16 красавiка 2024, aўторак, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прапанова Вайсковай камісіі БНК Міністэрству абароны

29
Прапанова Вайсковай камісіі БНК Міністэрству абароны

Праграма БНК для ўмацавання абараназдольнасці краіны складаецца з васьмі пунктаў.

У Менску прайшло першае пасяджэнне Вайсковай камісіі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

Паводле яго вынікаў была прынятая прапанова БНК для Міністэрства абароны Беларусі, якая складаецца з васьмі пунктаў, якія павінны забяспечыць павышэнне баявых і маральна-псіхалагічных якасцяў беларускага войска.

Тэкст прапановы для Мінабароны апублікаваў адзін з лідараў беларускай апазіцыі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

«Прапановы Вайсковай камісіі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу для міністэрства абароны Беларусі:

1. Вызначыць галоўным патрабаваннем для вайскоўцаў пры атэстацыях і прызначэнні на вышэйшыя пасады іх гатоўнасць абараняць дзяржаўную незалежнасць Беларусі ад пагроз з усіх без выключэння накірункаў.

2. Павысіць выдаткі на абарону да ўзроўню не менш за 2% ВУП.

3. Павысіць заробак прафесійным вайскоўцам да ўзроўню, які б забяспечваў даход на кожнага сямейніка не менш мінімальнага спажывецкага бюджэту.

4. У ідэалагічнай працы ў войску абапірацца перш за ўсё на тысячагадовую вайсковую гісторыю нашага народа без выключэнняў з яе дзеля залагоджвання іншых дзяржаў. Прысвойваць воінскім часткам назвы месцаў знакамітых перамог нашых продкаў і імёны выдатных палкаводцаў.

Вайсковая камісія гатовая падаць неабходныя гістарычныя матэрыялы ў папулярным пераказе, лектараў для навучання афіцэраў ідэалагічных структур, а таксама макеты плакатаў на тэму беларускай вайсковай гісторыі.

5. Рэалізаваць канцэпцыю тэрытарыяльных войскаў. Вайсковая камісія гатовая падаць свае прапановы на гэты конт.

6. Замовіць серыю фільмаў, прысвечаных выбітным падзеям нашай ваеннай гісторыі і яе найбольш выбітным палкаводцам.

Вайсковая камісія гатовая падаць свае прапановы ў тэматыцы гэтых фільмаў.

7. Распрацаваць, надрукаваць шырокім накладам і выдаць усім ваеннаабавязаным даведнік вайсковай падрыхтоўкі. Гэты даведнік павінен змяшчаць гістарычны раздзел, раздзел па непасрэдна вайсковай падрыхтоўцы і раздзел з рэкамендацыямі па дзеяннях у выпадку варожай агрэсіі.

8. Стварыць інтэрнэт-рэсурс з матэрыяламі, названымі ў папярэднім пункце.

Дадаткова на гэтым рэсурсе павінны размяшчацца навучальныя відэаролікі. У тым ліку, створаныя пры ўдзеле беларусаў, якія маюць нядаўні досвед удзелу ў рэальных баявых дзеяннях.

Вайсковая камісія гатовая ўзяць на сябе арганізацыю супрацоўніцтва з гэтымі беларусамі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках