24 красавiка 2024, Серада, 10:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Луканоміка ў пастцы

34
Луканоміка ў пастцы
КРЫНІЦА: LIFETRUMYLENS.COM

Галоўны баласт здаровых сіл у Беларусі – сам Лукашэнка.

Чаму ў Беларусі, дзе нават афіцыйныя эканамісты кажуць пра неабходнасць эканамічных рэформаў, іх не праводзяць? Могуць выцягнуць беларускую гаспадарку камп'ютарная сфера і малы бізнэс?

На гэтыя і іншыя пытанні «Радыё Свабода» адказалі эканамісты Зміцер Крук і Леанід Злотнікаў.

- Беларуская эканоміка будзе расці не больш чым на адзін адсотак за год, калі ўлады не будуць праводзіць рэформаў. Такі прагноз апублікаваў даследчы інстытут Міністэрства эканомікі. Ці згодныя вы з такой ацэнкай гэтага інстытута?

Крук: Фактычна - згодны. Але часта афіцыйныя ацэнкі не паспяваюць за рэальнасцю. Тое, аб чым гавораць у гэтай справаздачы, незалежныя даследчыя цэнтры казалі ўжо некалькі гадоў таму. Але перспектыва нават горшая, сёння ёсць падставы, што спад будзе прадаўжацца. І нават адзін адсотак доўгатэрміновага росту не выглядае гарантаваным. Я б не сказаў, што гэта першы «афіцыйны» голас аб неабходнасці рэформаў. Дыскусія ўжо пераспела і нават губляе сэнс. І гэта не новая з'ява. У 2012 годзе тагачасны міністр эканомікі Снапкоў прадстаўляў прыблізна такія ж лічбы, і казаў, што мы без рэформаў імкліва губляем канкурэнтаздольнасць. Усё так і адбылося, эканоміка страціла многае, перспектывы ўсё пагаршаюцца.

- Тады ў чым затрымка? Калі ўсе кажуць аб рэформах (і дзяржаўныя, і незалежныя эканамісты, і нават чыноўнікі), хто тады супраць?

Злотнікаў: Гэта вядома. Рэформаў не хоча Лукашэнка. Ён не разумее, што існая мадэль ужо ніяк не можа рухацца наперад. У ягоным разуменні проста трэба падабраць нейкіх адказных і моцных людзей, паставіць перад імі паказчыкі, і яны выведуць краіну наперад. Колькі гадоў ён даводзіць, што рэформы не дапамогуць, яны не патрэбныя, і ён верыць у гэта. Лукашэнка не ўспрымае каштоўнасці рынкавай эканомікі і дэмакратычнага грамадства.

Лукашэнка некалі сказаў, што калі бізнэсу аддаць адзін палец, то ён адгрызе ўсю руку. Сістэма, якую ён стварыў у Беларусі, не можа існаваць у іншай эканамічнай мадэлі. Таму альбо рынкавыя дачыненні і ўлады адыходзяць ад кіравання эканомікай. Што тады будзе рабіць уся вертыкаль улады? Яна застаецца без функцыяй у гэтай новай сістэме.

- Магчыма, беларускія ўлады спадзяюцца, што нафта зноў паднімецца ў кошце, і традыцыйныя беларускія галіны зноў «аздаровяцца». Навошта праводзіць нейкія падазроныя і небяспечныя рэформы?

Крук: Нават калі кошты нафты вырастуць, гэта не выратуе беларускую эканоміку, не забяспечыць ёй устойлівы рост. Калі мы не забяспечым на найбліжэйшыя 10 гадоў рост як мінімум 4-5 адсоткаў на год, - гэта азначае, што мы будзем набліжацца да «пасткі беднасці». Наш разрыў у даходах і адставанне ад суседзяў будзе толькі павялічвацца. Мне здаецца, што без істотных змяненняў у механізмах функцыянавання эканомікі руху наперад не будзе. І няма спадзяванняў, што нейкая падзея ў свеце дазволіць павярнуць гэтыя негатыўныя тэндэнцыі. Ёсць розныя разуменні таго, што такое «дрэнна». Я мяркую, што сёння мы назіраем крызіс, маральнае і ідэалагічнае банкруцтва той эканамічнай мадэлі, якая ў нас была.

- Ці могуць IT-сфера і малы бізнэс выцягнуць астатнюю краіну?

Крук: Я магу пагадзіцца, што некаторыя кірункі (насуперак існым варункам) растуць і некаторыя бізнэсоўцы маюць нядрэнны патэнцыял для развіцця. Некаторыя незалежныя даследаванні паказваюць, што наш беларускі малы бізнэс паводле сваіх характарыстык больш падобны на польскі і швэдскі, чым на ўкраінскі ці расейскі. Абставіны былі нязручнымі, і ён вымушаны быў змагацца за канкурэнтаздольнасць. Але гэта два паралельныя светы - адзін цягне эканоміку ўніз, другі - дае глебу для аптымізму. Але на сёння пераважае першы, і ён не дае развівацца іншаму.

Злотнікаў: Цяжкасці ў нашай эканоміцы пачаліся ў сярэдзіне 2012 года, калі яшчэ не пачалося падзенне коштаў нафты. Тут свае, менавіта беларускія прычыны крызісу. Першая з іх - дэградацыя асноўных галін беларускай эканомікі, машынабудавання, хімічнай і гэтак далей. Сапраўды, паралельна ідуць два працэсы - не першы год ідзе рост аб'ёмаў надання паслуг у інфармацыйнай і кампутарнай сферы. З іншага боку - падзенне канкурэнтаздольнасці прамысловасці. І гэты працэс будзе прадаўжацца, бо ў перыяд крызісу цяжка праводзіць мадэрнізацыю.

Нейкі час даходы ад кампутарнай сферы будуць расці, але яны не будуць кампенсаваць страты ў іншых галінах эканомікі. Таму я не бачу, каб праграмісты маглі пераадолець агульную тэндэнцыю. Да таго ж, у гэтай сферы магчымы «перагрэў», і рост нават там не можа стала расці такімі тэмпамі.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках