29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мясакамбінат выйграў суд у гомельскага сайта за фота каўбасы

7
Мясакамбінат выйграў суд у гомельскага сайта за фота каўбасы

Эканамічны суд Гомельскай вобласці 26 кастрычніка вынес пастанову на карысць мясцовага мясакамбіната.

Прадпрыемства судзілася з «Цэнтрам рэгіянальнага развіцця ГДФ» - заснавальнікам сайта gomel.today.

Нагодай для суду стаў артыкул, апублікаваны на сайце «Фотафакт»: паесці і жывот пагладзіць»: на Гомельскім мясакамбінаце зрабілі каўбасу са шкурай і поўсцю ўнутры». Сайт апублікаваў фатаграфію кавалка каўбасы, у якім бачна скура і поўсць. Сам здымак спачатку з'явіўся ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте», адзін з карыстальнікаў напісаў, што купіў такую прадукцыю, зробленую на Гомельскім мясакамбінаце.

Навіна мела больш за 20 тысяч праглядаў і шырока абмяркоўвалася ў інтэрнэце. Прадстаўнік ААТ «Гомельскі мясакамбінат» патэлефанаваў у рэдакцыю і паведаміў, што гэткі гатунак каўбасы не вырабляецца з 2015 года. Да таго ж, на фота не відаць этыкеткі мясакамбіната.

Аўтар фота пацвердзіў, што здымак быў зроблены летась. Але кіраўніцтва прадпрыемства наважыла падаць у суд, каб абараніць сваю дзелавую рэпутацыю.

Як паведамляе Радыё «Свабода», у судзе прадстаўнік мясакамбіната заявіў, што няма довадаў таго, быццам каўбаса са скурай і поўсцю на самай справе была выпушчаная на іх прадпрыемстве.

Адказчык намагаў на тым, што іх сайт не з'яўляецца непасрэднай крыніцай інфармацыі і ацэнкі якасці прадукцыі мясакамбіната - гэта зрабіў чытач сайта.

Суд прызнаў правату мясакамбіната. Цэнтр рэгіянальнага развіцця павінен надрукаваць на сайце зняпраўджанне, прынесці прабачэнні і кампенсаваць мясакамбінату судовыя выдаткі сумаю 420 рублёў. Пастанова пакуль не ўвайшла ў законнае дзеянне.

Стваральнікі сайта gomel.today плануюць абскардзіць прысуд.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках