24 красавiка 2024, Серада, 16:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эдуарда Пальчыса прызналі палітвязнем

3
Эдуарда Пальчыса прызналі палітвязнем
Эдуард Пальчыс

Беларускія праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі неадкладнага вызвалення новага палітвязня.

Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый што да крымінальнага пераследу блогера Эдуарда Пальчыса, апублікаванай на сайце spring96.org.

Сайт charter97.org прыводзіць тэкст заявы цалкам.

Рэдактар сайта 1863х.com Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў паводле ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч.2 арт.343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У лістападзе 2015 г Эдуард Пальчыс быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у рамках распачатай справы і пазней вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, пасля чаго ён пераехаў ва Украіну. У студзені 2016 года Э. Пальчыса затрымалі ў Расейскай Федэрацыі і ў канцы траўня 2016 г экстрадавалі ў Беларусь, дзе ён быў узяты пад варту.

25 жніўня 2016 году суд Цэнтральнага раёна г.Менска разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, якія былі размешчаны на гэтым сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

Праваабаронцы намагалі на неабходнасці правядзення незалежнага аналізу тэкстаў Э. Пальчыса і не выключалі палітычнага матыву ягонага крымінальнага пераследу.

Прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый з прыцягненнем спецыялістаў у розных галінах навукі быў праведзены аналіз 9-ці тэкстаў, размешчаных на сайце 1863х.com, якія ў судовым парадку былі прызнаныя экстрэмісцкімі, і ў якіх, паводле следства, змяшчаецца інфармацыя, якая распальвае расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць.

Паводле вынікаў гэтага аналізу мы адзначаем наступнае.

У адпаведнасці з арт. 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк альбо мастацкія формы выражэння ці іншым шляхам на свой выбару.

Карыстанне гэтым правам накладае асаблівыя абавязацельствы і асаблівую адказнасць. Гэта права, адпаведна, можа быць звязанае з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з'яўляцца неабходнымі:

а) для павагі і рэпутацыі іншых асоб;

б) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

ўтрымліваюцца ў арт.20 Пакта, які забараняе прапаганду вайны, выступы на карысць нацыянальнай, расавай, рэлігійнай нянавісці, а таксама выступленні, якія ўяўляюць сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці ці гвалту.

Улічваючы гэтыя ўстаноўленыя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркавання, пры аналізе тэкстаў, якія былі размешчаны на сайце 1863х.com, даследчыкам трэба было ўстанавіць, ці трапляюць гэтыя матэрыялы пад дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркавання.

У выніку аналізу даследчыкі прыйшлі да высновы, што змешчаная ў 9-ці артыкулах інфармацыя не ўтрымлівае прыкмет заклікаў да вайны, гвалту або выступаў на карысць расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку або здароўю і маральнасці насельніцтва. Матэрыялы ўяўляюць сабой нішто іншае, як думкі аўтара аб тых ці іншых гістарычных падзеях, фактах, утрымліваюць крытычныя заўвагі аб геапалітычных канцэпцыях і замежнай палітыкі некаторых дзяржаў. Аўтар не меў на мэце прыніжэнне прадстаўнікоў нейкіх канкрэтных нацыянальнасцяў, этнічных ці расавых груп.

Варта адзначыць, што ў гэтай сітуацыі менавіта аналіз кантэксту [1] мае вельмі важнае значэнне для ацэнкі таго, ці сапраўды канкрэтнае выказванне падахвочвае да дыскрымінацыі, варожасці ці гвалту. Кантэкстуальны аналіз павінен змясціць выказванне ў сацыяльны і палітычны кантэкст, які пераважаў у той момант, калі гэта выказванне было зробленае ці распаўсюджвалася.

У сувязі з гэтым мы мяркуем, што матэрыялы аўтарства блогера Эдуарда Пальчыса, якія былі размешчаны ў 9-ці артыкулах на сайце 1863х.com, з'яўляюцца дапушчальнай формай выказвання свайго меркавання і, адпаведна, не могуць пераследвацца ў крымінальным парадку.

У той жа час мы адзначаем, што карыстанне свабодай выказвання меркавання накладае ў тым ліку і асаблівыя абавязкі і адказнасць, у тым ліку маральную і сацыяльную. Забарона распаўсюджвання малюнкаў і матэрыялаў парнаграфічнага характрау з'яўляецца дапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання і мае на мэце абарону маральнасці насельніцтва. Аднак пры гэтым мы мяркуем, што разавае выкарыстанне ілюстрацыі з парнаграфічным малюнкам, якое, на думку Э. Пальчыса, павінна было прадэманстраваць карыстальнікам рэсурсу 1863х.com недапушчальныя падыходы да падачы інфармацыі некаторымі вэб-рэсурсамі, з'яўлялася недальнабачным крокам, але не павінна стаць падставай для прызначэння пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. У гэтым выпадку Э. Пальчыс не пераследаваў карыслівыя ці якія-небудзь іншыя гнюсныя мэты. Аналіз праваўжывальнай практыкі ў некаторых падобных рэзанансных выпадках сведчыць, што пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да іх судамі не ўжывалася.

На нашу думку, суд павінен улічыць матывы дзеянняў Э. Пальчыса пры разглядзе гэтай крымінальнай справы.

Мы мяркуем, што ў крымінальным пераследзе Э. Пальчыса ёсць палітычны матыў уладаў, які мае на мэце спыненне ягонай публічнай дзейнасці або прымус да змены яе характару.

У сувязі з гэтым мы заяўляем:

утрыманне пад вартай Эдуарда Пальчыса і ягоны палітычна матываваны пераслед з боку беларускіх уладаў дазваляе кваліфікаваць блогера як палітычнага зняволенага.

Патрабуем:

- Вызваліць Эдуарда Пальчыса з-пад варты, паколькі забеспячэнне ягонага прыходу ў суд можа быць гарантаванае і іншымі мерамі стрымання, не звязанымі з ізаляцый абвінавачанага;

- Спыніць крымінальную справу ў дачыненні да Эдуарда Пальчыса паводле ч.1 арт.130 КК Рэспублікі Беларусь;

- Забяспечыць правядзенне адкрытага судовага працэсу з захаваннем усіх гарантый справядлівага судовага разбору.

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Цэнтр прававой трансфармацыі

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»

Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках