18 красавiка 2024, Чацвер, 10:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На борце Ту-154, які ўпаў у Чорнае мора, была беларуска

12
На борце Ту-154, які ўпаў у Чорнае мора, была беларуска

Аліна Цярэшка блізу 30 гадоў працавала ў ансамблі імя Аляксандрава загадчыцай аддзела кадраў.

Як стала вядома, на борце самалёта Ту-154 была беларуска Аліна Цярэшка. Пра ейнае беларускае паходжанне паведаміла стаўбцоўская раённая газэта «Прамень», перадае «Радыё Свабода».

Аліна родам з вёскі Савоняў Стаўбцоўскага раёна. У родную вёску Аліна рэгулярна прыязджала. Ейны брат - Іосіф Цярэшка - працуе галоўным энэргетыкам ААТ «Жацерава».

Аліна блізу 30 гадоў працавала ў ансамблі імя Аляксандрава загадчыцай аддзела кадраў, дапамагала дырэктару і мастацкаму кіраўніку ансамбля. І толькі надоечы, выйшаўшы на пенсію, перайшла на пасаду касцюмера, стала ездзіць з ансамблем у службовыя выправы. На момант катастрофы ёй споўнілася 55 гадоў.

Лайнер Мінабароны Расеі Ту-154, які рухаўся ў Сірыю, 25 снежня ўпаў у акваторыі Чорнага мора паблізу сочынскага ўзбярэжжа. Ніхто з тых, хто знаходзіўся на борце самалёта, не выжыў.

Загінулі 8 чальцоў экіпажа і 84 пасажыры, у тым ліку музыкі Акадэмічнага ансамбля расейскага войска імя Аляксандрава і дзевяць расейскіх журналістаў. На расейскай вайсковай авіябазе ў Сірыі меў быць навагодні канцэрт. Пазней стала вядома, што фрагменты самалёта знайшлі за 1,5 кіламэтра ад узбярэжжа горада Сочы ў Чорным моры.

У Менску абвясцілі жалобу 26 снежня ў сувязі з трагедыяй.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках