23 красавiка 2024, aўторак, 23:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнік або чалавек?

45
Чыноўнік або чалавек?
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Пара спыніць выконваць вар'яцкія ўказы Лукашэнкі.

Цяперашнія масавыя арышты дырэктараў і чыноўнікаў нагадалі мне іншы снежань – 2010 года. Толькі тады турма КДБ была запоўненая палітычнымі. Кандыдаты ў прэзідэнты, лідары палітычных партый, пісьменнікі, паэты, навукоўцы, журналісты былі кінутыя за краты паводле жудаснага абвінавачвання ў арганізацыі дзяржаўнага перавароту.

Шмат хто з палітвязняў апынуўся ў перапоўненых камерах разам з чыноўнікамі. Напрыклад, Зміцер Бандарэнка, кіраўнік выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, сядзеў з галоўным інжынерам Менскага трактарнага завода, з намеснікам пракурора адной з абласцей Беларусі, з вышэйшымі афіцэрамі ўзброеных сіл, АБЭЗ і ўнутраных войскаў. Уладзімір Кобец, начальнік штаба Саннікава, дзяліў камеру з начальнікам Управы расследаванняў злачынстваў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю і начальнікам турмы «Валадарка». Дзесьці за сценкай у адной з камер следчага ізалятара ў гэты ж час сядзеў і былы камандзір СПА Беларусі.

У мяне сукамерніцы былі рангам ніжэйшыя - былая начальніца Управы прадпрымальніцтва і ліцэнзавання Камітэта эканомікі Менаблвыканкама і галоўная бухгалтарка адной буйной менскай фірмы. Паміж намі адразу ж завязаўся той асаблівы тып сяброўства, які можа быць толькі ў турме. Перш за ўсё - маральная падтрымка і ўзаемадапамога. Мяне арыштавалі ў рэдакцыі, не было элементарных рэчаў – ні бялізны, ні зменнага адзення, ні мыла, ні зубной шчоткі. Нэндзныя перадачы таксама дазволілі далёка не адразу. Дзяўчаты, якія ўжо сядзелі некалькі месяцаў і абраслі простым майном, адразу ж і адзелі, і накармілі, і абагрэлі. І за гэта я ім буду шчыра ўдзячная да канца жыцця.

Са з'яўленнем палітычных зняволеных варункі ў следчым ізалятары значна змяніліся. І нам, і чыноўнікам давялося прайсці праз пекла: турэмную ахову замянілі на карнікаў у чорных масках, якія збівалі падследных, выкручвалі рукі, саджалі на ланцуг, прымушалі гадзінамі стаяць голымі на холадзе. Каб не зламацца і выстаяць, трэба было трымацца разам.

Але была адная рэч, якая нас адрознівала. Не падзяляла, а менавіта адрознівала. Мы, палітычныя, ведалі, што сядзім толькі за тое, што патрабавалі ад улады правядзення сумленных выбараў. Справа наша справядлівая і там, за турэмнымі мурамі, людзі ў Беларусі і ва ўсім свеце пратэстуюць і патрабуюць нашага вызвалення. Выкінутыя з сістэмы чыноўнікі былі дэмаралізаваныя. Усе яны былі заможнымі людзьмі, вызначальнікамі лёсаў і вялікіх спраў, а тут - публічны ганебны арышт і прыніжальная канфіскацыя. І заступіцца за іх, акрамя родных, няма каму. Нават адвакату нельга давяраць, бо шчыльна працуе са следствам.

У камерах было небяспечна весці палітычныя размовы – усё праслухоўвалася. Але мае сукамерніцы шэптам казалі, што заўсёды з задавальненнем чыталі «Хартыю» і наогул разумеюць, што апазіцыя робіць правільныя рэчы і так доўга гэтае беззаконне, вядома, трываць не можа.

Прайшло 6 гадоў. Камеры «Амерыканкі» зноў перапоўненыя, але не апазіцыянерамі, а лаяльнымі чыноўнікамі, дырэктарамі, бізнэсоўцамі, афіцэрамі міліцыі, войска і спэцслужбаў. Як пажартаваў адзін мой знаёмы, пара да турмы КДБ прыбудаваць асобны «дырэктарскі» корпус.

«Блукаюць па пакутах» цяпер тыя, хто крочыў у нагу з эпохай - «паліў, ламаў, шкуматаў забабоны». А яшчэ пакорліва маўчаў, калі забівалі былых калег – старшыню Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, віцэ-старшыню Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенку, міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, калі пасадзілі прэм'ер-міністра, банкіра Міхаіла Чыгіра, міністра замежнаэканамічных сувязяў Міхаіла Марыніча, дырэктараў Менскага трактарнага завода і «Атланта» Міхаіла Лявонава і Леаніда Калугіна, старшыню перадавога калгаса «Рассвет» Васіля Старавойтава.

Гэты спіс можна працягваць доўга. Колькасць рэпрэсаваных чыноўнікаў, дырэктараў і бізнэсоўцаў у сотні разоў большая за спіс палітвязняў. І ў большасці сваёй усе яны забытыя, бо іх родныя і калегі баяліся звярнуцца нават да праваабаронцаў, а самі яны, прайшоўшы дзевяць колаў пекла, калі выходзілі на свабоду, спалохана маўчалі або проста паміралі.

Гісторык Вадзім Раговін пісаў пра прыслужнікаў Сталіна: «Бесхарактарнасць і паслухмянасць былі не ўласцівасцямі іх характару, а неўнікнёным вынікам зламанасці, выкліканай няспынным ціскам бязлітаснай волі тырана».

Але калі маўчанне і згодніцтва і выратавала кагосьці з іх, то на вельмі кароткі час – жыццё зрабіла пятлю, якая абкруцілася вакол шыі.

Сёння відавочна, што Лукашэнка страчвае кантроль не толькі над імклівым заняпадам эканомікі. Яго ахапіў жывёльны страх, паніка. Адсюль – хаос у дзеяннях, масавыя арышты, кадравыя чысткі.

Для хворага на ўладу дыктатара ўсе грамадзяне краіны сёння «апазіцыя» - не толькі дэмакраты, незалежныя журналісты або праваабаронцы, але і чыноўнікі, і бізнэсоўцы, і дырэктары.

Зразумела, што гэтыя людзі не могуць адразу перайсці на бок дэмакратыі і народа. Але сабатаваць самыя антынародныя і дурныя пастановы яны здатныя – у выглядзе, напрыклад, ціхага «італійскага страйку». Ну, а калі ўлада пачне зусім раскідацца – спадзяемся на больш рашучыя дзеянні.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках