28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Будаўнікі бягуць з Беларускай АЭС

45
Будаўнікі бягуць з Беларускай АЭС
Фота: dsae.by

Цяпер на аб'екце не стае блізу 800 рабочых і спецыялістаў.

Будаўніцтва Беларускай АЭС адстае ад графіка, у тым ліку праз недахоп персаналу. Кваліфікаваныя кадры пакідаюць пляцоўку праз значнае зніжэння заробкаў, пішуць Naviny.by.

Пра гэта гаворыцца ў лістападаўскім бюлетэні Падліковай палаты Расейскай Федэрацыі. Расейскае ведамства сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю Беларусі правярала ход будаўніцтва Беларускай АЭС з траўня да верасня гэтага года.

Маніторынг сітуацыі паказаў, што цягам мінулага года генеральны падрадчык, якім выступае «Атамбудэкспарт», не выконваў графік будаўніцтва атамнай станцыі. Так, будаўніча-мантажныя работы былі выкананы на 80%, пастаўка абсталявання — на 90%.

«Адставанне дапушчана як беларускімі, так і расейскімі будаўнікамі», — гаворыцца ў бюлетэні.

Цяпер назіраецца невыкананне графіка работ у першую чаргу па першаму энэргаблоку. Адставанне складае 1-3 месяцы. Акрамя таго, адставанне па рэактарнаму аддзяленню складае 2-3 месяцы; па турбіннаму аддзяленню, будынку ядзернага абслугоўвання, вентыляцыйнай трубе і дызельнай электрастанцыі — 2 месяцы; помпавай станцыі — да 2,5 месяца.

Таксама адсутнічае рэзерв па часе будаўніцтва карпусоў рэактара і турбіны, якая вызначае працягласць будаўніцтва ўсёй атамнай станцыі.

Адной з асноўных прычын адставання ад графіка работ называецца недастатковая колькасць будаўнічага персаналу на аб'екце.

«Цяпер на пляцоўцы будаўніцтва маецца недахоп рабочых і спецыялістаў у колькасці блізу 800 чалавек», — адзначаюць правяраючыя органы.

Яны канстатуюць адток кваліфікаваных кадраў з досведам працы на аб'екце праз скарачэнне сумы заробку ў сярэднім удвая. На такія меры падрадныя арганізацыі былі вымушаныя пайсці праз цяжкае фінансавае становішча, выкліканае сярод іншага дэвальвацыяй расейскага рубля.

«Так, у РУП «Белэнэргабуд» у асобных філіялах у 2015 годзе, персанал, які працуе, змяніўся практычна цалкам», — гаворыцца ў бюлетэні.

Заказчык будаўніцтва ў асобе РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» кажа аб недахопе пераважна працоўнай сілы.

«Мы змагаліся за максімальную лакалізацыю праекта Беларускай АЭС, каб максімальна загрузіць нашы будаўнічыя арганізацыі. Калі ішлі земляныя работы, то вынік быў добры. Калі ўжо прыступілі да мантажу абсталявання, то пачалася прабуксоўка. Тады была прынятая пастанова ў дадатак да беларускай будаўнічай арганізацыі прыцягнуць расейскія арганізацыі», — распавёў галоўны інжынер РУП «Беларуская АЭС» Анатоль Бондар.

З ягоных слоў, пра такую пастанову было заяўлена генеральнаму падрадчыку будаўніцтва — АТ «Атамбудэкспарт».

«Ён павінен быў загадзя прыняць меры, бачачы, што ёсць недахоп працоўных. Уласна, вось гэтыя васемсот чалавек можна было спакойна прыцягнуць з суседняй Расеі», — адзначыў Анатоль Бондар.

У АТ «Атамбудэкспарт» паведамілі, што цяпер кампанія сумесна з заказчыкам актыўна працуе над прыцягненнем як расейскіх, так і беларускіх субпадрадных арганізацый «для своечасовага выканання будаўніча-мантажных работ у адпаведнасці з графікам збудавання Беларускай АЭС».

Беларуская АЭС будуецца ў Гарадзенскай вобласці прыкладна за 20 кіламетрах ад Астраўца. Станцыя будзе складацца з двух энэргаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020 год. Пад будаўніцтва аб'екта Расея выдзеліла Беларусі крэдыт на 10 млрд даляраў.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках