25 красавiка 2024, Чацвер, 9:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Мы не можам выйсці з гэтага піке

179
Лукашэнка: Мы не можам выйсці з гэтага піке
Фота: Reuters

Дыктатар даў 13-ю прэс-канферэнцыю для расейскіх СМІ.

У ёй бралі ўдзел блізу 100 журналістаў (у тым ліку прадстаўнікі чатырох федэральных тэлеканалаў) і блогераў з 46 рэгіёнаў Расеі.

Прэс-канферэнцыя доўжылася 5 гадзін 40 хвілін, за якія дыктатар адказаў на 34 пытанні.

Адкрываючы прэс-канферэнцыю, Лукашэнка заявіў, што расейцы ніколі не будуць у Беларусі чужымі, адзначыўшы, што ў нас не толькі агульная гісторыя, але і агульная боль. Расея сёння з'яўляецца адным з самых стабільных куткоў планеты, адзначыў дыктатар.

«У гэты няпросты час беларусам і расейцам трэба трымацца разам, быць моцнымі, умець прымусіць паважаць сябе, разам бараніць нашы інтарэсы», - цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.

Ён заўважыў, што моцныя хаўрусніцкія стасункі Беларусі ды Расеі нязменна выяўляюцца на міжнароднай арэне, дзе ўзнікаюць новыя пагрозы і выклікі.

«Сёння планету трасе ад міжусобіц, тэрарызму, ваенных канфліктаў. Не раз абмяркоўваючы гэтыя пытанні з прэзідэнтам Расеі, мы дэманстравалі ў іх ацэнцы поўную згоду. Ды і наогул, разыходжанняў аб міжнародным парадку дня ў дзвюх дзяржаў няма», - праінфармаваў ён.

«Не выпадкова, калі гаворка ідзе аб ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі, што Беларусь і Расея выступаюць адзіным фронтам», - канстатаваў Лукашэнка.

Першы задаў пытанне прадстаўнік газеты «Вечерняя Москва». Пацікавіліся аб самых значных падзеях гэтага года, у тым ліку ў дачыненнях Беларусі ды Расеі.

Лукашэнка адразу ж заявіў, што ні ў дасягненнях, ні ў дачыненнях паміж краінамі гэты год не з'яўляецца найлепшым, паведамляе БелаПАН.

Значна знізілася тавараабарачэнне, хоць у фізічных аб'ёмах пастаўкі, у тым ліку з Беларусі ў Расею, прырастаюць, але ў даляравым эквіваленце «пахваліцца няма чым». Вырабляць Беларусь менш не стала, але і багацей ад гэтага не стала. На думку Лукашэнкі, сёлета ВУП упадзе прыкладна на 2%.

Дыктатар таксама заявіў, што Беларусь выдатна разумее, хто стаіць за канфліктамі на мяжы Беларусі ды Расеі пры пастаўках беларускай прадукцыі.

Яшчэ адзін праблемны момант — складанасці, з якімі сутыкаюцца беларускія фармацэўтычныя прадпрыемствы пры выхадзе на расейскі рынак. Лукашэнка спадзяецца, што гэтая праблема развяжацца з падпісаннем дамовы аб адзіным рынку лекаў у межах АЭП.

Лукашэнка заявіў, што плануе сустрэцца з Уладзімірам Пуціным 22 лістапада. «Адзін на адзін і ціхенька сядзем абмяркуем усе канцэптуальныя пытанні», — сказаў Лукашэнка.

Са словаў дыктатара, у Беларусі ды Расеі ёсць «шмат праблем, якія азмрочваюць нашы стасункі». «Новага, на жаль, нічога не зрабілі (у 2016 годзе - ІФ), больш негатыву», - дадаў ён.

«Гэты год не з'яўляецца найлепшым. Што тычыцца эканомікі - вы разумееце, што адбылося. Расейскі рынак - гэта 50% нашага тавараабарачэння», - прадоўжыў дыктатар.

Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь «вельмі залежыць ад расейскага рынку». «На расейскім рынку адбыўся сур'ёзны абвал, і мы страцілі за 9 месяцаў блізу $3 млрд. Значна знізілася тавараабарачэнне. Адзіная светлая пляма - гэта што ў фізічных аб'ёмах (у экспарце - ІФ) мы прырастаем», - адзначыў ён.

Са словаў Лукашэнкі, эканамічная сітуацыя ў кіраўнікоў дзяржаў (Беларусі ды Расеі - ІФ) «ужо выклікае раздражняльнасць, што мы не можам выйсці з гэтага піке і аднавіць эканоміку».

«Вырабляем не менш, але багацей мы не становімся. Вось такі фон, і ён пагаршаецца тым, што адбываецца ў свеце», - сказаў Лукашэнка.

«Але што насцярожвае, што мы ўсе (краіны СНД - ІФ), калі цяжка, пачынаем абараняцца і не шукаем супольна выйсце, а аддаляемся. Думаю, гэта няправільна, асабліва для Беларусі ды Расеі. У нас узаемадапаўняльныя эканомікі. Нам няма чаго адзін ад аднаго адгароджвацца парканамі», - падсумаваў Лукашэнка.

ЕАЭС можа разваліцца

Працэс дэзінтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе можа пачацца ў выпадку далейшага падзення тавараабарачэння паміж краінамі ЕАЭС, заявіў Лукашэнка.

«Падзенне тавараабарачэння на 30-40% у нашым Еўразійскім эканамічным саюзе кажа само за сябе - гэта значыць, што ў нас нямала праблем, і пра гэта кажуць усе прэзідэнты. І ў найбліжэйшы час, калі мы не выпрацуем нармальны план выхаду з гэтай сітуацыі, то, я баюся, пачнецца нейкая дэзінтэграцыя, што дапусціць ні ў якім выпадку нельга», - сказаў ён.

Дыктатар нагадаў, што незадаволенасць ад уступлення ў ЕАЭС ёсць у новага члена арганізацыі - Кыргызстана. «Я абсалютна разумею і падтрымліваю. Калі мы прынялі іх у саюз, то трэба ім даваць роўныя правы. А атрымліваецца, што то ялавічыну ў Казахстан яны не могуць паставіць, то жывёлін перавезці, то яшчэ нейкія праблемы развязваюць. Але паўстае пытанне: навошта тады прымалі, ведаючы, што там будуць праблемы?» - заўважыў дыктатар.

Ён дадаў, што і ў старажылаў ЕАЭС - Беларусі, Расеі ды Казахстана - таксама нямала праблем, якія ўплываюць на функцыянаванне саюза.

«Трэба перш за ўсё развязаць унутраныя праблемы», - падкрэсліў Лукашэнка.

«Саюзная дзяржава» тармозіць

Лукашэнка мяркуе, што ў працэсе стварэння «саюзнай дзяржавы» Беларусі ды Расеі ёсць пэўнае тармажэнне.

«Зроблена нямала, але ёсць пэўнае тармажэнне, і за гэта мы зазнаём з вашага боку крытыку», - сказаў ён.

Напрыклад, бакі так і не стварылі адзіны парламент і адзіны ўрад, не прынялі на рэферэндуме адзіную канстытуцыю.

Як мяркуе дыктатар, гэтаму ёсць аб'ектыўныя прычыны. «Занадта рамантычныя мы, напэўна, былі 20 гадоў таму, калі прыступілі да стварэння і прапрацоўкі канкрэтных пытанняў. Выявілася ўсё не так проста. З'явілася шмат груп уплыву, так і ў дзяржаў з'явіліся нейкія розначытанні. У груп уплыву з'явіліся розныя інтарэсы, якія так ці інакш уплывалі на ход нашага яднання», - заўважыў Лукашэнка.

«Спадзяюся, што нам атрымаецца, можа, не ў найбліжэйшы час, але ў сярэднетэрміновай перспектыве, у гэтым кірунку зрабіць дадатковыя крокі», - дадаў ён.

Сярод станоўчых аспектаў стварэння «саюзнай дзяржавы» Лукашэнка адзначыў стварэнне адзінай групоўкі войскаў, аснову якой на заходнім кірунку складае 70-ці тысячнае войска Узброеных сіл Беларусі.

«Паводле прызнання NATO, гэта найлепшае ў СНД, навучанае і добра ўзброенае войска, якое знаходзіцца, як казалі раней, «на перадавым фронце» і бароніць нашы супольныя рубяжы», - сказаў Лукашэнка.

Чаму разваліўся Савецкі саюз

Лукашэнка заявіў, што нельга паўтараць памылкі савецкага часу, калі адчуваўся востры таварны дэфіцыт:

«Чаму СССР разваліўся? Пральнага парашка хапала. Што мы гэта зрабіць не маглі?».

«Калі мы не будзем гэтым займацца, то нас народ і без каляровых рэвалюцый скіне», - дадаў ён.

«Даводзіцца падладжвацца ў заробку»

Журналіста «Орловского вестника» здзівілі маленькія заробкі ў Беларусі. Пра гэта было і пытанне — што робіцца для таго, каб выправіць гэтую сітуацыю?

Адказваючы на гэтае пытанне, Лукашэнка вымушаны быў надзець акуляры, каб прачытаць прыгатаваныя яму дакументы з лічбамі аб заробках, тарыфах на жыллёва-камунальныя паслугі і іншых паказчыках у Беларусі, Расеі і Украіне, паведамляе БелаПАН.

Лукашэнка пачаў жангляваць лічбамі і словамі, падводзячы да таго, што маленькія заробкі ў Беларусі шмат у чым выкліканыя той акалічнасцю, што Расея купляе мала беларускіх тавараў, стварыла няроўныя варункі на рынку для прадпрыемстваў з Беларусі, Расея прадае Беларусі газ больш высокімі коштамі. Усе гэтыя, як сказаў Лукашэнка, «перакосы» і прыводзяць да таго, што «нам даводзіцца падладжвацца ў заробках».

«У нас шарлатанства ў эканоміцы няма. Мы лічым кожную капейку. Вось як складваецца сітуацыя ў эканоміцы, так мы і жывем», — сказаў Лукашэнка. «Але калі ўзяць агулам сацыяльны пакет, то мы жывём не горш, чым у Маскве і Піцеры», — адзначыў дыктатар.

Аб правах чалавека

«Галоўны амбудсмэн (лаянка) у Беларусі — гэта прэзідэнт», — заявіў Лукашэнка.

Аб сельскай гаспадарцы

Калі ў нас камбайн на гарантыі паламаўся і цягам сутак зноў не запрацуе, то мы генеральнаму дырэктар «Гомсельмаша» галаву адкруцім, заявіў Лукашэнка, адказваючы на пытанне журналіста з Краснаярскага краю аб праблемах з беларускай сельгастэхнікай.

«Даводзіцца закрываць мяжу грудзьмі»

Лукашэнка адзначыў няпростую сітуацыю ў сувязі з нелегальным трафікам зброі з Украіны.

«На Поўдні вайна. Нам з Украінай 1,2 тысячы кіламетраў даводзіцца закрываць мяжу грудзьмі, бо плынню ідзе зброя, выбухоўка... Мы ўжо затрымліваем іх не толькі на мяжы, а і на чыгуначным вакзале. Нам вельмі няпроста», - сказаў дыктатар.

«У хакей я гуляю праз няшчасце»

Гульня футбольных нацыянальных каманд Расеі ды Беларусі напярэдадні чэмпіянату свету 2018 года ў РФ не заслугоўвае станоўчых адзнак, заявіў Лукашэнка.

«Што тычыцца футбалістаў нашых і вашых - не хачу груба казаць, але яны заслугоўваюць самі ведаеце чаго. Асабліва расейскія - краіна такія сродкі выдаткоўвае, і я ўжо за вас перажываю: нас на чэмпіянаце свету не будзе, гэта 100%», - сказаў ён.

«Я заўзею за вас, каб не сорамна было, каб хоць бы прайшлі групавы турнір. Будзем заўзець за расейскую каманду, хоць, пакуль, вы бачыце, радавацца няма чаму. Футбалісты за год-два, за пяцігодку не з'яўляюцца, і эпічна каманду за гэты час стварыць немагчыма», - дадаў ён.

Лукашэнка заўважыў, што добра ведае футбол і сочыць за асноўнымі падзеямі ў свеце, а тым больш за падрыхтоўкай да чэмпіянату свету 2018 года ў РФ.

«Наогул я футбаліст у сваёй спартовай спецыяльнасці, - растлумачыў ён. - У хакей я гуляю праз няшчасце. Але траўма калена прымусіла займацца хакеем. Хоць і там нясоладка - калені павінны быць здаровыя ўсюды».

Банкіраў — на нары

Лукашэнка выказаўся пра ўмяшанне ўлады ў эканоміку.

«Вось кажуць рынак усё адрэгулюе. Ды ні халеры ён не адрэгулюе! Асабліва ў нас, калі яго няма. У нас рынак - гэта жулікі», - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што ў найбліжэйшы час улады зоймуцца банкаўскім сектарам:

«У краіне крызіс, усюды крызіс, Расея абвалілася. Наважылі паглядзець, як жывуць банкіры. Нядрэнна жывуць, лепш, чым у мінулыя гады. Вось у найбліжэйшы час мы навядзем там жалезны парадак. Гэтыя банкіры, яны грошы зарабляюць? Яны нашы грошы дзеляць».

«Трамп — жорсткі грамадзянін»

Ажыятаж вакол абрання Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША варта спыніць, бо Трамп будзе праводзіць перш за ўсё праамерыканскую палітыку, лічыць Лукашэнка.

«Цяпер усе ахкаюць, маўляў, не той чалавек прыйшоў у ЗША. Ды нармальны прыйшоў чалавек, той! І яшчэ якая гэта будзе праамерыканская палітыка? Гэта жорсткі амерыканскі грамадзянін, які будзе бачыць Амерыку перш за ўсё, і мы павінны падумаць, дзе будзе наша месца ў гэтай палітыцы», - сказаў дыктатар.

«Гэта новы чалавек, у яго няма ніякіх абавязацельстваў ні для вас, ні для нас ён нічога не абяцаў», - дадаў ён.

«Я ўсё раблю па 13 разоў»

Журналістка з Нарафамінска выйшла да мікрафону 13-ай па ліку, таму задала пытанне аб тым, ці ёсць у Лукашэнкі якія-небудзь забабоны, верыць ён у прыкметы.

Лукашэнка сказаў, што ягоны любімае лік — 13. Ён бегае 13 км, практыкаванні робіць па 13 разоў. «Я заўсёды разлічваю на шанцаванне. Жыццё прэзідэнцкае такое, што калі пашанцуе, то дзякуй богу, — сказаў Лукашэнка. — А хто адмовіцца ад таго, што раптам пашанцуе. Так і я».

Пра «штрафбаты» для чыноўнікаў

Лукашэнка расказаў расейскім журналістам аб практыцы памілавання карумпаваных чыноўнікаў, каб тыя пасля працавалі кіраўнікамі калгасаў:

«Амніставаў групу чыноўнікаў-бізнэсоўцаў - накіраваў у калгасы-саўгасы. Паглядзім, як яны справяцца».

Лукашэнка ў сувязі з гэтым успомніў лёс памілаванага намесніка генпракурора Аляксандра Архіпава.

«З маёй радзімы пракурор. Намеснік генеральнага пракурора - напартачыў. Пайшоў старшынём калгаса. Хочаш - ідзі. Ці ў турме сядзі».

Пра вайну ва Украіне

Журналіст газеты «Белгородские известия» пацікавіўся, як знайсці тут шлях, які верне свет на славянскую зямлю, і якую ролю тут можа адыграць Беларусь.

«Я Пуціну казаў, што трэба прыдумаць нешта такое, каб пачаўся зваротны працэс. Пераможцы ў гэтай бойні не будзе. Чым даўжэйшы канфлікт, тым горш і для Украіны, і для Расеі»,— сказаў Лукашэнка.

На ягоную думку, выхад можна знайсці, калі будзе зацікаўленасць абодвух бакоў, а Беларусь гатовая зрабіць для гэтага ўсё, што спатрэбіцца. «Самі мы туды не палезем — чаго мы палезем у чужы дом, калі мы там непажаданыя госці. Але ўважаць нас за іншых людзей...Ну, гэта ж не Сірыя», — адзначыў Лукашэнка.

«Мы гатовыя ўключацца і развязваць кожную задачу ва Украіне, нават калі з першага погляду яна нам не патрэбная і невыгадная. Усё адно гэта нас потым закране. Гэта не Сірыя, гэта вось — ля нашага парога. Мы, украінцы, расейцы — ці нам сёння біцца!» — сказаў беларускі дыктатар.

На ягоную думку, сёння Данбас не патрэбны Расеі — ён знішчаны цалкам, і Украіна адна з яго аднаўленнем не справіцца.

Ведай сваё месца

Лукашэнка заявіў, што хацеў узяць удзел у прыватызацыі расейскай «Башнафты» ў абмен на акцыі беларускіх прадпрыемстваў.

«Калі была прыватызацыя «Башнафты», я накіраваў прапанову вашаму ўраду, вашаму кіраўніцтву», - сказаў дыктатар.

«Добра, давайце акцыі гэтых прадпрыемстваў (беларускіх - ІФ) пры ўмове, што яны будуць працаваць не горш, чым цяпер, абмяняем на акцыі «Башнафты». Дагэтуль адказу няма. Значыць, не хочуць», - прадоўжыў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, калі ў Расеі думаюць, што «мы ў вас купляем нафту і газ і гэтым можна ўплываць на Беларусь, - гэта няправільна».

Лукашэнка таксама адзначыў, што расейскі бок не хоча надаваць Беларусі магчымасць самастойна здабываць нафту і газ, паколькі гэта «пазіцыя расейскага кіраўніцтва». «А як потым уплываць, калі Беларусь будзе сама здабываць нафту і газ?» - сказаў ён.

«У нас палова ўрада расейцы»

Лукашэнка адказаў на абвінавачванні ў прыгнёце расейскай мовы ў Беларусі ды правядзенні палітыкі беларусізацыі.

«Некаторыя арыентаваныя нібыта на Расею людзі, тыя ж блогеры, кажуць - вось, мяккая беларусізацыя ідзе... Як быццам у Беларусі анямечванне павінна быць! Ды ў нас палова ўрада расейцы, а можа і больш. Я іх ніколі не лічу», - заявіў ён.

Ад расейскай мовы беларусы адмаўляцца не збіраюцца:

«Калі некаторыя нашы нацыяналісты кажуць - вось беларуская мова... Я пытаюся: чаму мы ад гэтай спадчыны павінны адмаўляцца? Калі мы хочам у сувязі з гэтым спарадзіць і эканамічныя праблемы, то мы можам адмовіцца ад расейскай мовы».

Сталін бы здрыгануўся

Пераглядаць гісторыю СССР не трэба, паколькі сённяшнія памылкі на постсавецкай прасторы часцяком не менш сур'ёзныя, чым ранейшыя, мяркуе Лукашэнка.

«Я не бачу, каб штосьці з нашай гісторыі трэба было выкідваць. Вось вы кастыляеце перыяд Сталіна. У нас гэтага няма. І не таму, што там не было памылак. Так, былі. Так у нас, перш чым кастыляць мінулае, трэба паглядзець на сучаснасць. У нас сёння з вамі столькі памылак, што Сталін, калі б убачыў, здрыгануўся», - сказаў Лукашэнка.

«Таму не трэба кідаць камяні ў мінулае. Вы ведаеце, гісторыю часта пад палітыку нахілялі. Тое, чаго мы спрабуем пазбегнуць у Беларусі. І, па-мойму, ужо пазбеглі», - дадаў ён.

На думку беларускага дыктатара, гістарычную навуку трэба захаваць наступным пакаленням цяпер у існым выглядзе.

«Ідэальнага нічога няма. Трэба спрабаваць убачыць гісторыю аб'ектыўна. (...) Я не дазволіў бы здзекавацца з нейкіх гістарычных падзейі. Не трэба ва ўгоду чамусьці таптаць мінулае», - рэзюмаваў Лукашэнка.

«Штаны зняў і ў майтках пайшоў»

Лукашэнку спыталі аб малой радзіме.

«Па-сапраўднаму адпачыць, супакоіцца я магу толькі на малой радзіме, у Александрыі, на той зямлі, дзе стаіць наш з маці домік. Хоць сплю я там агідна, накатваюць успаміны, думкі... Хоць я бываю там часта», — распавёў Лукашэнка.

«Мне не трэба не збожжавыя... Але калі пустазелле на полі бачу, то зняў штаны і ў майтках пайшоў», — заявіў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка назваў свайго сына «чарнамазым»

«У нас ніхто не пытаецца пашпарт, калі ён «асоба каўказскай нацыянальнасці». У нас усе людзі аднолькавыя. Але быў такі эпізод, у мяне сын «чарнамазы», ідзе побач з Домам урада (гадоў пяць таму), да яго падыходзіць міліцыянт, кажа: «Пакажыце свае дакументы». Ён паказаў, а яму: «Ой, прабачце». Ну, таму што ён на каўказца падобны, напэўна», - распавёў дыктатар, хутчэй за ўсё, маючы на ўвазе старэйшага сына Віктара.

«СБ» - газета сумная, не можа публікаваць распранутых жанчын

Орган адміністрацыі прэзідэнта газета «Советская Белоруссия» не будзе фрывольным выданнем, заявіў Лукашэнка.

«Фактычна, кажуць, гэта прэзідэнцкая газета. Можа, яна дзесьці сумная, але ў яе свой фармат. Яна не можа публікаваць распранутых жанчын на сваіх старонках, таму што яна асацыюецца з прэзідэнтам», - сказаў Лукашэнка.

«Для гэтага ёсць іншыя выданні ды часопісы», - заўважыў ён.

Гаворачы аб інфармацыйнай палітыцы ў краіне, Лукашэнка заявіў, што «ніхто не скажа з нашых вядучых сродкаў масавай інфармацыі на месцах, што залішне над імі хтосьці пераважае». «Так, мы просім журналістаў, каб яны неяк у сваіх матэрыялах былі больш аб'ектыўныя і ледзь-ледзь у бок дзяржавы былі нахіленыя, каб захаваць мір, спакой, стабільнасць», - дадаў ён.

З ягоных словаў, ён сам просіць СМІ быць больш крытычнымі. «Бо людзі гэта бачаць. Калі мы ў адзін бок трубім, што ў нас усё добра, і чытаць не будуць. Давайце зробім так: крытычная праблема - праблема станоўчая, каб людзі бачылі і недахопы, і станоўчае. Давайце збалансавана гэтую палітыку весці, калі гэта магчыма», - сказаў дыктатар.

Коля траўмуе псіхіку ў сацыяльных сетках

Лукашэнка распавёў, што не сядзіць у сацыяльных сетках і не мае сваёй старонкі: «Я не пакутую, што гэтай старонкі няма. У гэтым плане я не з'яўляюся паказчыкам прасунутага прэзідэнта».

Адначасова ён прызнаўся, што спрабуе абмежаваць у карыстанні інтэрнэтам сына Мікалая.

«У мяне адна праблема - яго адтуль вырваць», - распавёў ён.

Са словаў Лукашэнкі, ён не хоча, каб у сына была старонка ў сацсетках. «Не трэба сыну прэзідэнта, асабліва непаўналетняму, траўмаваць псіхіку з гэтымі старонкамі», - кажа Аляксандр Лукашэнка.

«А калісьці я пісаў вершы...»

Лукашэнка распавёў аб тым, што цяпер у яго няма часу чытаць кніжкі.

«Я не скажу, што чытаю шмат кнігі. Больш так - іду побач са сталом, дзіця там чымсьці займаецца. Гляджу - кніжка ў яго. Ну я пагляджу, што ён чытае, сам яе праглядаю», - кажа ён.

«Я вельмі шмат чытаў у свой час. У прыярытэце ў мяне была гістарычная літаратура, а з мастацкай літаратуры - класічная. «Вайна і мір» там, «Узнятая цаліна»... Маса кніжак. Я калісьці спрабаваў пісаць вершы, таму вучыўся ў нашых паэтаў - пачынаючы з Пушкіна, Ясеніна, Маякоўскага. Да Маякоўскага я добра стаўлюся, вельмі цаню гэтага паэта», - распавёў Лукашэнка.

Гаджэты, айфоны, плафоны - гэта будзе прыносіць багацце ў будучыні

А часы нафты і газу, на думку Лукашэнкі, сыходзяць

- Я, у Эміратах будучы, сустракаўся з многімі людзьмі, там шмат і нашых суайчыннікаў, - распавёў ён. - І я зрабіў адну непахісную выснову: часы нафты і газу, калі гэта было галоўным, сыходзяць. Будучыня - за найноўшымі тэхналогіямі. На шчасце, мы стварылі ў свой час і Парк высокіх тэхналогій. Усе гэтыя гаджэты, айфоны, плафоны і іншае - гэта будзе прыносіць багацце ў будучыні. Сучасныя, найноўшыя тэхналогіі. Я сустракаюся з многімі людзьмі і стала ад іх гэта чую. А гэта ў нас ёсць, і гэта мы павінны будзем развіваць.

Пацалаваў Каран, бо Эрдаган пацалаваў

Лукашэнка распавёў пра эпізод падчас адкрыцця Саборнай мячэці ў Менску, калі ён пацалаваў Каран.

«Мяне крытыкуюць, што я пацалаваў Каран. Я першы раз такое бачыў. Раджэпу яго падарылі, ён пацалаваў яго. І мне такі ж Каран — я паўтарыў гэты жэст. Думаюць, што мяне перахрысцілі. Не, не перахрысцілі. Я прэзідэнт краіны, дзе жывуць і мусульмане. Я і для іх прэзідэнт», — распавёў Лукашэнка.

«Мы супрацьстаім «каляровым» рэвалюцыям у Інтэрнэце»

Лукашэнка расказаў аб віртуальнай барацьбе ў Інтэрнэце з рэвалюцыянерамі.

«Калі ў нас спрабавалі праз Інтэрнэт здзейсніць «каляровыя» рэвалюцыі, то да мяне прыйшлі многія і кажуць: трэба закрыць, трэба перакрыць. Я кажу: не, вы давайце на гэтых сайтах, на гэтых старонках змагайцеся іх жа метадамі», - распавёў ён.

«І мы не закрылі і не перакрылі нічога. А ў сацсетках працавалі як след. Мы ж прасунутая краіна ў плане тэхналогіі і Інтэрнэту, і няўжо не маглі супрацьстаяць гэтаму? Так, процідзейнічалі», - прадоўжыў ён.

Дыктатар, які ўнесены арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў» у спіс «ворагаў інтэрнэту», падкрэсліў, што Беларусь «самая свабодная краіна ў плане Інтэрнэту». «Нас ніхто не папракне, што мы штосьці абмежавалі», - адзначыў ён.

Фільмы «Хросны бацька» выйшлі з адабрэння вышэйшага кіраўніцтва РФ

Працэс інтэграцыі Беларусі і Расеі запавольваюць не народы, а асобы, заявіў Лукашэнка.

«У нас з інтэграцыяй праблем шмат, і яны ў першую чаргу звязаныя не з інтарэсамі народаў, не з інтарэсамі дзяржаў. Калі ўжо зусім адкрыта, яны звязаныя з асобамі», - сказаў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што некалькі гадоў таму на расейскіх федэральных тэлеканалах транслявалася серыя фільмаў з рэзкай крытыкай беларускага дыктатара пад агульнай назвай «Хросны бацька».

«Я ж чалавек дасведчаны, і я разумеў, што без адабрэння зверху наўрад ці хто-небудзь дазволіў сабе падобнае», - заўважыў ён.

Ён дадаў, што ў дачыненні да іншых прэзідэнтаў, у тым ліку і тагачаснага амерыканскага, федэральныя каналы РФ не дазваляюць такіх выпадаў.

«Многія ва ўладзе ў Расеі мне казалі, цытую: ужо занадта высокі градус Лукашэнкі ў рэгіёнах Расеі, так і ў Маскве і ў Піцеры, трэба панізіць. І паніжалі. Ну, і Гасподзь з вамі! Гэта перакінулася і ў нашы інтэграцыйныя працэсы», - сказаў беларускі дыктатар.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ніколі не збіраўся «прыбегчы ў Крэмль, схапіць шапку Манамаха і ў Менск забраць».

«Усе нагрувашчвалася - адно на адно, нейкая рэўнасць і іншае - і маем тое, што маем. Дарагія браты расейцы, гэта не ад нас зыходзіць», - адзначыў ён.

Лукашэнка таксама нагадаў, што інтэграцыя Беларусі ды Расеі магчымая толькі на раўнапраўнай аснове.

Напісаць каментар 179

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках