28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Большасць праваслаўных у свеце таксама святкуе Нараджэнне Хрыстова 25 снежня

6
Большасць праваслаўных у свеце таксама святкуе Нараджэнне Хрыстова 25 снежня
ФОТА З САЙТА THEBESTARTT.COM

Не зусім дакладна называць свята Нараджэння Хрыстовага 25 снежня выключна «каталіцкім».

У гэты дзень яго святкуюць не толькі каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты, але таксама вялікая частка праваслаўных вернікаў ва ўсім свеце, піша belaruspartisan.org.

Дзесяць з 15 памесных праваслаўных цэркваў святкуюць Нараджэнне Хрыстова ў ноч з 24 на 25 снежня – як і большасць хрысціянаў заходняга свету.

Паводле старога юліянскага календара жывуць толькі пяць праваслаўных цэркваў свету. Разам з Расейскай праваслаўнай царквой свята Нараджэння Хрыстовага ў ноч з 6 на 7 студзеня адзначаюць Іерусалімская, Грузінская, Сербская і Польская праваслаўныя царквы, а таксама афонскія манастыры.

Усе астатнія святкуюць яго ў ноч на 25 снежня.

Праўда, гэтыя царквы карыстаюцца не грыгарыянскім календаром, а так званым новаюліянскім, які з'явіўся ў 1920-я гады. Разыходжанне ў адзін дзень назапасіцца паміж гэтымі календарамі толькі да 2800 года.

Каляндарная рэформа, якая замяніла юліянскі стыль на грыгарыянскі, была зробленая ў XVI стагоддзі пры Папу Рымскім Рыгору XIII, паводле імя якога і атрымаў сваю назву новы каляндар. Мэта рэформы складалася ў тым, каб скарэктаваць нарастальную розніцу паміж астранамічным годам і каляндарным.

У гэтых самых мэтах у 1923 годзе з ініцыятывы Канстанцінопальскага патрыярха адбылася нарада праваслаўных цэркваў, на якой была прынятая пастанова пра выпраўленне юліянскага календара. Расейская праваслаўная царква ў сілу гістарычных абставінаў не змагла ўзяць у ёй удзел.

Даведаўшыся пра нараду ў Канстанцінопалі, патрыярх Ціхан усё-такі выдаў пастанову пра пераход на новаюліянскі каляндар. Аднак гэтае новаўвядзенне, хоць было прынятае практычна ўсімі маскоўскімі прыходамі, увогуле выклікала нязгоду ў царкве, таму ўжо 8 лістапада 1923 г. патрыярх Ціхан загадаў "паўсюднае і абавязковае ўвядзенне новага стылю ў царкоўнае ўжыванне часова адкласці". Такім чынам, новы стыль дзейнічаў у Расейскай праваслаўнай царкве толькі 24 дні.

Разыходжанне юліянскага календара з астранамічным годам у адзін дзень назапашваецца за 128 гадоў, грыгарыянскага – за 3 тысячы 333 гады, а новаюліянскага – за 40 тысячаў гадоў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках