18 красавiка 2024, Чацвер, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WIIW: Луканоміка вычарпала сябе

4
WIIW: Луканоміка вычарпала сябе

Курс эканамічнай палітыкі беларускіх улад вычарпаў сябе і мае быць заменены.

Такія высновы робяць Венскі інстытут міжнародных эканамічных даследаванняў (WIIW) і Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC у кнізе «Беларуская эканоміка: выклікі заглухлых рэформаў», перадае «Радыё Свабода».

Расейскія субсідыі як «плата за лаяльнасць»

У сваім даследаванні экспэрты адзначаюць, што галоўнай асаблівасцю «эканамічнага развіцця» Беларусі за апошнія 22 гады сталі вялікія фінансавыя і энэргетычныя субсідыі з боку Расеі - менавіта яны далі магчымасць беларускім уладам раз за разам адкладаць рэформы. У сваю чаргу субсідыі «выдаваліся ў абмен за палітычную лаяльнасць і запамогу».

Шмат у чым менавіта падтрымка Расеі абумовіла моцна адрозны ад іншых дзяржаў сцэнар посткамуністычнай трансфармацыі ў Беларусі.

«Дзяржаўны капіталізм», дзе больш дзяржавы

Эканамісты сцвярджаюць, што беларуская эканамічная мадэль спалучае ў сабе зародкі прадпрымальніцтва і рэшткі цэнтралізаванай камуністычнай сістэмы, што можна ахарактарызаваць як «дзяржаўны капіталізм». Пры гэтым «дзяржаўнага» ў такой мадэлі больш, чым «капіталістычнага».

Дзяржаўныя прадпрыемствы працуюць у прывілеяваных варунках у параўнанні з прыватнымі. Банкі фінансуюць дзяржаўныя кампаніі, выдаючы ім ільготныя крэдыты, а пры гэтым самі банкі субсідуюцца урадам праз кампенсацыю розніцы ў адсоткавых стаўках.

«Дырэктыўнае крэдытаванне прычынілася да скрыўлення на рынку і мела сур'ёзныя негатыўныя наступствы: змяншэнне зацікаўленасці дзяржаўных прадпрыемстваў у рэструктурызацыі, пагаршэнне якасці банкаўскіх партфеляў і, што закранула ўсе галіны эканомікі, нерацыянальнае размеркаванне рэсурсаў», - адзначаюць аўтары даследавання.

Мадэль, якая вядзе да нестабільнасці

Аўтары даследавання адзначаюць, што з 1996 да 2008 года дзякуючы расейскай падтрымцы ў Беларусі назіраліся дастаткова высокія тэмпы эканамічнага росту. Аднак з 2008 года пачаліся негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя перш за ўсё з неэфэктыўнасцю дырэктыўнага крэдытавання і папулісцкай палітыкай рэгулявання даходаў насельніцтва. У выніку гэта прычынілася да росту дзяржаўнай запазычанасці, інфляцыі і эканамічнай нестабільнасці: Беларусь за 6 гадоў (2009-2015) перанесла тры маштабныя дэвальвацыі.

Карэкцыя эканамічнай палітыкі пасля 2014 года

Экспэрты падкрэсліваюць, што «колішні курс эканамічнай палітыкі вычарпаў сябе і мае быць заменены».

Пад канец 2014 года стала відавочна, што ўтрымліваць фіксаваны абменны курс больш нельга. Гэта прычынілася да змены фармату эканамічнай палітыкі: быў уведзены рэжым рухомага абменнага курсу, фіскальная палітыка стала больш жорсткай, механізмы стымулявання попыту былі абмежаваныя. «Гэтыя характарыстыкі, якія спрыяюць фінансавай стабільнасці, суправаджаюцца скарачэннем вытворчасці і ростам беспрацоўя. У выніку ў 2015 годзе краіна сутыкнулася са спадам унутранага брута-прадукту», - канстатуюць даследчыкі.

Рэформа эканамічнай мадэлі прычыніцца да сур'ёзных сацыяльных наступстваў

Адначасова эканамісты не бачаць падстаў меркаваць, што беларуская мадэль «дзяржаўнага капіталізму» зменіцца. Але нават каб забяспечыць яе захаванне, уладам спатрэбяцца рэформы.

«Каб беларускія ўлады маглі абгрунтаваць свае прэтэнзіі на «дзяржаўны капіталізм», яны маюць рухацца ў кірунку жорсткіх бюджэтных абмежаванняў у дачыненні да дзяржаўных кампаній і банкаў.

Аднак такая змена палітыкі будзе мець сур'ёзныя сацыяльныя наступствы, бо прычыніцца да рэструктурызацыі дзяржаўнага сэктара эканомікі, у тым ліку скарачэння залішняй працоўнай сілы.

Экспэрты мяркуюць, што «на гэты момант беларуская эканамічная мадэль блізкая да вычэрпвання, і змены ў эканамічнай палітыцы падаюцца неўнікнёнымі».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках