29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кожны трэці беларус байкатуе рабаўніцкі тэхагляд

106
Кожны трэці беларус байкатуе рабаўніцкі тэхагляд
Фота: vgr.by

Кіроўцы кажуць, што з улікам дзяржпадатку танней заплаціць штраф, чым прайсці дыягностыку аўтамабіля.

Цяпер ТА легкавога аўтамабіля на год каштуе прыкладна ад 100 да 260 рублёў. А штрафы амаль у 4-5 разоў меншыя, нават калі паўторна парушыў. Разам з супрацоўнікамі ДАІ журналісты «Вячэрняга Гродна» наважылі праверыць, ці праходзяць ТА гарадзенскія кіроўцы.

Замест ТА медыцынская даведка

На гадзінніку блізу шасці вечара. Едзем на вуліцу Садакова. Прайшло не больш за паўгадзіны, як на паркоўцы каля «Еўраопту» інспектары затрымалі першага парушальніка — мужчына ехаў на «Опелі-Корса» з пабітай лабавой шыбай. Звесткі аб кіроўцу адшукалі ў базе дадзеных: выявілася, у яго 36 парушэнняў, пяць з іх — няпройдзены тэхагляд. Апошні раз за адсутнасць ТА яго каралі ў ліпені гэтага года.

— Тады аўтамабіль быў «Міцубісі-Галант», я ж яго прадаў! Мой тэхагляд — гэта медыцынская даведка, яна ў мяне ёсць. Чаму штраф стаў большым, калі аўтамабілі розныя? — здзіўляецца кіроўца.

— Тэхагляд праходзіць не кіроўца, а аўтамабіль. Ёсць парушэнне, і няважна, на якім аўто вы ехалі ў мінулы раз, штраф замест 21 ужо 42 рублі, — патлумачыў інспектар ДПС БДПС ДАІ УУС аблвыканкама Аляксандр Мілашэўскі.

Маладая мама хацела «абкатаць» новы аўтамабіль без дакументаў

Мы наважылі змяніць месца і паехалі ў Альшанку на пабудаваную частку шасціпалоснай дарогі. У канцы працоўнага дня тут ажыўленая транспартная плынь. Адразу два патрулі сталі правяраць аўтамабілі. Прайшло дзесяць хвілін — і вось у патрульнай машыне яшчэ адзін парушальнік.

Выявілася, маладзён на старэнькай «Аўдзі V8» без тэхагляду ездзіць амаль год. Летам за гэта прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і заплаціў 21 рубель штрафу. З таго часу, кажа, прайсці ТА не паспеў, бо быў у камандзіроўцы ў Растове-на-Доне.

— Падрамантую салон трохі і паеду на станцыю. Аўтамабіль важыць больш за дзве тоны, за ўсё выйдзе 250 рублёў, — тлумачыць хлопец.

Кіроўца заплаціў адразу з карткі. Цяпер гэта магчыма — амаль ва ўсіх патрульных аўтамабілях ДАІ ёсць тэрміналы.

Пастаяўшы яшчэ з паўгадзіны, павярнулі на вуліцу Караткевіча і прыпаркаваліся на канцавым прыпынку аўтобусаў. Праз некалькі хвілін увагу інспектараў прыцягнуў «Фіят»: позна ўвечары ў цемры жанчына з дзецьмі ў аўтамабілі накіроўвалася ў лес. Маладая мама атрымала пасведчанне менш за месяц таму. А нядаўна муж і жонка купілі аўтамабіль, аформіць не паспелі і наважылі яго «абкатаць». Каб не было страшна, узяла з сабой мужа і траіх дзяцей.

— Паводле закона, ездзіць без ТА можна толькі цягам дзесяці дзён з моманту пастаноўкі аўтамабіля на ўлік, а гэтае аўто яшчэ не аформленае, — патлумачыў інспектар і выпісаў штраф, плюс 10 рублёў 50 капеек — за перавозку дзяцей без аўтакрэслаў.

Штраф за тэхагляд плаціць раз на квартал

Наш наступны прыпынак — праспект Кляцкова, у раёне «Нікі». Тут інспектары затрымалі адразу двух «няпамятлівых» кіроўцаў — абодва пакінулі дакументы дома, таму праверыць, ці ёсць тэхагляд на аўтамабіль, не ўдалося. Але маладзёны былі сумленнымі і прызналіся, што ТА не праходзілі.

— На аўтамабілі я амаль не езджу. Хацеў забраць цяжарную жонку з працы. Збіраўся на станцыю, але грошай не было. Цяпер, відаць, зноў не пайду. Адкуль браць такія сумы, калі давядзецца заплаціць штраф? Аўтамабіль важыць 2,1 тоны, ТА будзе каштаваць 250 рублёў, — наракае кіроўца.

Як высветлілася, у 22-гадовага хлопца за 4 гады кіравання 31 парушэнне ПДР, пяць з іх — за адсутнасць ТА.

А кіроўца на «Мерседэсе» і не думаў праходзіць тэхагляд.

— У мяне аўтамабіль новы, да дзесяці гадоў. Трэба плаціць адразу за два гады, а гэта 450 рублёў. Танней не праходзіць ТА наогул, — кажа ён.

Як высветлілася, 27-гадовы гарадзенец больш за 60 разоў прыцягваўся да адказнасці за парушэнне ПДР. Толькі за апошнія шэсць гадоў 17 разоў — за няпройдзены тэхагляд. На гэты раз хлопец паабяцаў прайсці ТА.

Усяго за 3,5 гадзіны інспектары праверылі блізу сотні аўтамабіляў і злавілі пяць парушальнікаў.

За язду на аўто без тэхагляду давядзецца заплаціць штраф — ад 1 да 3 базавых адзінак (ад 21 да 63 рублёў), за паўторнае цягам года парушэнне — ад 2 да 5 базавых адзінак, або ад 42 да 105 рублёў. Паводле звестак ДАІ Горадні, усяго ў вобласці за няпройдзены тэхагляд аштрафавалі 18,5 тысячы кіроўцаў.

Колькі каштуе прайсці тэхагляд

Спачатку трэба заплаціць аўтападатак. Сума залежыць ад вагі і тыпу аўто. Да прыкладу, дзяржпадатак за легкавы аўтамабіль — ад 3 да 11 базавых адзінак (ад 63 да 231 рубля). Плюс паслугі станцыі дыягностыкі і допуск да ўдзелу ў дарожным руху — яшчэ блізу 25 рублёў. Выходзіць, за легкавік трэба аддаць ад 90 да 260 рублёў. Калі аўто няма дзесяці гадоў, праходзяць тэхагляд раз на два гады, але тады сума аўтападатку будзе ўдвая большай. Некаторыя кіроўцы, напрыклад таксовак, павінны плаціць дзяржпадатак два разы на год.

У тэму

Нядаўна Мінтранс прапанавала забараніць кіроўцам ездзіць на аўтамабілях без тэхагляду, а аўтамабілі парушальнікаў забіраць на штрафстаянку да аплаты дзяржпадатку. Прычым, акрамя штрафу, ім давядзецца аплачваць арэнду месца для паркоўкі. Пакуль гэтае пытанне абмяркоўваецца, канкрэтных пастаноў яшчэ не прынялі, патлумачыла прэс-сакратарка Мінтранса Кацярына Грыб. Пакуль жа так: парушальнік выплаціў штраф і ездзіць далей.

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках