18 красавiка 2024, Чацвер, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

210 гадоў таму нарадзілася беларуская Жанна д'Арк – Эмілія Плятэр

10

Гераіня нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-31гадоў з'явілася на свет 13 лістапада 1806 года.

У Літве і Польшчы ейную выяву можна ўбачыць на нацыянальнай валюце. І нават адзін з сартоў далікатнай кветкі клемаціса названы ў яе гонар. Гаворка - пра Эмілію Плятэр, удзельніцу паўстання 1830-31 гадоў, «беларускую Жанну д'Арк», «польскую Панну», «літвінку Плятэр». Сёлета спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння графіні Эміліі Броэль-Плятэр (Broel-Plater).

Нарадзілася Эмілія - будучы сімвал адданасці ідэі нацыянальнага адзінства - у 1806 годзе ў горадзе Вільні. Ейныя бацькі Францішак Ксаверы Плятэр і Ганна Моль не вельмі ладзілі між сабой, і яшчэ ў дзяцінстве Эмілія разам з маці пераязджае ў адзін з шматлікіх маёнткаў Плятэраў - у Ліксну Дынабуржскага павета Віцебскай губерні (цяпер гэта тэрыторыя Латвіі). Тут была вялікая бібліятэка, і з кнігай Эмілія бавіла больш часу, чым за гульнямі. Сярод ейных улюбёных навук былі матэматыка і гісторыя, а з герояў - Тадэвуш Касцюшка і Жанна д'Арк. Пасталеўшы, Эмілія пад уплывам філаматаў захапілася беларускім фальклорам. Ва ўспамінах Максіміліяна Маркса, ураджэнца Віцебска, захавалася унікальнае апісанне захаплення юнай графіні: яна збірала і спявала беларускія песні і нават сама спрабавала складаць «штосьці падобнае». Таксама Эмілія любіла выконваць танцы беларускага люду, і асабліва «Лепятуха» ў ейным выкананні была прыгажэйшая за ўсіх!. А яшчэ «свавольная і мілая графіня» ўмела галасіць - у такой унікальнай форме аплакваюць сваіх блізкіх вясковыя людзі. «Спеў гэты жаласны, тужлівы, горкі, выкліканы сардэчным болем, - піша Маркс, - імправізаваны з канкрэтнай нагоды, падобны да выцця, якое нельга перадаць. Аднак той, што ўсім сэрцам палюбіла просты люд, удавалася гэта зрабіць, і яна (Эмілія) гучным голасам пачала:

- Авой, авой, дзяцюк ты мой! Не на радасць, не на шчасце ты радзіўся...

І ўсе бядоты, усе пакуты жыцця беларускага селяніна былі тут падрабязна пералічаныя ёю, дакладна і прачула выказаныя... Музыка рукамі выціраў слёзы, а я стаяў анямелы...».

1830 год. Самаўпраўная палітыка Аляксандра І у дачыненні да Рэчы Паспалітай, каранацыя імператара Нікалая І каралём Польшчы выклікаюць абурэнне польскіх, беларускіх і літоўскіх патрыётаў, якія марылі адрадзіць сваю радзіму ў межах 1772 года. 29 лістапада пачынаецца паўстанне ў Варшаве. Як толькі Эмілія даведваецца аб пачатку вызваленчага руху, яна тут жа аб'язджае найбліжэйшых сваякоў і знаёмых з заклікам пачаць падрыхтоўку паўстання ў Літве і Беларусі. Разам з стрыечным братам яна нават распрацоўвае план захопу Дынабуржскай цытадэлі. Нягледзячы на тое, што грандыёзным планам не выпала ажыццявіцца, у Эміліі ейнае асяроддзе прызнае сапраўдную лідарку. Яе пасвячаюць ў рыцары-Панны паводле ўсіх старадаўніх абрадаў. 29 сакавіка 1831 года дзяўчына з'яўляецца на плошчы мястэчка Дусятаў і заклікае людзей узняцца на барацьбу супраць ворагаў веры і Айчыны. Як пішуць сведкі, з дапамогай аднадумца Люцыяна Вайсэнгофа за чвэрць гадзіны яна здолела сабраць аддзел колькасцю 280 стралкоў, 60 конных і некалькі соцень касінераў. Можна сказаць, што Эмілія становіцца «сцягам вызвалення» на тэрыторыі ВКЛ.

На наступны дзень новаствораны аддзел нападае на паштовую станцыю Даўгелі і разбівае невялікі расейскі аддзел. Прамінае некалькі дзён - і паўстанцы, злучыўшыся з сіламі генерала Шырмана, бяруць ужо мястэчка Езяросы.

Эмілія набыла сваю баявую славу не толькі адной адвагай, але вайсковымі ўменнямі: яна была выдатнай конніцай, добрым стралком і фехтавальніцай. Спалучэнне гэтых баявых талентаў з ейнай мужнасцю, сумленнасцю, дабрынёй і, чаго хаваць, прывабным выглядам - і стала прычынай павагі і любові да яе як вайсковых, так і простых людзей. «Прастэча, ветлівасць, адкрытасць, і ў той жа час усім было відаць, што дзяўчына - шляхетнага роду. Таму ў войску ні ў каго нават у думках не ўзнікла дапусціць у ейны бок недарэчны жарт, нават схібіць у ветлівым абыходжанні», - абапіраючыся на ўспаміны Ігната Дамейкі, вайсковага таварыша Плятэр, каментуе стаўленне да патрыёткі Яраш Малішэўскі. Не выпадкова ейны прыклад стаўся натхняльным для іншых дзяўчат: Марыя Рамановіч, Антаніна Тамашэўская, ад'ютант Плятэр - Марыя Прушынская... - у «польскім паўстанні» графіня Плятэр не была адзінай жанчынай. І тым не менш менавіта ейная імя абышло ўсю Еўропу як сімвал мужнасці і адданасці Радзіме.

Жанчына-капітан

Калі войскі, у якіх служыла Плятэр, злучыліся з рэгулярным польскім войскам генерала Хлапоўскага, ёй прапанавалі стаць ганаровым камандзірам 1-й роты 25-га лінейнага палка паўстанцкай арміі з наданнем рангу капітана. Небывалы выпадак для жанчыны! Па прыбыцці Эміліі ў Коўна вядомая знаёмка Адама Міцкевіча панна Кавальска дае баль у ейны гонар. Аднак балі зноў змяняюцца бітвамі. 19 чэрвеня - бой пад Вільняй, пік паўстання, дзе, нягледзячы на адвагу, паўстанцы цярпяць паразу і нясуць вялікія страты. 8 ліпеня - бой пад Шаўлямі, дзе мужнасць капітана Плятэр адзначаецца генералам Гелгудам у рапарце, аднак хада падзей ужо пераламалася - смеласці Плятэр і ў цэлым паўстанцкіх войскаў для поспеху вызваленчага руху становіцца ўжо недастаткова. 9 ліпеня вайсковая рада прымае пастанову падзяліць войска на тры часткі і рухацца ў розных кірунках.

Калі Эмілія даведваецца, што частка пад кіраўніцтвам Хлапоўскага, у якой яна знаходзіцца, плануе адступаць у Прусію, яна адмаўляецца падпарадкоўвацца загаду. «Лепей загінуць з гонарам, чым скончыць такой ганьбай!» - цытуюць ейныя словы гісторыкі. Яна пакідае войскі і накіроўваецца ў Варшаву, дзе разлічвае далучыцца да частак, якія яшчэ працягваюць барацьбу. Але ейным намерам не было наканавана ажыццявіцца. Падчас стомнага паходу капітан захворвае. Голад, холад, ваенная жыццё ў цэлым адбіліся на здароўі дзяўчыны. Сябры пакідаюць Эмілію ў прыдарожнай сялянскай хаце. Пазней яе, хворую, перанясуць у маёнтак бедных шляхцічаў Абламовічаў, дзе пад «легендай» новай настаўніцы для дзяцей яна пражыве рэшту сваіх дзён. Мяркуецца, што астатняй кропляй у барацьбе ейнага духу з хваробай стала вестка аб узяцці царскімі войскамі Варшавы і паразе паўстання. 23 кастрычніка 1831 года, на парозе свайго 25-годдзя, Эмілія Плятэр сыходзіць з жыцця. Даведаўшыся пра ейную гісторыю, Адам Міцкевіч напіша верш, які праславіць шляхцянку з Вільні на ўсю Еўропу. І будзе ён называцца «Смерць палкоўніка».

Спадчына

Сёння на тэрыторыі Беларусі ад нерухомасці Плятэраў захаваўся маёнтак у Опсе. Добра захавалася капліца-пахавальня Плятэраў у вёсцы Ахрэмаўцах Браслаўскага раёна (раней вёска насіла назву Бяльмонты). Сама сядзіба, на жаль, не ацалела, аднак у параўнальна нядрэнным стане знаходзіцца парк. Вось, бадай, і ўвесь след Эміліі Плятэр на беларускай зямлі. Ні помніка, ні памятнага знака ў Беларусі, адрозна ад іншых краін, у ейны гонар пакуль не ўсталявалі, нагадвае aif.by.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках