20 красавiка 2024, Субота, 8:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыетолаг назваў пяць прычын піць больш гарбаты

5
Дыетолаг назваў пяць прычын піць больш гарбаты

Гарбата робіць значна больш, чым проста сагравае або супакойвае.

38% аўстралійцаў п'юць гарбату. Прычым сярод людзей, старэйшых за 70 гадоў гэты паказчык складае 67%. У сярэднім мы п'ём блізу двух кубкаў за дзень, гэты прыблізна 400 мілілітраў. Аўстралія займае 55 месца ў свеце ў колькасці спажыванай гарбаты, Злучаныя Штаты – 69-е, Новая Зеландыя – 45-е, Вялікая Брытанія – пятае. Абсалютны лідар – Турцыя. Туркі п'юць у дзесяць разоў больш гарбаты, чым аўстралійцы, піша аўстралійскі дыетолаг Клэр Колінз на сайце theconversation.com (пераклад – nv.ua).

1. Гарбата і выжыванне

Чай з'яўляецца самым распаўсюджаным напоем у свеце пасля вады. Асабліва папулярным ён стаў у 1800-я гады. Тады ўвайшла ва ўжытак практыка кіпячэння вады для заварвання гарбаты, што дазваляла пазбавіцца ад такіх патагенных мікраарганізмаў як халерны вібрыён і бактэрыя тыфу Salmonella typhi.

Для заварвання гарбаты мы выкарыстоўваем лісце і почкі расліны пад назвай Camellia Sinensis. Чорная, зяленая, белая, улун – усе гэтыя гатункі вырабляюцца з адной і той жа расліны. Розніца палягае толькі ў спосабе перапрацоўкі лісця.

Навука спрабуе адказаць на пытанне, што ж прымусіла нас так моцна палюбіць гэты напой. Што ж, перш за ўсё, у гарбаце ёсць мноства біялагічна актыўных кампанентаў поліфенолаў, у тым ліку кацехіны і таніны. Канцэнтрацыя гэтых злучэнняў змяняецца ў залежнасці ад таго, як вы заварваеце чай: колькі кладзяце ў кубак чайнага лісця, да якой тэмпературы даводзіце ваду пры заварванні і г. д.

Кацехіны валодаюць уласцівасцямі антыаксіданту, і ўтрымліваюцца ў вялікай колькасці ў зялёнай гарбаце. Таніны распаўсюджаныя ў чорнай гарбаце, але яны перашкаджаюць усмоктванню нягемнага жалеза ў кішачніку. Зрэшты, пры празмернасці жалеза, гемахраматозе, ужыванне гарбаты з ежай можа паспрыяць зніжэнню ўсмоктвання жалеза.

2. Гарбата і мозг

У гарбаце ўтрымліваюцца кампаненты, якія паляпшаюць працу мозгу. Да іх належаць: кафеін, кацехіны, амінакіслата L-theanine.

Падчас сістэматычных назіранняў за уздзеяннем гарбаты на настрой чалавека і ягоныя кагнітыўныя функцыі было выяўлена, што спалучэнне L-цеаніну і кафеіну павышае пільнасць і дакладнасць пераключэння ўвагі цягам дзвюх гадзін пасля ўжывання гарбаты. Даследнікі таксама выявілі нязначнае паляпшэнне дакладнасці візуальнай і слыхавой увагі.

Папярэднія звесткі таксама даюць падстаў меркаваць, што кацехіны могуць мець заспакойлівы эфект цягам другой гадзіны пасля ўжывання гарбаты. Аўтары заклікаюць прадоўжыць даследаванні, павялічыўшы падчас эксперыментаў дозу кацехіну і L-цеаніну, тым самым аддзяліўшы іх уздзеянне ад уздзеяння кафеіну.

3. Чай і зніжэнне вагі

Нямала ўвагі надаецца таму, ці спрыяе чай (асабліва зялёны) зніжэнню вагі шляхам павелічэння выдаткавання энэргіі.

У Даніі праведзены два мэта-аналізы звестак папярэдніх даследаванняў, якія параўналі ўздзеянне сумесі кацехіны+кафеін і асобна кафеіну на расход энэргіі і расшчапленне тлушчаў. Выяўлена, што сумесь кацехінаў і кафеіну больш спрыяе расшчапленню тлушчу, чым адзін толькі кафеін.

Яны таксама прааналізавалі ўплыў гарбаты на рэгуляцыю вагі цела. У выніку навукоўцы прыйшлі да высновы, што людзі, якія ўжывалі кацехіны з зялёнай гарбаты, гублялі на 1,3 кг вагі больш, а таксама мелі больш шанцаў захаваць дасягнутыя поспехі. Зрэшты, вынікі некалькі адрозніваліся ў залежнасці ад этнічнай прыналежнасці чалавека і колькасці ўжытага ім кафеіну.

4. Гарбата і цукровы дыябет

Летась было праведзена 12 даследаванняў, мэта якіх палягала ў тым, каб устанавіць сувязь паміж ужываннем чаю і рызыкай развіцця дыябету 2 тыпу. Выяўлена, што сярод тых, хто п'е не менш за 3-4 кубкі гарбаты на дзень, рызыка развіцця дыябету 2 тыпу на 16% ніжэйшая, чым сярод тых, хто п'е не больш за 1-2 кубкі.

Аднак, калі навукоўцы паглыбіліся ў даследаванні, то выявілі, што гэта правіла дзейнічае толькі для жанчын і азіятаў. Нельга забываць, што кагортныя даследавання не даводзяць прычынна-следчых сувязяў.

У выніку мэта-аналізу дзесяці выпадкова выбраных кантраляваных даследаванняў, якія праводзіліся цягам васьмі месяцаў (і больш) сярод 608 удзельнікаў з дыябетам 2 тыпу, навукоўцы атрымалі змешаныя вынікі. Назіраліся паляпшэнні ва ўзроўні інсуліну ў крыві, памяншалася шырыня таліі. Аднак, не было ніякага ўплыву на іншыя маркеры, у тым ліку на ўзровень глюкозы ў крыві, узровень халестэрыну, індэкс масы цела і крывяны ціск.

Цяпер даследчыкі сканцэнтраваліся на дзеянні фенольных элементаў у гарбаце, каб паспрабаваць распрацаваць злучэнні, якія могуць быць выкарыстаныя для прадухілення або лячэння дыябету 2 тыпу.

5. Гарбата і сардэчныя захворванні

Зялёны і чорны чай значна зніжаюць крывяны ціск: чорны чай зніжае ўзровень LDL-халестэрыну, а зялёны – агульны ўзровень халестэрыну. Даследаванняў на гэтую тэму праведзена не так ужо шмат, таму да іх вынікаў трэба ставіцца асцярожна. Аднак, пакуль яны выглядаюць абнадзейліва.

У той жа час, згодна з цэлым шэрагам іншых прычын, мне здаецца, што мая бабуля мела рацыю: добры чай робіць больш, чым проста сагравае або супакойвае вас. Так што пастаўце чайнік на пліту, дастаньце свае самыя найлепшыя кубкі, стварыце сваю ўласную «чайную» традыцыю, збярыце кампанію і расслабцеся з кубачкам гарбаты.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках