29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Санкцыі - гэта вельмі моцны ўдар для Крамля»

3
«Санкцыі - гэта вельмі моцны ўдар для Крамля»

Калі санкцыі будуць дзейнічаць некалькі гадоў, РФ не зможа мадэрнізаваць сваю вайсковую прамысловасць.

Fronda.pl (пераклад ИноСМИ) апублікавала інтэрв'ю з журналістам, экспэртам у пытаннях бяспекі Анджэем Талагам.

- ЕЗ прадоўжыў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі. Гэта знак, што Еўропа выказваецца ў гэтай тэме салідарна?

- Зразумела. Падаўжэнне санкцый патрабуе згоды ўсіх сябраў. Калі адная краіна выкажацца супраць, санкцый не будзе. Нягледзячы на ўсю крытыку, якая гучала з нагоды санкцый з боку нашага хаўрусніка, Вугоршчыны, або Італіі ЕЗ выказваецца аднагалосна. Паглядзім, што будзе далей. Пакуль Еўразвязу сапраўды ўдалося захаваць салідарнасць і падоўжыць санкцыі на шэсць месяцаў, так выглядае гэты цыкл: падаўжаць іх даводзіцца кожныя паўгода. Усё ідзе так, як хацелася б Польшчы, якая выступае прыхільніцай падаўжэння санкцый, бо Расея не выканала ніводнага з сваіх абяцанняў. Так што пакуль можна казаць аб тым, што адзінства захоўваецца.

- Санкцыі — гэта моцны ўдар для Расеі?

- Так, вельмі моцны, асабліва ў доўгатэрміновай перспектыве. Калі яны будуць дзейнічаць некалькі гадоў, Расея не зможа, напрыклад, мадэрнізаваць сваю вайсковую прамысловасць. Напрыклад, будзе немагчыма мадэрнізаваць і вырабляць самалёт Су-35, бо для яго патрэбная заходняя электроніка, якая цяпер трапляе пад санкцыі. 70% тэхнікі, якая неабходная для мадэрнізацыі расейскага войска, вырабляецца на Захадзе. Калі абмежаванні захаваць, з часам зношвання гэтай тэхнікі расейскі вайсковы патэнцыял будзе немагчыма аднаўляць. Так што гэта сур'ёзныя санкцыі. Акрамя таго яны працуюць у спалучэнні з нізкімі коштамі нафты і адначасова газу. Да гэтага дадаецца дэвальвацыя рубля. У сувязі з гэтым у Расеі ўзнікаюць па-сапраўднаму глыбокія эканамічныя праблемы. У 2015 годзе яе ВУП знізіўся на 3,5%, у 2016 годзе падзенне прадоўжылася. У выніку дзеяння санкцый аб'ём тавараабарачэння паміж ЕЗ і Расеяй знізіўся ў параўнанні з 2012 годам на 40%. Гэта паказвае, з якога кшталту праблемамі даводзіцца сутыкацца Маскве праз санкцыі. Расея зніжае іх значэнне, але калі яны настолькі нязначныя, чаму Крэмль так упарта імкнецца разбурыць салідарнасць Захаду ў шырокім сэнсе гэтага паняцця? Нагадаю, што санкцыі ўвяла не толькі Еўропа, але Японія, Новая Зеландыя, Канада. Санкцыі працуюць, але толькі ў доўгатэрміновай перспектыве. паводле ацэнак, якія выклікаюць давер, трэба яшчэ два-тры гады, і Расея ўпадзе на лапаткі.

- Ці варта Еўропе выкарыстоўваць якія-небудзь іншыя інструменты акрамя санкцый? Ці дастаткова гэтай зброі для ўздзеяння на Расею?

- Санкцый дастаткова, галоўнае, каб яны былі паслядоўнымі. Іх узмацненне жорсткасці варта ўвязаць з ростам расейскай актыўнасці. Калі мы ўбачым эскалацыю расейскіх дзеянняў, напрыклад, з ініцыятывы расейскай на Украіне ўспыхнуць новыя баі, тады трэба будзе ўвесці дадатковыя санкцыі. Цяпер яны распаўсюджваюцца на фінансавы рынак (напрыклад, Расея не можа браць доўгатэрміновыя крэдыты), і, што яшчэ важней — на тэхналогіі як вайсковага, так і нафтавага сектару. Іх можна было б пашырыць, напрыклад, на газавую прамысловасць, тады яны стануць для Масквы яшчэ больш балючымі. З іншага боку, гэтым інструментам трэба карыстацца асцярожна, бо калі мы ўвядзём санкцыі супраць усяго, якія ў нас яшчэ застануцца механізмы? На мой погляд, шлях да таго, каб зламаць Расею, ляжыць у паслядоўным падаўжэнні санкцый, а не ў іх узмацненні жорсткасці без сур'ёзнай на тое прычыны.

- Якую ролю адыграюць выбары будучага года, напрыклад, у Францыі?

- Выбары будучага года, якія пройдуць у заходніх краінах, адыграюць ключавую ролю, бо перамогу на іх могуць атрымаць сілы, якія выступаюць супраць санкцый або цяперашніх напружаных стасункаў ЕЗ з Расеяй. Аднак застаецца надзея, што канцлерка Ангела Мэркель застанецца ў Нямеччыне ля стырна. Гэта будзе азначаць, што астатнім еўрапейскім краінам давядзецца дзейнічаць з аглядкай на нямецкую пазіцыю ў гэтым пытанні. А гэтая пазіцыя адназначная: Расея не прытрымліваецца сваіх абавязанняў, яна можа уплываць на выбары ў Францыі ды Нямеччыне, гэта пагроза, значыць, санкцыі трэба падаўжаць. Калі Мэркель захавае пасаду канцлеркі, перспектыва скасавання санкцый без якіх-небудзь канкрэтных крокаў з боку Расеі, будзе значна менш імаверанай.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках