28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карбалевіч: Перамога Трампа наўрад ці зменіць палітыку ЗША ў дачыненні да Беларусі

3
Карбалевіч: Перамога Трампа наўрад ці зменіць палітыку ЗША ў дачыненні да Беларусі
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

У свой час Барак Абама таксама перамог з ізаляцыйнымі з лозунгамі ізаляцыянізму ў дачыненні да Усходняй Еўропы.

Сур'ёзных змяненняў у амерыкана-беларускіх стасункаў у сувязі з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у Злучаных Штатах Амерыкі Дональда Трампа найбліжэйшым часам чакаць не варта. Такое меркаванне выказалі ў каментары БелаПАН беларускія палітолагі.

58-я выбары прэзідэнта ЗША прайшлі 8 лістапада. Афіцыйныя вынікі яшчэ не абвешчаныя, але амерыканскія СМІ паведамляюць аб перамозе прадстаўніка Рэспубліканскай партыі мільярдэра Дональда Трампа. Паводле звестак CNN, ён атрымаў 48% галасоў амерыканцаў і 288 галасоў выбарцаў (для перамогі кандыдату неабходна набраць 270 галасоў выбарцаў).

Прадстаўніца Дэмакратычнай партыі, былая дзяржсакратарка Хілары Клінтан, паводле апошніх звестак, набрала 47,2% галасоў (215 галасоў выбарцаў). Паведамляецца таксама, што Клінтан прызнала паразу на выбарах і павіншавала свайго апанента праз тэлефон.

«Прадказаць палітыку адміністрацыі Трампа досыць складана, — адзначыў экспэрт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валерый Карбалевіч. — Калі б перамагла Клінтан, можна было б меркаваць, што ў дачыненні да Беларусі працягвалася б тая ж лінія, якую праводзіла адміністрацыя Абамы. Што будзе цяпер, не ведае ніхто. Таму што яснага ўяўлення пра будучую замежную палітыку Трамп на сёння не сфармаваў. Усё залежыць ад таго, як ён адыдзе ад перадвыбарнай рыторыкі да рэальнай палітыкі».

Пры гэтым экспэрт упэўнены, што ў першы час ніякіх пераменаў у палітыцы ЗША ў дачыненні да Беларусі не адбудзецца. «Трампу будзе проста не да Беларусі — гэта не першы пункт парадку дня, ёсць значна большыя праблемы. Таму толькі праз некаторы час з'явіцца які-небудзь зразумелы план у дачыненні да нашай краіны», — уважае Карбалевіч.

Ён нагадаў, што ў дачыненні да Беларусі ў ЗША ёсць дзейная заканадаўчая база — Акт аб дэмакратыі ў Беларусі.

«Ёсць таксама прыпыненыя санкцыі супраць дзевяці кампаній. Пакуль адносіны будуць рухацца ў гэтых межах», — прагназуе аналітык.

Каментуючы неаднаразовыя заявы Трампа аб неабходнасці «прымірыцца з Расеяй», Карбалевіч адзначыў, што Барак Абама таксама перамагаў на выбарах з рыторыкай аб абмежаванні ўмяшання ЗША ў справы іншых дзяржаў, а ў 2009 годзе Хілары Клінтан у якасці дзяржсакратаркі прыязджала ў Маскву, каб абвясціць пра абнаўленне стасункаў з Расеяй.

«Гэта тое, што называецца палітыкай ізаляцыянізму. Расеі пра постсавецкія прасторы тады было сказана: «Гэта ваша дзялянка, сюды мы не будзем умешвацца». Што адбылося ў выніку, мы бачым на прыкладзе ўкраінскага крызісу. Ёсць палітычныя дэкларацыі, а ёсць логіка, якая ўцягвае ЗША ў некаторыя працэсы і прымушае ўмешвацца. Таму я б пакуль з асцярогай паглядзеў на заявы Трампа аб паляпшэнні стасункаў з Расеяй і паглядзеў, як рэальна будуць развівацца падзеі», — сказаў Карбалевіч.

Палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў таксама не чакае хуткіх сур'ёзных зменаў у двухбаковых адносінах у сувязі з перамогай рэспубліканца.

«Трамп пакуль яшчэ не вельмі дасведчаны палітык у адрозненні ад іншых, што станавіліся прэзідэнтамі ЗША да яго. Я не ўпэўнены, што ён дакладна ведае, дзе знаходзіцца Беларусь і які стан стасункаў у нас сёння з ЗША. У яго, напэўна, будзе мноства іншых пытанняў», — адзначыў Фёдараў.

На яго думку, траекторыя амерыкана-беларускіх стасункаў не зменіцца, «калі не адбудзецца нічога экстраардынарнага». «Амерыкана-беларускія стасункі не зведаюць сур'ёзных змяненняў, калі не адбудзецца рэзкай змены стасункаў з Расеяй, пагаршэння перш за ўсё», — дадаў ён.

Пры гэтым Фёдараў не схільны перабольшваць эфект ад магчымага вяртання ў Менск амерыканскага пасла. «У 2006-2008 гадах пасол працаваў — стасункі былі ці ледзь не самымі горшымі. Цяпер амбасадара няма — стасункі ці ледзь не самыя лепшыя», — адзначыў ён.

На думку экспэрта, палітычнага ціску з боку Вашынгтона для правядзення ў Беларусі дэмакратычных пераўтварэнняў найбліжэйшы час чакаць не варта, як не варта спадзявацца і на сур'ёзную эканамічную дапамогу афіцыйнаму Менску. «Беларусь знаходзіцца на вельмі далёкім месцы ў знешняй палітыцы ЗША», — сказаў Фёдараў.

Разам з тым, як заявіў увечары 8 лістапада на прыёме ў амбасадзе ЗША ў Менску павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Роберт Райлі, паляпшэнне беларуска-амерыканскіх стасункаў будзе залежаць не ад палітыка, які перамог на выбарах, а ад сумесных намаганняў бакоў.

«Я, вядома, не магу прадказваць зыход выбараў, таму што яшчэ занадта рана. Але я магу сказаць, што мы ўсе хочам, каб наступіла паляпшэнне ва ўзаемаадносінах. Адносіны паміж ЗША і Беларуссю не залежаць ад якога-небудзь пэўнага чалавека, кандыдата, яны залежаць ад той сумеснай працы, якую мы можам паступова ажыццяўляць у рамках паляпшэння адносін», — падкрэсліў дыпламат.

Ён адзначыў, што гэтыя выбары адрозніваюцца ад апошніх выбарчых кампаній у ЗША не толькі палярнымі поглядамі кандыдатаў Хілары Клінтан і Дональда Трампа ў некаторых важных пытаннях. Выбары, са слоў Райлі, важныя для амерыканцаў тым, што падчас выбарчай кампаніі з'яўляюцца новыя і разнастайныя погляды і ідэі.

«Выкарыстоўваючы гэты вельмі важны рынак ідэй, якія могуць функцыянаваць толькі пры наяўнасці свабоды слова, мы вельмі многае даведаемся аб тым, як працягваць будаваць нашу краіну. Самае галоўнае — амерыканцы ведаюць, што наша дэмакратыя — гэта не адзін дзень у лістападзе раз у чатыры гады, хай нават гэта і дзень выбараў. Праца па ўмацаванні дэмакратыі працягваецца кожны дзень», — заявіў павераны ў справах ЗША.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках