24 красавiка 2024, Серада, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік БПЦ: Забарона для медыкаў насіць крыжыкі можа выклікаць пратэсты

52
Кіраўнік БПЦ: Забарона для медыкаў насіць крыжыкі можа выклікаць пратэсты
МІТРАПАЛІТ ПАВАЛ

Мітрапаліт Павал звярнуўся да міністра аховы здароўя Васіля Жарко.

Мітрапаліт Павал звярнуўся да міністра аховы здароўя Васіля Жарко з нагоды аднаго з пунктаў праекта пастановы пра нормы медыцынскай этыкі, згодна з якой медыкам могуць забараніць насіць крыжыкі і ставіць абразы ў кабінетах, дзе яны прымаюць пацыентаў. Гэтае новаўвядзенне выклікала абурэнне ў праваслаўных святароў. Зварот з гэтай нагоды апублікаваны на афіцыйным сайце БПЦ.

Так, мітрапаліт Павал адзначае, што «архіпастыры Беларускага Экзархата аднадушна выказалі абгрунтаванае здзіўленне ў дачыненні да гэтага пункта пастановы і заклапаціліся магчымымі наступствамі яго прыняцця для вернікаў».

«Члены Сінода Беларускага Экзархата даручылі мне звярнуцца да Вас з просьбай - не дапусціць прыняцця пастановы ў прапанаванай для грамадскага абмеркавання рэдакцыі, - адзначаецца ў звароце кіраўніка БПЦ да міністра Жарко. - Мы згодныя, што медыцынскія работнікі павінны выконваць межы разумнага ў выкарыстанні імі рэлігійнай сімволікі, каб не выклікаць у сваіх калегаў або пацыентаў адчування навязвання ім тых ці іншых рэлігійных поглядаў. Аднак мы лічым, што абмеркаванне нароўні з вонкавым абліччам лекара (даўжыня халата, наяўнасць упрыгожванняў і г.д.) прыкмет яго рэлігійнай прыналежнасці могуць выклікаць неразуменне і злоўжыванне на месцах».

Мітрапаліт Павал спасылаецца на закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыяў», у якім сцвярджаецца, што «кожны мае права свабодна выбiраць, мець, мяняць, выказваць і распаўсюджваць рэлігійныя перакананні».

У Беларускай праваслаўнай царкве асцерагаюцца, што зацвярджэнне праекта ў прапанаванай рэдакцыі можа спыніць далейшае развіццё ўзаемадзеяння царквы з Міністэрствам аховы здароўя.

«Улічваючы, што большасць жыхароў Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца праваслаўнымі паводле веравызнання, а нашэнне нацельных крыжыкаў і зварот да Бога перад абразамі з'яўляецца натуральным і неад'емным складнікам жыцця і побыту беларускага народа, згаданы пункт праекта можа справакаваць пратэсты вернікаў людзей, як паслядоўнікаў праваслаўнай веры, так і іншых хрысціянскіх канфесій. Гэта таксама можа паслужыць з'яўленню ў нашым грамадстве непрадказальных супярэчнасцяў на рэлігійнай глебе», - папярэджвае кіраўнік БПЦ міністра аховы здароўя і просіць выкрасліць з дакумента пункт, які тычыцца дэманстрацыі рэлігійнай прыналежнасці.

Мітрапаліт Павал таксама звяртае ўвагу чыноўніка на тое, што святары паведамляюць аб удзеле перадузятае стаўленне некаторых медыцынскіх начальнікаў да праваслаўнай прысутнасці ва ўстановах Міністэрства аховы здароўя.

Раней Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама выказаў заклапочанасць з нагоды праекта пастановы Міністэрства аховы здароўя.

«Я не ведаю, куды мы вяртаемся, - заявіў ён. - Можна насіць значок партыі, грамадскай арганізацыі, але не знак рэлігійнай прыналежнасці? Рэкламаваць піва, адкрываць казіно - гэта ўсё можна, а тое, што хтосьці носіць знак прыналежнасці адной ці іншай рэлігіі - гэтага нельга. Гэта не што іншае, як дыскрымінацыя вернікаў. Я спадзяюся, што гэтыя нормы будуць змененыя».

Праект пастановы вынесены на грамадскае абмеркаванне. На сайце Міністэрства аховы здароўя кожны ахвочы можа выказаць сваё меркаванне з нагоды прапанаваных нормаў.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках