24 красавiка 2024, Серада, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былога супрацоўніка адміністрацыі Лукашэнкі прызналі вінаватым у педафіліі

19
Былога супрацоўніка адміністрацыі Лукашэнкі прызналі вінаватым у педафіліі

Вячаслава Давыдовіча прысудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі.

28 снежня судовая калегія Менскага гарадскога суду абвясціла рэзалютыўную частку пастановы паводле крымінальнай справы экс-кіраўніка дабрачыннай арганізацыі «У дапамогу дзецям-сіротам» Вячаслава Давыдовіча. Яго прысудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе tut.by.

Менскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу Давыдовіча ў верасні. Абвінавачаны праходзіў адразу паводле пяці артыкулаў КК. Перш за ўсё, паводле ч. 2 і 3 арт. 167 (Гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетняга) і арт. 168 (іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту). Таксама Давыдовіча абвінавачвалі ў службовых злачынствах і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Давыдовіча прызналі вінаватым у іншых дзеяннях сэксуальнага характару, учыненых з асобамі, якія дасягнулі 17-гадовага ўзросту, з асобай, якая заведама не дасягнула 16-гадовага ўзросту. Паводле гэтых абвінавачванняў яму прызначана пакаранне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі.

Яго таксама ж прызналі вінаватым у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі, спалучанай з атрыманнем даходу, у асабліва буйнай суме, і на падставе часткі 2 артыкула 233 суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на тэрмін 5 гадоў.

Па сукупнасці злачынстваў Давыдовіча прысудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі, ён пазбаўлены права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на тэрмін 5 гадоў. Адбываць пакаранне ён будзе ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Таксама з яго будуць спагнаныя 123,508 рублёў даходу, атрыманага ў выніку незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Нагадаем, на гэты момант Давыдовіч ужо адбывае пакаранне за здзяйсненне эканамічнага злачынства (у лютым 2014-га суд прысудзіў яго да 4 гадоў пазбаўлення волі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, спалучаную з атрыманнем даходу ў асабліва буйнай суме).

Крымінальная справа за дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, першапачаткова была распачатая супраць Давыдовіча 25 ліпеня 2014-га. Але зімой таго ж года праз адсутнасць довадаў Следчы камітэт спыніў вытворчасць: пацярпелыя не хацелі расказваць аб тым, што здарылася. Адноўленая справа была толькі летам 2015-га.

Вядома, што ахвярамі злачынстваў у перыяд з красавіка 2010 года да лістапада 2012 года сталі выхаванцы дзіцячых дамоў.

— Цяпер кропкі над «i» ў гэтай справе не расстаўленыя. Але, улічваючы, што сярод пацярпелых — галоўным чынам хлопчыкі з дзіцячых дамоў, было вельмі шмат нюансаў. Паколькі пасля таго, што здарылася з імі прайшло шмат часу і частка з іх стварылі свае сем'і і ўладкавалі жыццё, то не ўсім з іх хацелася ўспамінаць аб мінулым і выносіць гэта на агульны агляд, — распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі МУС Васіль Лосіч.

Нагадаем, журналісцкае расследаванне па гэтай тэме правялі ў 2014 годзе. У артыкуле ішла гаворка аб тым, што Вячаслаў Давыдовіч звязаны з фігурантамі гучнай «справы педафілаў», ахвярамі якіх сталі, паводле заяваў аператыўнікаў, тысячы дзяцей.

Паводле інфармацыі «Беларускага партызана», Вячаслаў Давыдовіч з'яўляецца былым работнікам міліцыі і экс-работнікам адміністрацыі Лукашэнкі.

Кіраўнік грамадскага аб'яднання «Разуменне» Андрэй Маханько сцвярджае, што на лаву падсудных маглі б сесці яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Вельмі высокапастаўленых: «Гэта вядомыя ў Беларусі людзі. Яны нават паказваюцца на экранах тэлевізараў. Яны дагэтуль пры пасадах».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках