэкамендацый, якія дала місія, - трэба стала імкнуцца да таго, каб рэгулятыўныя нормы эксплуатацыі АЭС былі прыведзеныя ў адпаведнасць з нормамі МАГАТЭ. Напрыклад, гэта датычыцца здольнасці рэагавання ў надзвычайных сітуацыях», - распавёў кіраўнік місіі, генеральны дырэктар фінскага рэгулютыўнага органа ў ядзернай і радыяцыйнай бяспекі STUK Петэры Тыіпана.

Місія IRRS працавала ў Беларусі з 2 да 14 кастрычніка.

Фізік, кандыдат тэхнічных навук, адказны сакратар Камісіі Вярхоўнага Савета СССР у разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзеянняў службовых асоб у пасляаварыйны перыяд Юрый Варонежцаў патлумачыў «Беларускай праўдзе», што азначаюць рэкамендацыі МАГАТЭ.

- МАГАТЭ прызнала, што існая сістэма не здольная гарантаваць бяспеку БелАЭС?

- Мяркуючы з усяго, сістэмы бяспекі наогул няма ніякай. Калі ў афіцыйных дакументах пішацца, што ў выпадку аварыі на АЭС радыус паражэння складзе ўсяго 3 кіламетры - проста смешна.

МАГАТЭ - спецыфічная арганізацыя, да рэкамендацый якой я стаўлюся з вялікай засцярогай. Але калі ўжо і МАГАТЭ акцэнтавала ўвагу на бяспецы, памнажайце яго занепакоенасць на каэфіцыент 10. Здарся, не дай Бог, катастрофа - паўторыцца Чарнобыль. Грукнуўся корпус рэактара на БелАЭС - праз які час мы даведаліся пра гэта?..

- Вас не насцярожвае аператыўнасць, з якой «Атаммаш» робіць замену пабітаму корпусу рэактара?

- На жаль, мы не валодаем усёй паўнатой інфармацыі. Магчыма, «Атаммаш» рабіў корпус рэактара іншаму заказчыку, але праз абставіны аддае БелАЭС. Таму што зрабіць на замену іншы корпус рэактара з такой хуткасцю немагчыма: гэта штучны тавар, які робіцца дастаткова доўга.

- Наколькі зменяцца тэрміны будаўніцтва БелАЭС праз тое, што адбылося НЗ з корпусам?

- Яшчэ да пачатку будаўніцтва спецыялісты казалі, што тэрміны будаўніцтва БелАЭС цалкам нерэальныя. Нагадаю, што фіны будуюць трэці энэргаблок на АЭС Алкілуота з 2005 года. Дык гэта фіны - са сваёй дысцыплінай і тэхналогіямі! Яны ўжо пераносілі тэрміны ўвядзення трэцяга энэргаблока ў эксплуатацыю чатыры разы, і не факт, што у 2018 годзе рэактар запрацуе. 13 гадоў!

Наогул я не ўзгадаю, каб хоць адзін новы рэактар быў уведзены ў эксплуатацыю ў першапачаткова запланаваныя тэрміны.

Лепш бы і БелАЭС ніколі не пабудавалі.

- А афіцыйны Менск гатовы давесці да лагічнага завяршэння будоўлю?

- Беларускія ўлады і логіка - рэчы абсалютна несумяшчальныя. З аднаго боку, кажуць аб неабходнасці будаўніцтва АЭС, з другога - аб энэргазберажэнні, аб мадэрнізацыі ўжо наяўных магутнасцяў. Больш за тое, чуюцца галасы: давайце ці ледзь не ў вёсцы пусцім электрычныя аўтобусы. Лухта сабачая з усіх бакоў даносіцца - пэўнай сістэмы ў заявах і справах не праглядаецца.

- Місія МАГАТЭ сфармулявала 25 рэкамендацый. Ці ёсць у беларускіх уладаў магчымасці для іх выканання?

- Першапачаткова прагназавалася, што БелАЭС абыдзецца досыць танна - у 12-14 мільярдаў даляраў.

Калі ствараць эфектыўную сістэму бяспекі, у будаўніцтва БелАЭС трэба ўкласці як мінімум яшчэ некалькі соцень мільёнаў даляраў. Больш за тое, трэба яшчэ будаваць станцыі (пра гэта кажуць нават топ-мэнэджары краіны), якія будуць балансаваць расход электраэнэргіі. Як высветлілася, атамны рэактар - не мабільны з пункту гледжання вар'явання магутнасцяў: як запусцілі, так тупа і гоніць адну і тую ж магутнасць. А каб убудаваць атамную электрастанцыю ў энэргетычную сістэму краіны, трэба яшчэ паўтара мільярда даляраў на будаўніцтва станцый, якія будуць кампенсаваць ваганні.

Акрамя таго, трэба будаваць лініі электраперадач, разлічаныя на магутнасці АЭС, якіх у Беларусі няма.

Краіне, дзе пенсіянеры атрымліваюць 100 еўраў, такія рэчы проста не па кішэні.

Нагадаем, пра чарговае надзвычайнае здарэнне на Бел АЭС, калі 330-тонны корпус рэактара ўпаў з 2-4-метровай вышыні, стала вядома 25 ліпеня. Хоць само надзвычайнае здарэнне адбылося яшчэ 10 ліпеня. 26 ліпеня Мінэнэрга пацвердзіла факт НЗ з корпусам рэактара на Бел АЭС. Вось толькі сцвярджае са спасылкай на генеральнага падрадчыка, што адбылося не «абвальванне рэактара пры яго ўсталяванні ў рэактарнае аддзяленне», а няштатная рэакцыя на пляцоўцы захоўвання рэактара.

Пазней генеральны падрадчык будоўлі «БелАЭС» - «Атамбудэкспарт» заявіў, што на корпусе проста «сцерлася фарба».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках