19 красавiка 2024, Пятніца, 11:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская каманда выправілася на ралі ў Паўднёвую Амерыку

1
Беларуская каманда выправілася на ралі ў Паўднёвую Амерыку
ФОТА З САЙТА AUTOTEST.PRO

Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» выправілася ў Паўднёвую Амерыку, дзе з 2 да 14 студзеня возьме ўдзел у ралі-рэйдзе «Дакар-2017».

Беларускія гоншчыкі вылецелі з Менска 24 снежня. Пасля доўгага пералёту з перасадкай у Стамбуле іх чакае дзень акліматызацыі ў Буэнас-Айрэсе. Спартыўныя аўтамабілі "МАЗ" чакаюць беларусаў у аргентынскім порце. Каманда зможа забраць машыны 27 снежня, пасля чаго выправіцца ў Асунсьён, дзе стартуе гонка, паведамляе БелаПАН са спасылкай на камунікацыйнае агенцтва АГТ.

Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" складаецца з 31 чалавека, дзевяць з іх – чальцы экіпажаў, якія ўдзельнічаюць у ралі. Дапамагаць ім будзе каманда тэхнічнага абслугоўвання, якая зоймецца аднаўленнем гоначных аўтамабіляў паміж заездамі. Фінансавым партнёрам каманды выступіў "Альфа-Банк" (Беларусь), тэхнічным – кампанія velcom, якая забяспечыць гоншчыкаў бясплатным роўмінгам падчас гонкі.

На "Дакар-2017" беларуская каманда выставіла тры баявыя экіпажы, кожны з якіх паедзе на вынік, а вось ад "хуткай тэхнічкі" ў гэты раз надумалі адмовіцца.

Лідар каманды Сяргей Вязовіч паедзе разам са штурманам Паўлам Гараніным і механікам Андрэем Жыгуліным. Другі грузавік павядзе пілот Аляксандр Васілеўскі разам са штурманам Дзмітрыем Віхрэнкам і механікам Антонам Запарошчанкам. У трэці экіпаж увайшлі трохразовы чэмпіён краіны ў дрыфтынгу Аляксей Вішнеўскі, штурман Максім Новікаў і механік Аляксей Невяровіч.

На ралі-рэйдзе выставяць два абноўленыя грузавікі "МАЗ". Гоначныя аўтамабілі лягчэйшыя і спрытнейшыя за папярэднікаў: аснашчаны 12,5-літровымі маторамі магутнасцю 930 л. с., якія створаны чэшскай камандай Buggyra. Канструкцыя грузавіка стала больш надзейнай, а ў салоне з'явіўся кандыцыянер. Таксама ў аўтамабілі ўбудаваная сістэма круіз-кантролю, каб ехаць максімальна хутка, але без рызыкі атрымаць штрафныя хвіліны за перавышэнне хуткасці. Трэці экіпаж павядзе грузавік папярэдняга пакалення з агрэгатаў Тутаеўскага маторнага завода.

Акрамя развязання спартыўных задачаў каманда спрыяе прасоўванню тэхнікі Менскага аўтазаводу.

Ралі-рэйд "Дакар-2017" пройдзе ў Паўднёвай Амерыцы – гонка закране тэрыторыі адразу трох краінаў: Аргентыны, Балівіі і Парагвая. Даўжыня маршруту блізу 9 тыс. км. Гоншчыкаў чакаюць вымотвальныя горныя перавалы, небяспечныя звілістыя дарогі, падступныя пяскі і выдмы. Блізу паловы ўчасткаў будуць новымі, з імі гоншчыкі не сутыкаліся ў мінулыя гады.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках