Амэрыканская кампанія прэзэнтавала першы цяжкавік на вадародзе
13- 4.12.2016, 14:07
- 30,381
Цяжкавік Nikola One можа праязджаць да 2-х тысяч кіламэтраў з максімальнай хуткасцю 105 км/гадзіну.
Амэрыканская кампанія Nikola Motor Company прэзэнтавала першы ў свеце вадародны цяжкавік Nikola One. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні кампаніі, інфармуе АФН.
Як паведамляецца, сэрыйную вытворчасць транспартнага сродку, прызначанага для перавозак на далёкія маршруты, плануецца пачаць у 2020 годзе, піша N+1.
Новы цяжкавік зроблены цалкам электрычным без выкарыстання бензінавых або дызельных "экстэндэраў", як гэта зроблена, напрыклад, на гібрыдных аўтамабілях.
Цяжкавік выкананы на шасціколавым шасі, кожнае кола якога прыводзіцца ў рух праз рэдуктар ад уласнага электраматора.
За сілкаванне адказвае літыева-іённая акумулятарная батарэя, якая складаецца з 32 тысяч каморак. Ёмістасць батарэі складае 320 кВт-г.
На поўным заладаванні батарэі і запраўцы вадароднага паліўнага бака цяжкавік у залежнасці ад рэжыму язды і націску зможа праязджаць ад 1,3 да 1,9 тысяч кіламэтраў.
Nikola One здольны развіваць максімальную хуткасць 105 км/г. Бартавая сістэма кіруе кожным колам паасобку, паляпшаючы манеўранасць машыны.
З нуля да 96,5 км/г (60 міль за гадзіну) новы цяжкавік пад націскам зможа разганяцца за 30 сэкундаў. Электрамабілі будуць здавацца ў лізінг, прычым першыя кліенты паводле гэтай дамовы змогуць запраўляць самаходы вадародам задарма.
У кабіне цяжкавіка кампанія размясціла два поўнапамерныя ложкі, поўнапамерную лядоўню, туалет, 40-цалевы тэлевізар з прыстаўкай Apple TV, мікрахвалевую печ і кампутар з прылучэннем да Wi-Fi і 4G LTE.
Кошт цяжкавіка не выдаецца, але зарэзэрваваць такі аўтамабіль ужо можна за адну тысячу даляраў. Кампанія пачне будаваць першыя вадародныя станцыі ў 2018 годзе.