26 красавiка 2024, Пятніца, 0:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў пачнуць адпраўляць у гарачыя пункты РФ

74
Беларусаў пачнуць адпраўляць у гарачыя пункты РФ

Дыктатар Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ.

У нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі з'явіўся тэкст указа Лукашэнкі ад 6 снежня, якім ён ухваліў праект сумеснага з РФ пагаднення аб удзеле сіл спецыяльнага прызначэння Беларусі ў «контртэрарыстычных аперацыях» на тэрыторыі Беларусі і Расейскай Федэрацыі.

Згодна з указам, які пасля апублікавання тэксту лічыцца правамоцным, КДБ Беларусі даручана весці перамовы з расейскім бокам аб праекце пагаднення, уносіць у яго змяненні і нават падпісаць выніковы дакумент.

Што будзе азначаць для грамадзян Беларусі падпісанне чарговай дамовы з Расеяй - што беларусаў могуць адправіць ваяваць у гарачыя пункты Расеі?

Журналісты «Радыё Свабода» звярнуліся за каментаром да вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна:

- Так, гэта пагадненне дасць магчымасць у выпадку неабходнасці накіроўваць беларускія часткі сіл спецыяльнага прызначэння для ўдзелу ў контртэрарыстычных аперацыях на тэрыторыі РФ. Таксама і ў Беларусі могуць быць заангажаваныя адпаведныя часткі з Расеі. Але збольшага магчымасць ужо існуе ў рамках пагаднення аб АДКБ. Там нават большая колькасць краін, якія ўдзельнічаюць, не толькі Беларусь і Расея, але і некаторыя былыя савецкія рэспублікі Сярэдняй Азіі. У рамках дамовы пра АДКБ можна разгортваць з Беларусі 2 брыгады - адну вайсковую і адну ўнутраных войскаў.

Але, відаць, вырашана, што гэтага недастаткова. Таму пагадненне, якое рыхтуецца, дазволіць больш цесна каардынавацца і спецслужбам, нашаму КДБ і расейскай ФСБ, у пытаннях «барацьбы з тэрарызмам». Значыць, мяркуюць, што грамадзяне нашых краін могуць стаць аб'ектамі гэтых «контртэрарыстычных аперацый», бо вырашана больш дакладна аформіць юрыдычны бок гэтага ўзаемадзеяння. Не думаю, што нашы спецслужбы ў выніку падпадуць пад кантроль расейцаў, але, лічу, супраца стане больш шчыльнай, а спецслужбы - больш залежнымі адна ад адной.

- А як жа Канстытуцыя Беларусі, якая забараняе пасылаць нашых вайскоўцаў для баявых дзеянняў у гарачых пунктах на тэрыторыі іншых краін?

- З гэтым знойдзена «выйсце». Вырашана, што Канстытуцыя забараняе пасылаць на вайну ў іншых краінах толькі тэрміновых службоўцаў, але гэта не распаўсюджваецца на кантрактнікаў. А сілы спецыяльнага прызначэння у нас фармуюцца як раз з кантрактнікаў і могуць паводле загада накіроўвацца ў тым ліку і ў гарачыя пункты. Такога ў нас яшчэ не было, але юрыдычна магчыма. Пагадненне, якое рыхтуецца, адшліфуе гэтую магчымасць.

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках