28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі ля апошняй рысы

88
Прадпрымальнікі ля апошняй рысы

«Хутка мы будзем мяняць швэдар на мех бульбы», - кажуць людзі.

На чарговай сустрэчы прадпрымальнікі дамовіліся, што накіруюць у Мінэканомікі «народны ўказ» па спрашчэнні працы ІП, які яны прэзентавалі на пачатку лістапада. Калі ўлады не адрэагуюць на ініцыятыву, то ІП маюць намер страйкаваць і выходзіць на мітынгі.

Прадпрымальнікі распрацавалі альтэрнатыву нашумелага ўказу №222. Яны прапануюць увесці для ІП, якія займаюцца раздробным гандлем, спецыяльны фіксаваны збор — плацеж ва ўсталяванай суме, які выплачваецца незалежна ад інтэнсіўнасці гаспадарчай дзейнасці. Пры продажы айчынных тавараў, на думку ІП, сума збору павінна паніжацца, а пры продажы імпартных рэчаў — павышацца. Як і ў канцы мінулага года, прадпрымальнікі таксама просяць дазволіць ім гандляваць без дакументаў на тавары.

На форуме прадпрымальнікаў сабралася блізу 250 чалавек.

— Мы хочам беспасярэдне звярнуцца ў Мінэканомікі, перадаць праект «народнага ўказа», — цытуе лідара грамадскай арганізацыі «Перспектыва» Анатоля Шумчанку tut.by — Мы хочам, каб наш законапраект быў прадстаўлены ў Савет міністраў, а потым ужо на подпіс да Лукашэнкі.

Калі рэалізаваць гэты план не атрымаецца, то прадпрымальнікі маюць намер стварыць працоўную групу для збору 50 тысяч подпісаў, «каб наўпрост унесці законапраект у парламент».

— Мэта рэальная і дасягальная. Калі ўлады будуць працягваць аказваць ціск на індывідуальных прадпрымальнікаў, то з кожнай праверкай, з кожным выпісаным штрафам колькасць тых, хто падпісаўся будзе расці ў геаметрычнай прагрэсіі, — перакананы лідар «Перспектывы».

Намеснік дырэктара Дэпартамента прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандр Каліноўскі, які прысутнічаў на форуме, прапанаваў абмеркаваць «народны ўказ» на чарговым пасяджэнні рабочай групы аб праблемах ІП. Але Анатоль Шумчанка намагаў на асобнай сустрэчы па гэтым пытанні.

— Вынікі дзейнасці рабочай групы — нуль. Рабочая група ператварылася ў семінар. Пытанні не развязваюцца. Гэта павінна была быць перамоўная пляцоўка. Да прыкладу, на ініцыятыву «не працуеш — не плаціш» няма адказу дагэтуль, — заявіў Анатоль Шумчанка.

Нагадаем, раней прадпрымальнікі прапанавалі плаціць страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва прапарцыйна адпрацаванаму часу: не працуеш — не плаціш.

Прадстаўнік Мінэканомікі пагадзіўся з тым, што абмеркаванне ўзносаў у ФСАН зацягваецца. З ягоных слоў, ведамства зоймецца гэтым пытаннем, каб «дамоўленасці былі хутчэй рэалізаваныя ў выглядзе праектаў».

— На што вы нас штурхаеце? Каб мы заўтра сабралі аднадзённую забастоўку для падтрымкі праекта? — не супакойваўся Анатоль Шумчанка.

— Анатоль, давайце пачнём працаваць над праектам указа, — заклікаў Аляксандр Каліноўскі. — Накіроўвайце афіцыйны дакумент, ёсць рэгламент. Будзем працаваць. Толькі сумеснай працай можна чаго-небудзь дасягнуць.

Прадстаўнік Міністэрства эканомікі ў выніку пагадзіўся абмеркаваць «народны ўказ» на адмысловай нарадзе ў ведамстве, а не на пасяджэнні рабочай групы па праблемах ІП.

Пасля гэтага лідар «Перспектывы» ўдакладніў, што «прадпрымальнікі чакаюць пастановы па «народнаму ўказам» да 1 лютага 2017 года».

— Калі атрымаем адмоўны адказ, то да 1 сакавіка фармуем ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, — заявіў Анатоль Шумчанка.

Прадпрымальнікі зашумелі, некаторыя сталі выкрыкваць, што «развязанне павінна быць да 1 студзеня».

— Сёння ўжо 5 снежня, трэба рэальна ацэньваць сітуацыю. У нас наперадзе вельмі вялікі шлях, — сказаў Анатоль Шумчанка. — Але мы будзем ісці наперад.

Дарэчы, з прадстаўнікоў улады на форуме таксама прысутнічалі намеснік начальніка аддзела ўдасканалення дзелавога асяроддзя дэпартамента прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Валерый Хомчанка, намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Мяшкоў.

— Мы запрашалі прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, міністэрства падаткаў і збораў, Дзяржстандарта і Савета міністраў, але яны не прыйшлі, — сказаў Анатоль Шумчанка. — Хацелася б, каб яны павярнуліся тварам. Яны ці то баяцца, ці то ім няма чаго прапанаваць. А можа, штосьці плануюць, за што потым будзе сорамна.

Міністэрства эканомікі: «Запаўняльнасць рынкаў і гандлёвых цэнтраў — 74,8%»

Са слоў Аляксандра Каліноўскага, на 1 лістапада ў Беларусі было 237 952 індывідуальных прадпрымальніка. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года іх колькасць скарацілася амаль на 5,5 тысячы.

— Разам з тым колькасць наёмных работнікаў за год павялічылася на 6509 чалавек, — падзяліўся лічбамі Аляксандр Каліноўскі. — Удзельная вага падатковых паступленняў нават крыху вырасла — 2,3% ад агульнай сумы ўсіх падатковых паступленняў.

З ягоных слоў, рынкі і гандлёвыя цэнтры на пачатак кастрычніка былі запоўненыя на 74,8% рынку (год таму — на 74,7%).

У гэты момант заля зашумеў: «Няпраўда. Гэта няпраўда. Адкуль такія лічбы», — выкрыквалі з месцаў прадпрымальнікі.

— Гэта афіцыйная статыстыка, — спрабаваў супакоіць залю Аляксандр Каліноўскі. — Запаўняльнасць рынкаў складае 73,8%, а гандлёвых цэнтраў — 78,9%.

Тым часам Анатоль Шумчанка прапанаваў ІП задаць пытанні прадстаўніку Міністэрства эканомікі.

— Калі памылку робіць ІП, то ён адказвае перад законам. Чым чыноўнікі расплачваюцца, калі дапускаюць выпадкі халатнасці? — пацікавілася ў прадстаўніка Міністэрства эканомікі іпэшніца Ірына.

— Згодны, што сума штрафаў для ІП павінна быць суразмерная ўчыненай дзяржаве шкоды. Калі праблемы з накладной, то няма падставы распачынаць адміністрацыйную справу, — разважае ў адказ Аляксандр Каліноўскі. — Калі кантрольна-наглядны орган даў тлумачэнне і ІП працуе па ім, а прыйшла праверка, ІП не павінен прыцягвацца да адказнасці. Гэта няправільна, будзем працаваць у гэтым кірунку.

Аляксандр Каліноўскі таксама заявіў, што «калі б былі тыя сумы даходаў, як тры гады таму, то многія пытанні не падымаліся б».

Але прадпрымальнікі працягвалі абурацца. Іпэшнік з Горадні Андрэй Шасцерыкоў які таксама ўваходзіць у працоўную групу пры Міністэрстве эканомікі, сказаў, што «ўлады бачаць, што адбываецца па-свойму».

— Ва ўсіх адна бяда, асабліва гэта добра бачна ў рэгіёнах. З моманту супрацьстаяння прайшоў амаль год. У малым бізнэсе практычна калапс. Як толькі праверка на рынках, усе зачыняцца, — кажа прадпрымальнік. — Ёсць ІП, якія кажуць, што ім няма чаго баяцца, у іх поўны пакет дакументаў. Але смешна становіцца, калі пры праверках гэты чалавек першым закрывае свой бокс. На сёння наяўнасць поўнага пакета дакументаў ніяк не ратуе ад канфіскацыяў і штрафаў.

На яго думку, на пасяджэннях рабочай групы па праблемах ІП удалося дамагчыся няшмат.

— За год было праведзена 10 рабочых груп. Мы дамагліся перамяшчэння тавару з аднаго гандлёвага пункта ў іншы, нам дазволілі ўсталёўваць адзін тэрмінал на траіх, а на копіях сертыфікатаў якасці дазволілі не ставіць пячаткі, — сказаў прадпрымальнік. — «Цудоўны» вынік за год працы. Відаць на тое, што ўлады паслабілі пальцы на нашай шыі.

На думку гарадзенскага ІП, у цяперашняй эканамічнай сітуацыі ў краіне патрэбна альтэрнатыва ўказу №222.

— Уладам трэба падумаць, як захаваць малы бізнэс, каб ён не памёр. Калі сёння ўлады не памяняюць правілы гульні, то праз год атрымаем масавы зыход ІП з рынкаў, — адзначыў ІП.

Іпэшнік прыводзіць у прыклад гарадзенскі рынак «Паўднёвы», на якім ён гандлюе.

— Рынак становіцца падобны на друшляк. Раней людзі біліся за гэтыя месцы, а цяпер яны нікому не патрэбныя — рэзюмаваў ІП.

«Людзі просяць тавар у растэрміноўку, хутка мы швэдар будзем мяняць на мяшок бульбы»

Прадпрымальнік з Гомеля Святлана Калачова гандлюе жаночай бялізнай. Жанчына пакінула ў родным горадзе толькі адну з трох гандлёвых кропак і занялася бізнэсам у расейскім горадзе Клінцы. Яна распавядае, што хацела зачыніць у Гомелі апошні пакінуць, але вырашыла пакінуць, каб «паказваць чыноўнікам, што паводле ўказу №222 немагчыма працаваць».

— Пакупнікі нічога не бяруць, для іх гэта дорага. Ніжняя бялізна стала прадметам раскошы, — наракае жанчына.

З яе слоў, за тавар з усімі неабходнымі дакументамі даводзіцца значна пераплачваць, што адбіваецца на цане тавару для пакупніка.

Іпэшніца з Магілёва Ірына прадае мужчынскі трыкатаж, яна падтрымлівае гомельскую калегу. З ейных слоў, пакупнікі нярэдка просяць тавар у пазыку.

— Некаторыя пастаянныя кліенты прыходзяць і пытаюцца, ці можна ўзяць тавар у крэдыт. Я кажу, што не маю права выдаваць тавар у крэдыт. Тады яны пытаюцца, ці можна ў растэрміноўку. Абяцаюць за 3 месяцы выплаціць. Я хачу дапамагчы людзям, але я не ведаю, дзе я буду праз 3 месяцы. Можа, папрацую 1,5 месяца і пайду. Немагчыма працаваць. Хутка будзем мяняць швэдар на мяшок бульбы, — кажа ІП.

Ірына распавядае, што «думала сысці, але няма куды, няма свабодных вакансій — нават дворніка».

Жанчына прапануе чыноўнікам адправіцца ў камандзіроўку «ў кепцы пад выглядам пакупніка, каб убачыць рэальную сітуацыю».

Прадпрымальніца Тамара спрабуе прадаць тавар у Маладзечанскім і Валожынскім раёнах. З ейных слоў, ёй таксама часта даводзіцца рэчы адпускаць у пазыку.

— У раёнах заробкі яшчэ ніжэйшыя, чым у гарадах. Вось і даводзіцца даваць тавар у пазыку. Да прыкладу, мне два чалавекі з Валожына вінныя грошы. А як быць? Інакш нічога не прадам, — адзначае жанчына.

— Працягваем заяўляць аб гатоўнасці пачаць страйк і мітынгі на выпадак правядзення масавых праверак з канфіскацыямі і штрафамі, — рэзюмаваў Шумчанка. — Сёння ва ўлады няма іншай альтэрнатывы, як слухаць народ і выконваць яго патрабаванні. Сітуацыя сёння крытычная, не да вынаходстваў. Мы хочам жыць у сваёй краіне бяспечна і спакойна.

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках