25 красавiка 2024, Чацвер, 4:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая філасофія Святланы Алексіевіч

3
Новая філасофія Святланы Алексіевіч
Святлана Алексіевіч

Японская журналістка апісала свае ўражанні ад знаёмства з вядомай беларускай пісьменніцай.

У мінулым месяцы Японію наведала нобелеўская лаўрэатка – беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч. Яе знаходжанне ў Японіі было нядоўгім, паколькі яна наведвае розныя краіны ва ўсім свеце, аднак яна адказвала на пытанні прэсы, наведала месца аварыі АЭС «Фукусіма-1» і атрымала ганаровую доктарскую ступень у Такійскім універсітэце замежных моваў. Алексіевіч з'ехала, выказаўшы некалькі глыбокіх думак, піша журналістка Кёко Нумана (Kyoko Numano) для «Ніхон кэйдзай» (пераклад – inosmi.ru).

«Я не толькі рыхтавала візіт Алексіевіч у Японію, з'яўляючыся адным з прадстаўнікоў запрашальнага боку, але і правяла з ёй у Японіі шмат часу. Мне вельмі пашанцавала мець зносіны з гэтым чалавекам адкрыта, спакойна і цёпла.

Паколькі беларуская пісьменніца цягам доўгіх гадоў сур'ёзна вывучала ўзаемаадносіны паміж індывідам і соцыумам, а таксама даследавала такія тэмы, як вайна і аварыі на АЭС, яна валодае вельмі дапытлівым і вострым розумам.

У першы ж дзень свайго знаходжання ў Японіі яна нечакана спытала ў мяне: “Чаму Японія стала праводзіць палітыку самаізаляцыі?” Калі я пачала блытана адказваць, адразу ж рушыла наўздагон іншае пытанне: “Чаму ў Еўропе толькі Галандыя з'яўлялася выключэннем?” – піша журналістка.

Калі ў Фукусіме Алексіевіч размаўляла з пацярпелымі ад аварыі на АЭС, яна старалася суцешыць іх, але пры гэтым таксама задавала вострыя пытанні ціхім голасам для таго, каб зразумець іх стан пасля трагедыі.

Усе творы Алексіевіч складзеныя з сотняў падобных успамінаў. Яны сабраныя ў мастацка-дакументальным цыкле “Галасы ўтопіі”. Заключная кніга гэтага цыклу, якая называецца “Час сэканд хэнд”, напоўненая ўспамінамі “маленькіх людзей”, якія жывуць у змроку і расчараванні пасля развалу СССР.

У гэтай кнізе Алексіевіч апавядае пра людзей, якія пакутуюць, не ў стане адаптавацца да рынкавай эканомікі, што існуе паводле законаў джунгляў. Яна паказвае, наколькі камуністычная ідэалогія зачаравала сэрцы людзей. Паводле словаў Алексіевіч, ейны бацька таксама з'яўляецца прадстаўніком пакалення, зачараванага ўтопіяй. Ён прасіў, каб яго пахавалі разам з партыйным білетам Камуністычнай партыі.

Пасля таго як адбылося крушэнне сацыялізму, які быццам бы імкнуўся да таго, каб зрабіць усіх роўнымі, ля руля апынуліся нуварышы. Грамадства стала пакланяцца грошам. Пенсійная сістэма фармалізавалася. Імкліва распаўсюджвалася сацыяльнае расслаенне. Так і не знайшоўшы новую грамадскую форму, краіна пайшла шляхам сэканд хэнду, імкнучыся да таго, каб дамінаваць у свеце, стаўшы магутнай ваеннай і эканамічнай дзяржавай.

Тым не менш гэта характэрна не толькі для Расеі. Цяпер ва ўсім свеце распаўсюджваецца тэндэнцыя да таго, каб толькі зарабляць грошы і пляваць на людзей, ахову здароўя і экалогію.

“Аднак я мяркую, што нельга дзеля прыбытку гандляваць усім, чым заўгодна. На маю думку, амаральна экспартаваць зброю і ядзерныя тэхналогіі, а таксама будаваць казіно, выклікаючы ў людзях запал да азартных гульняў.

Калі шанаваць мараль, то неабходна адмовіцца ад дэвізу: пасля нас хоць патоп”.

Алексіевіч казала, што грамадству патрэбная новая філасофія: не вяртанне да камуністычнай ідэалогіі, не імкненне да зарабляння грошай і не пошук выратавання ў рэлігіі.

Філасофія не азначае нешта складанае. У сваім творы “Чарнобыльская малітва” яна піша, што хоча даведацца сэнс жыцця чалавека і сэнс таго, чаму мы жывем на Зямлі. Падзагаловак кнігі – “Хроніка будучыні”. Ва ўсіх нас ёсць адказнасць перад будучыняй», – піша Кёко Нумана.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках