18 красавiка 2024, Чацвер, 23:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса стала самай працяглай з 2007 года

3
Акцыя ў падтрымку Эдуарда Пальчыса стала самай працяглай з 2007 года
Фота: «Радыё Свабода»

Пікетаванне суда прадоўжыцца да канца судовага працэсу над Эдуардам Пальчысам.

За чатыры дні закрытага суда над заснавальнікам і аўтарам сайта 1863x.com Эдуардам Пальчысам міліцыянты склалі блізу 40 пратаколаў на пікетоўцаў, якія стаяць пад сценамі Менскага гарадскога суда. Такой увагі да працэсу не чакаў ні сам Эдуард, ні ягоныя бацькі, ні жонка. А лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч кажа, што гэта самая працяглая акцыя падтрымкі з 2007 года.

Штодня да 10-й раніцы да Менскага гарадскога суду, як на працу, прыходзіць блізу дзясятка чалавек, паведамляе «Радыё Свабода». Яны скандуюць лозунгі ў падтрымку Пальчыса цягам усяго пасяджэння - да 17 гадзін.

Праз пяць хвілін з суду Фрунзенскага раёна, які месціцца ў адным будынку з Менскім гарадскім судом, выходзяць два міліцыянты і складаюць пратаколы. Усё адбываецца паводле аднаго сцэнару ўжо чацвёрты дзень запар.

«Нас чуе Эдуард, чуе адвакат, чуе суддзя, чуе пракурор, - кажа сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, які прыходзіць да суда кожную раніцу. - Я заходзіў у суд па позву і бачыў вочы супрацоўнікаў. У іх поглядах сумесь страху і павагі. Ім цікава, што адбудзецца далей».

За чатыры дні скандавання ў Севярынца сеў голас. Як раз сёння лідар прадпрымальнікаў Алесь Макаеў прынёс мегафон і пікетоўцы сталі звяртацца да супрацоўнікаў суда.

«Вы судзіце чалавека, які з'яўляецца патрыётам Беларусі, - кажа Севярынец суддзі ды пракурору. - Тое, што вы робіце - гэта злачынства перад беларускім народам».

Такой акцыі падтрымкі не чакаў ні сам Эдуард Пальчыс, ні ягоная жонка. Вікторыя Пальчыс успамінае словы Эдуарда аб тым, што пра яго ўсе хутка забудуць. Маўляў, пасля таго, як у СМІ патрапіць інфармацыя пра яго, Пальчыса паабмяркоўваюць два-тры дні, а праз тыдзень аб ім ужо ніхто не будзе ўспамінаць.

«Таму што так працуе інфармацыйнае поле - нават самыя важныя навіны забываюцца праз некалькі дзён, - цытуе Вікторыя Пальчыс свайго мужа. - Пра такую падтрымку ён нават не думаў. Я таксама не чакала, што людзі будуць збірацца каля суду і стаяць там увесь час. Гэта шок для мяне».

Таксама і бацька Аляксандр Пальчыс не разлічваў на такую падтрымку ягонага сына. Ён думаў, што пікет скончыцца ўжо праз 30-40 хвілін яшчэ ў першы дзень суда.

«Для нас прыемная нечаканасць, што так годна адрэагавала свядомая частка беларускага грамадства, - сказаў Аляксандр Пальчыс. - Наша бацькоўскі дзякуй і павага людзям, якія на такім холадзе на вуліцы ля суду. Гэта вельмі цяжкая праца».

За чатыры дні закрытага суда на пікетоўцаў склалі ўжо блізу 40 пратаколаў. Але ні затрыманняў, ні правакацый на іх адрас не было.

«Таму што ў іх ёсць загад не затрымліваць, - кажа Севярынец. - Раней такога не было - усіх проста забіралі. А цяпер людзі бачаць, што процьма міліцыі, АМАПу, а мы стаім са сцягамі і скандуем. Гэта ўжо нейкая раўнавага».

Са словаў Зміцера Дашкевіча, такой працяглай акцыі салідарнасці ён не можа ўспомніць з 2006-2007 гадоў.

«Мяне судзілі цягам трох-чатырох дзён у 2006 годзе. І пад судом былі сотні людзей, - кажа Дашкевіч. - Далей была «Справа пецярых» у 2007 годзе. Тады таксама пару дзён людзі стаялі».

Удзельнікі акцыі салідарнасці з Пальчысам плануюць прадаўжаць пікетаванне да канца судовага працэсу.

«Нас рэжым змушае, - кажа Дашкевіч. - Так бы мы сядзелі на судзе. Але ён закрыты».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках