25 красавiка 2024, Чацвер, 7:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукоў з Новым годам павіншаваў Дзед Падатак

32
Менчукоў з Новым годам павіншаваў Дзед Падатак

Дзед Падатак з'явіўся на Камароўцы ва ўборы чыноўніка, які «віншаваў» мінакоў са святам і раздаваў ім улёткі.

28 снежня анархісты Менска правялі акцыю іранічнага «віншавання» беларусаў з Новым 2017-м годам.

Ля Камароўкі з'явіўся Дзед Падатак ва ўборы чыноўніка, які віншаваў мінакоў са святам і раздаваў ім улёткі, паведамляе сайт pramen.io.

Тэкст улётак быў наступным:

«Дарагія беларусы!

Сардэчна віншую Вас з Новым Годам! Сёлета Вы паводзілі сябе вельмі пакорліва, цярпліва, трываючы ўсе пастановы ўладаў, дзякуючы чаму ўдалося ўвесці падатак на беспрацоўных, падаткі на пасылкі з-за мяжы, павялічыць ПДВ і пенсійны ўзрост, і многае іншае. Усё гэта дазволіла «народным абраннікам» годна перажыць крызісныя часы, будаваць новыя катэджы ў Драздах, купляць новыя аўтамабілі і адпачываць за мяжой.

У новым 2017 годзе наш улюбёны ўрад таксама падрыхтаваў для простых беларусаў шмат навагодніх сюрпрызаў. З 1 студзеня вырастуць кошты ЖКГ, усе паслугі электрасувязі будуць абкладацца падаткам у 25%, ужо ўвайшоў у дзеянне новы падатак для вытворцаў і імпарцёраў флэшак, дыскаў, смартфонаў і кампутараў, у Менску на 12% падвысілі адзіны падатак і на 11% - падаходны на здачу жылля ў арэнду, а за непрыбраны вакол аўтамабіля снег будуць штрафаваць на $260.

Паважаныя беларусы! Заставайцеся такімі ж «добранькімі», каб усё задуманае ўладамі ў 2017 ажыццявілася. Не думайце пра пратэсты і супраціў, і ўлады пацешаць Вас новымі падаткамі, штрафамі, абмежаваннямі і іншымі захадамі эканоміі.

Да сустрэчы ў Новым годзе!

Ваш Дзед Падатак».

Усяго было раздадзена блізу 100 улётак.

«Пакуль мы дазваляем паразітычнай дзяржаўнай машыне існаваць за наш кошт, яна будзе і далей пажыраць намі ж заробленыя грошы пад рознымі добрапрыстойнымі падставамі, пры гэтым яшчэ і абмяжоўваючы нас у правах.

Чыноўнікі і Лукашэнка наперабой сцвярджаюць, што мы па труну жыцця абавязаныя дзяржаве, пры гэтым даходзячы ў сваіх выказваннях да адкрытага хамства («як працуеце - так і атрымліваеце», - кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта Качанава - лекарам, «калі мама займаецца дзецьмі, хай тата пакруціцца на дзвюх працах» - былая міністр працы Шчоткіна - рабочым і да г.д.) Дзіцячыя школы і сады рамантуюцца і добраўпарадкоўваюцца за кошт бацькоў, медыцына становіцца ўсё больш платнай з кожным годам, кошт навучання ў ВНУ вырас да неверагоднага ўзроўню, затое выдаткі на КДБ, блакаванне інтэрнэту і спецтэхніку для МУС толькі павялічваюцца. Спачатку кантроль і пакаранне, патрэбы людзей - потым: такая логіка дзяржавы. Мы ж мяркуем, што народ і кожны чалавек паасобку мае права сам распараджацца сваім жыццём, і няма ў нашым жыцці нічога такога, што мы не маглі б развязаць самі, без начальнікаў і гаспадароў.

Таму ў Новым годзе анархісты зычаць беларусам быць непаслухмянымі грамадзянамі, і, праявіўшы рашучасць і салідарнасць, разам адбіцца ад новых «падарункаў» дзяржавы!», - напісала рэдакцыя сайта з нагоды акцыі.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках