25 красавiка 2024, Чацвер, 9:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусі пагражае дэфолт

34
Беларусі пагражае дэфолт

Правядзенне рэформаў застаецца адзіным выхадам для краіны.

Экспэрт у пытаннях рэформы дзяржаўнай службы і кіраўнік праекта «Кошт ураду» ў рамках праекта BIPART Уладзімір Кавалкін у інтэрв'ю thinktanks.by падкрэслівае, што ў цяперашняй крызіснай сітуацыі, пры сённяшніх магчымасцях і рэсурсах беларускай дзяржавы правядзенне структурных рэформаў застаецца адзіным выхадам з зацяжнога падзення эканомікі.

Па-другое, неабходная рэформа і, як следства, змена сітуацыі ў грашова-крэдытнай палітыцы: «Крэдыты павінны стаць даступнымі для бізнэсу, каб такім чынам ён мог інвеставаць, развіваць вытворчасць альбо пашыраць спектр аказваемых паслуг і павышаць іх якасць, уласна, бізнэс павінен развівацца».

Структурныя ж рэформы неабходныя нашаму бізнэсу для таго, каб забяспечваць прававую абарону, абарону правоў уласнасці, забяспечыць роўнасць паміж рознымі галінамі, паміж дзяржаўным і прыватным бізнэсам, - адзначыў Уладзімір Кавалкін. - Калі не правесці структурныя рэформы, то з крызісу або крызісаў мы ніколі не выйдзем. І нават калі мы будзем зніжаць падаткі літаральна да мінімуму — гэта ўсё-роўна не будзе ўплываць на інвестыцыі ў той ступені, у якой бы маглі паўплываць менавіта структурныя змены».

Акрамя таго, як лічыць экспэрт, ужо сапраўды прыйшла пара адмовіцца ад метадаў кіравання эканомікай, якія практыкуюць так званыя «моцныя гаспадарнікі».

«Іх час, шчыра кажучы, сышоў гадоў 25 таму. Але тое, што мы сёння маем у беларускай эканоміцы ў тым ліку адбылося як раз дзякуючы пераразмеркаванню сродкаў эфектыўных камерцыйных кампаній неэфектыўным дзяржаўным сектарам. Калі б не было вось гэтага падсілкоўвання з бюджэту для дзяржаўных прадпрыемстваў — яны б ужо даўно збанкрутавалі. І ўсе гэтыя «моцныя гаспадарнікі» прайгралі б канкурэнтную барацьбу на рынку», - сказаў Уладзімір Кавалкін.

Сітуацыю ў беларускай эканоміцы сёння ў цэлым экспэрт называе «хаджэннем па вельмі тонкім лёдзе, які можа ў любы момант трэснуць — і мы правалімся».

«Я маю на ўвазе цяперашнюю сітуацыю з запазычаннямі — у нас вялікая пазыковая нагрузка, велізарныя выплаты замежнага абавязку. І літаральна любая праблема з выплатай дзяржаўнай запазычанасці можа азначаць дэфолт для нашай краіны з адпаведнымі наступствамі», - растлумачыў Уладзімір Кавалкін.

«Дарэчы, пры гэтым дэфолт у гэтай сітуацыі — не самае дрэннае яе развязанне. Значна горш, калі вось усе гэтыя пазыкі, гарантаваныя ўрадам, якіх набралі нашы калгасы і дзяржаўныя прадпрыемствы, будуць выплачваць беларускія грамадзяне праз падаткі. Праз дэфолт можна было б спісаць хоць бы частку гэтых запазычанняў — проста ў якасці «дрэнных». Пры гэтым дэфолт дазволіў бы прасіць у міжнародных крэдытораў Беларусі рэструктурызацыі замежнай запазычанасці краіны. Гэта значыць дэфолт дазваляе «абнуліць» сітуацыю там, дзе гэта магчыма. Таму што далей так працягвацца не можа: ідзе назапашванне запазычанняў, кожны вытворчы цыкл прыносіць не прыбытак, а страты — і чым больш мы вырабляем, тым больш апускаемся ў страты. У гэтым няма ніякага сэнсу — гэта проста неабходна спыняць», - мяркуе экспэрт.

У беларускім бюджэце не стае грошай для выплаты замежных запазычанняў і адсоткаў па іх:

«Таму адзіны выхад — гэта перакрэдытавацца, рэфінансавацца ў Міжнароднага валютнага фонду, у структур ЕўрАзЭС, браць у Расеі крэдыты, каб вяртаць папярэднія. Любая знешнепалітычная праблема, любыя знешнепалітычныя рознагалоссі, якія могуць прывесці да адмовы ў перакрэдытаванні, вядуць да дэфолту».

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках