19 красавiка 2024, Пятніца, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Atlantico: Пуцін можа сысці праз праблемы са здароўем

36
Atlantico: Пуцін можа сысці праз праблемы са здароўем
ФОТА: GETTY IMAGES

Змена пуцінскай улады ў Расеі можа прайсці трыма шляхамі.

Хоць у мінулым ужо хадзілі чуткі аб магчымым сыходзе Уладзіміра Пуціна праз стан здароўя, цяперашні выглядае больш праўдападобным, бо прыпадае на асаблівую абстаноўку: набліжаецца тэрмін намечаных на 2018 год прэзідэнцкіх выбараў. І чым бліжэй гэты момант, тым больш востра паўстае пытанне змены ўлады ў Крамлі.

Пра гэта ў інтэрв'ю Atlantico (пераклад – inosmi.ru) заявіў супрацоўнік парыжскага Інстытута палітычных даследаванняў SciencesPo Гіём Лаган.

У інтэрв'ю на сайце МК (пасля яго выдалілі) прафесар МДІМС Валерый Салавей заявіў, што Уладзімір Пуцін збіраецца падаць у адстаўку праз праблемы са здароўем, і што новыя выбары могуць прайсці ў 2017 годзе да заканчэння ягонага мандата. Наколькі можна верыць такой гіпотэзе? У Крамлі цяпер сапраўды стаіць пытанне сыходу Уладзіміра Пуціна?

- Пра здароўе Уладзіміра Пуціна кажуць не ўпершыню: так ужо было пасля скасаваных ім паездак у 2002 і 2015 гадах. Аднак гэтая інфармацыя, магчыма, больш дакладная, бо ў 2018 годзе ў Расеі павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары. Чым больш праходзіць часу, тым больш востра паўстае пытанне аб тым, хто можа змяніць Пуціна.

Відавочна, Уладзімір Пуцін мае намер прадоўжыць кар'еру. Ён высокай думкі аб сваёй працы і перакананы, што дзякуючы яму Расея адраджаецца. Акрамя таго, выдатнае здароўе з'яўляецца адным з атрыбутаў ягонай улады: Уладзімір Пуцін любіць выстаўляць напаказ сваю фізічную форму (дзюдаіст і вялікі аматар спорту), каб прадэманстраваць, што здольны ўтрымаць у руках уладу. Але яму ўжо 64 гады, і праблем са здароўем выключаць нельга.

Пуцін замяніў Ельцына на чале расейскай дзяржавы ў 2000 годзе. Магчыма, ён стаміўся ад улады і шукае пераемніка, каб прысвяціць сябе іншым рэчам. Зразумела, трэба, каб пераемнік быў надзейным чалавекам і гарантаваў яму адсутнасць судовага пераследу пасля сыходу.

- Артыкул быў апублікаваны на наступны дзень пасля перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. Ці можна разглядаць патэнцыйны сыход Пуціна як імкненне Крамля паставіць на чале дзяржавы чалавека, які быў бы больш лаяльны да Захаду? Калі так, то хто здаецца вам самым імаверным пераемнікам?

- Расейская ўлада вітала абранне Дональда Трампа, аднак у Крамлі пануе крайняя нервовасць, бо ніхто не ведае, на што насамрэч будзе падобная замежная палітыка новага прэзідэнта.

Калі Расея напраўду хоча палепшыць стасункі з ЗША, новы твар сапраўды б вітаўся.

У адзначаным вамі інтэрв'ю, Валерый Салавей называе два варыянты. Першы — гэта адстаўка Уладзіміра Пуціна з Дзмітрыем Мядзведзевым, што падмацаваў бы ідэю паляпшэння стасункаў з Захадам. Падчас мінулага прэзідэнцтва (2008-2012), калі Пуцін займаў крэсла прэм'ера, Мядзведзеву сімпатызаваў свет. Але гэты вобраз быў штучным, бо на практыцы ён праводзіў тую ж палітыку, што і Уладзімір Пуцін. Другім магчымым пераемнікам можа быць Аляксей Дзюмін. Ягоны ўзлёт ў атачэнні Уладзіміра Пуціна стаў сапраўды галавакружным: некалі просты целаахоўнік стаў намеснікам міністра абароны і губернатарам Тульскай вобласці. Некаторыя задаюць пытанне, ці не рыхтуе яго Пуцін у пераемнікі. У іх склаліся цесныя стасункі, калі Дзюмін трэніраваў Пуціна гуляць у хакей. Сам ён — брамнік і, як кажуць злыя языкі, часцяком наўмысна прапускае шайбы ад Пуціна.

Акрамя таго, называецца імя былога дырэктара ФСБ Мікалая Патрушава: ён захаваў бы ўладу ў руках спецслужбаў, адкуль выйшаў сам Пуцін.

— Аб чым кажуць нам гэтыя звесткі і той факт, што яны зазналі цэнзуру ўлады?

— Усё гэта, бясспрэчна, сведчыць аб нервовасці ў расейскай уладзе. Да таго ж, цэнзураванне артыкула можа паказваць на праўдзівасць яго зместу.

Хто стане пераемнікам Пуціна? Гэтае пытанне бударажыць многія розумы ў Маскве. У некалькі фларэнтыйскай атмасферы, якая цяпер пануе ў расейскім урадзе, сам факт згадвання імёнаў Дзюміна і Мядзведзева можа аслабіць іх пазіцыі і штурхнуць іх у кіпцюры апанентаў.

Змена пуцінскай улады можа прайсці трыма шляхамі.

Па-першае, гэта рэвалюцыя, аднак стан расейскай апазіцыі і папулярнасць Пуціна робяць гэтую гіпотэзу малаімавернай, нават калі становішча з дэмакратыяй ідзе не найлепшым чынам. Па-другое, не выключаецца ўнутраны пераварот, па прыкладу таго, што спрабавала зладзіць турэцкае войска супраць Эрдагана некалькі месяцаў таму назад, але сілы бяспекі ў Расеі знаходзяцца пад пільным наглядам пуцінскай улады. Па-трэцяе, у псеўдадэмакратычнай абстаноўцы пры ашуканскай гульні добраахвотны сыход Пуціна — гэта, фактычна, адзіны спосаб змяніць твар расейскай улады. З гэтым звязаная і нервовасць уладаў з нагоды ўзнікнення такой інфармацыі.

У канчатковым выніку, працэсы ўнутры расейскай улады застаюцца для нас загадкай, «сутычкай бульдогаў пад дываном», як казаў Уінстан Чэрчыль.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках