28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эдуарда Пальчыса вызвалілі ў зале суда

38
Эдуарда Пальчыса вызвалілі ў зале суда
Эдуард Пальчис
Фото: «Радыё Свабода»

Вызваленне блогера адбывалася пад скандаванне «Жыве Беларусь!».

У Менскім гарадскім судзе сёння вынеслі прысуд блогеру Эдуарду Пальчысу (Джону Сільверу, стваральніку сайта 1863x.com).

На абвяшчэнне прысуду прыйшло блізу 100 чалавек, у тым ліку каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель, лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі БХД Павал Севярынец, актывісты Павал Юхневіч, Антон Матолька, Ігар Лосік, паведамляе «Радыё Свабода».

Абвяшчэнне прысуду адбывалася ў дзень нараджэння Эдуарда Пальчыса, якому сёння споўнілася 26 гадоў.

Суд пачаўся 14 кастрычніка і праходзіў у закрытым рэжыме.

Пракурор патрабаваў асудзіць Пальчыса на 3,5 гады зняволення.

У выніку стваральніка сайта 1863x.com прысудзілі да 1 году і 9 месяцаў «хатняй хіміі» без накіравання ў калонію.

Пасля зачытвання прысуду Эдуарда Пальчыса вызвалілі з жалезнай клеткі на радасць усім, хто сабраўся ў зале суда. Людзі скандавалі «Жыве Беларусь!», разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі.

Пальчыса вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

ФОТА: «Радыё Свабода»

Пасля таго, як Пальчыса вызвалілі, людзі віталі яго воклічамі «Жыве Беларусь!» і віншавалі з днём нараджэння.

Эдуард Пальчыс падзякаваў усім у калідоры суда за падтрымку.

«Я не ўважаю сябе за героя. Гэта зрабілі вы. Тое, што вызвалілі мяне, - гэта ваша заслуга, тых, хто пісаў пра гэта. Мы будзем змагацца за ўсіх. Людзі не павінны сядзець за палітыку». Эдуард таксама выказаў спачуванне ўсім родным і блізкім забітага журналіста Паўла Шарамета.

Пасля выхаду на волю Пальчыс сфатаграфаваўся на вуліцы з актывістамі, якія прадаўжалі пікетаваць будынак суда.

ФОТА: «Радыё Свабода»

Эдуарда Пальчыса судзілі за ягоныя публікацыі: у дзевяці з іх суд знайшоў «экстрэмізм», а ў адной - «распаўсюд парнаграфіі».

Крымінальную справу на Пальчыса распачалі яшчэ ў 2015 годзе. Увосень таго года ён выехаў ва Украіну, але затым, са словаў жонкі, наважыў вярнуцца ў Беларусь. Ён меркаваў, што яго могуць затрымаць на ўкраінска-беларускай мяжы, а таму паехаў праз Расею, дзе і быў затрыманы.

23 студзеня 2016 года Пальчыса змясцілі ў следчы ізалятар Бранскай вобласці ў Расеі. У чэрвені яго экстрадавалі ў Беларусь.

Падчас усяго судовага паседжання беларускія патрыёты праводзілі пад сценамі Менскага гарадскога суда акцыю з патрабаваннем вызваліць блогера. Кампанія ў падтрымку Пальчыса стала самай працяглай акцыяй апазіцыі пасля 2007 года.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках