28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа палітвязня Уладзіміра Кондруся накіраваная ў суд

Справа палітвязня Уладзіміра Кондруся накіраваная ў суд
УЛАДЗІМІР КОНДРУСЬ
ФОТА: ПЦ «Вясна»

Адвакат Кондруся Вадзім Мушынскі і маці Галіна Васільеўна распавялі, што Уладзімір пакуль яшчэ знаходзіцца ў лякарні.

Але следства ўжо скончылася, і матэрыялы ягонай справы накіраваныя ў суд.

Падрабязнасці самой справы Вадзім Мушынскі каментаваць не можа - ён даваў падпіску пра неразгалошванне. Але пра тое, як сябе адчувае сам палітвязень Уладзімір Кондрусь, адвакат трохі распавёў.

«Апошні раз я бачыў Уладзіміра тыдні тры таму - у канцы верасня. Ён быў пад вартай - у менскім следчым ізалятары на Валадарцы. Кондрусь яшчэ праходзіў нейкую там рэабілітацыю, быў у санчастцы, але ён ужо набраў вагу трохі, ужо сам хадзіў, нармальна размаўляў. Усё ў парадку было. Наколькі мне вядома, ніякіх звышжорсткіх наступстваў галадоўка не дала... Ва ўсякім выпадку, ён мне нічога пра гэта не казаў», - распавёў nn.by Вадзім Мушынскі.

Бацькі Кондруся вельмі хацелі, каб сына адпусцілі дадому пад падпіску. Але, кажа адвакат, такое хадайніцтва яны з Кандрусам пакуль не заяўлялі.

«Можа, паспрабуем у судзе... Пакуль не ведаю. Бацькі Уладзіміра заяўлялі такое хадайніцтва, але ніхто яго не задаволіў, улічваючы цяжар злачынства, у якім абвінавачваюць іх сына, - сказаў Мушынскі. - Сам Кондрусь падчас нашых сустрэч быў спакойны. Ён гатовы да ўсяго. Думаю, ён ведае практыку такіх спраў і ўяўляе, чым гэта можа скончыцца».

Следства ў справе ўжо скончылася. Матэрыялы перадалі ў суд.

«Чым скончыцца суд, я прагназаваць не буду. Можа быць усё, што заўгодна», - сказаў Вадзім Мушынскі.

Бацькі Уладзіміра бачылі сына толькі адзін раз - калі ён быў яшчэ ў вельмі цяжкім стане.

«Потым яны некалькі разоў пісалі заявы, прасілі спаткання, і я прасіў у следства, каб ім дазволілі...Але нам і не адказвалі «не», і не адказвалі «так» - маўляў, хай бацькі пішуць заявы, мы будзем разглядаць...А калі заявы пісаліся, то ўжо адказвалі, што матэрыялы перадаюцца ў суд, звяртайцеся туды, ці ў пракуратуру...Прасцей кажучы, спатканне ніхто не даў», - распавёў Мушынскі.

Але бацькі Уладзіміра абменьваюцца з сынам лістамі.

«Так, спаткання нам не далі...Але лісты пішам. Уладзімір есць нармальна, набірае вагу нядрэнна...Пісаў, што набраў 10 кілаграмаў, - распавяла мама Галіна Васільеўна. - Але дакладна не ведаю, мы ж не бачылі яго. Да таго ж, піша, там з печанню пэўныя праблемы засталіся пасля галадоўкі...Але агулам, піша, усё нармальна».

На сённяшні дзень Уладзімір знаходзіцца ў рэспубліканскім турэмным шпіталі, што на Валадарцы, паведаміла маці Уладзіміра.

«Тыдзень таму ён яшчэ ляжаў у лякарні. Мы тады ездзілі перадаваць перадачу. Ён ужо іх бярэ, не адмаўляецца, - сказала Галіна Васільеўна. - Дазволена перадаваць 30 кілаграмаў на месяц, вось мы і возім яму час ад часу. Але сына яшчэ не бачылі. Убачымся ўжо на судзе».

Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за ягоны меркаваны ўдзел у падзеях каля Дому ўраду падчас «выбараў» прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», згодна з якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў следчым ізалятары №1 г. Менска.

Бацькі, сястра і адвакат Уладзіміра не могуць распавесці СМІ падрабязнасці справы - яны далі падпіску пра неразгалошванне.

Сам Уладзімір амаль два месяцы адмаўляўся ад ежы, пасля чаго стан ягонага здароўя моцна пагоршыўся: ён не мог нават самастойна хадзіць.

Бацькі Уладзіміра Кондруся саромеюцца прасіць аб фінансавай дапамозе, але аплачваць адваката пенсіянерам няпроста.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках