18 красавiка 2024, Чацвер, 15:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РФ вядзе ў дачыненні да Беларусі такую ж палітыку, як перад захопам Крыма

27
РФ вядзе ў дачыненні да Беларусі такую ж палітыку, як перад захопам Крыма

Пяць прыкладаў таго, чым сённяшняя Беларусь нагадвае Украіну.

Выказванне міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча аб тым, з чаго пачынаюцца «каляровыя рэвалюцыі», нагадала пра словы экс-міністра МУС Украіны Віталя Захарчанкі, якія прагучалі ў першыя тыдні супрацьстаяння ў Кіеве:

— Дэталёвы аналіз і маніторынг сродкаў масавай інфармацыі сведчыць аб тым, што асабліва апошнія месяцы супраць міністэрства ўнутраных спраў разгорнутая, скажоная, пабудаваная нярэдка на неправераных звестак, інфармацыйная прапаганда.

Гэта не адзінае падабенства ў біяграфіях двух міністраў. Больш таго, гэта адна з паралеляў у сучаснай гісторыі беларусаў і ўкраінцаў. «Салідарнасць» сабрала пяць прыкладаў таго, чым сённяшняя Беларусь нагадвае Украіну.

Як украінцы і беларусы патрабавалі адстаўкі кіраўнікоў МУС

У ноч з 26 на 27 чэрвеня 2013 года ва ўкраінскай вёсцы Врадзіеўка Мікалаеўскай вобласці трое мужчын жорстка збілі, згвалтавалі і спрабавалі забіць мясцовую жыхарку. Неўзабаве стала вядома, што двое з іх былі мясцовымі афіцэрамі міліцыі. Раз'юшаныя жыхары Врадзіеўкі штурмавалі аддзяленне міліцыі, вымусіўшы арыштаваць падазраваных.

Гэты скандал справакаваў хвалю пратэстаў па ўсёй краіне. Удзельнікі пешага маршу ў Кіеў патрабавалі адстаўкі міністра МУС Захарчанкі. Але той адмовіўся, заявіўшы пра пачатак маштабных рэформаў у ведамстве.

Год назад пісалася пра ўрокі Врадзіеўкі для беларускіх міліцыянтаў, якія сталі ўсё часцей трапляць у скандальныя гісторыі. Год прайшоў, але колькасць скандалаў з удзелам служыцеляў закона не зменшылася. Рэакцыяй грамадства сталі спробы дамагчыся адстаўкі міністра ўнутраных спраў. Першая спроба была зробленая ў красавіку, у лістападзе на сэрвісе change.org стартаваў новы збор подпісаў. Яго ініцыятары перакананыя, што Ігар Шуневіч не спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі.

Як Расея спыніла ўкраінскі імпарт

14 жніўня 2013-га Федэральная мытная служба Расеі прыпыніла імпарт усіх без выключэння ўкраінскіх тавараў, унёсшы іх у пералік «рызыкоўных». У той час на расейскі рынак прыпадала чвэрць усяго экспарту Украіны.

Калумніст расейскай рэдакцыі часопіса «Форбс» назваў у якасці прычыны такой беспрэцэдэнтнай акцыі жаданне Масквы паказаць Кіеву, што будзе ў выпадку абрання ім еўрапейскага шляху.

Нагадаем, што да падпісання Украінай Пагаднення аб Асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з ЕЗ заставаліся лічаныя месяцы. У выніку тагачасны ўкраінскі прэзідэнт Віктар Януковіч адмовіўся падпісваць пагадненне, што не ў апошнюю чаргу можна растлумачыць вынікам эканамічнага шантажу Расеі. Што было далей, мы выдатна памятаем.

Гісторыя гандлёвых войнаў Беларусі і Расеі пакуль яшчэ не ведае такіх прыкладаў, але расслабляцца не варта — расейска-ўкраінскі гандлёвы канфлікт пачынаўся са «знаходжання» ў шакаладзе «Рашэн» канцэрагена бензапірэн.

Апошнія ж тэндэнцыі насцярожваюць. Ад кропкавых акцый па забароне ўвозу прадукцыі асобных вытворцаў расейскі бок пераходзіць да агульных абвінавачванняў. Свежы прыклад: кіраўнік Федэральнай службы ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду РФ Сяргей Данкверт абвінаваціў беларусаў у тым, што яны труцяць расейцаў няякаснай прадукцыяй:

— Канкураваць з прадукцыяй з Беларусі складана — яна таннейшая, шмат у чым за кошт таго, што яна сфальсіфікаваная. Вядома, печань і ныркі вытрымліваюць дастаткова доўга, можна нейкі час задумвацца. Гэта ж не мыш'яку адразу выпіў, гэта ж малака папіў фальсіфікаванага, нічога страшнага.

Не адстаюць ад чыноўнікаў і расейскія СМІ, якія абвінавачваюць беларусаў у падаражанні малака.

Як да 2014-га Крым быў «дрэнным»

У гэта складана паверыць, але за некалькі гадоў да анексіі Крыма, расейская прапаганда не гідзілася выпускам жахалак пра небяспеку адпачынку на паўвостраве. Напрыклад, у 2011-м тэлеканал НТВ паказаў сюжэт пра затопленыя ля крымскіх берагоў сотні бочак з хімічнай зброяй часоў Другой сусветнай вайны.

«У лік курортаў, куды страшна ехаць, услед за Егіптам і Тунісам рызыкуе трапіць традыцыйна папулярны сярод расейцаў Крым», — палохаў сваіх тэлегледачоў тэлеканал, які праз два гады разам з іншымі калегамі ператварыўся ў самую сапраўдную зброю — інфармацыйную.

Інфармацыйная вайна з Расеяй не ў навінку і нам. Апошнія падзеі паказваюць, што ўсё часцей гучаць абвінавачванні ў адрас беларусаў у цэлым, а не толькі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Нас абвінавачваюць у спробе павярнуцца на Захад, росце расеяфобіі і нацыяналістычных настрояў.

Гісторыя пра тое, дзе хаваліся захопнікі Славянска

Вясной 2014-га ўзброеная група баевікоў, якую ўзначальвае грамадзянін Расеі Ігар Гіркін (Стралкоў), захапіла горад Славянск у Данецкай вобласці. Як пазней заявіла ў судзе былы мэр горада Нэля Штэпа, у захопе бралі ўдзел блізу тысячы чалавек. Прыкладна чвэрць з іх напярэдадні атакі хавалася на тэрыторыі Свята-Успенскай лаўры ў суседнім Святагорску. Пра базу прарасейскіх баевікоў на тэрыторыі лаўры заявілі і мясцовыя жыхары.

Адзін з верхаводаў сепаратыстаў Павел Губараў у сваёй кнізе, прысвечанай падзеям на Данбасе, піша, што Гіркін разам са сваім атрадам напярэдадні захопу адміністрацыйных устаноў Славянска спыніўся ў доме настаяцеля Свята-Васкрасенскага храма айца Віталя Вясёлага, вядомага сваімі прарасейскімі поглядамі.

Гэта толькі некалькі прыкладаў магчымага ўдзелу святароў праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату ў канфлікце ва Украіне на баку сепаратыстаў. Мы ж успомнім аб адпраўцы беларускіх дзяцей у арганізаваныя расейскімі неанацыстамі трэніровачныя лагеры пры непасрэдным удзеле Віцебскай епархіі БПЦ, а таксама аб сумнеўных «вайскова-патрыятычных» клубах, створаных на Гарадзеншчыне пры ўдзеле праваслаўнай царквы.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках