25 красавiка 2024, Чацвер, 4:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На будпляцоўцы БелАЭС зноў загінуў рабочы?

15
На будпляцоўцы БелАЭС зноў загінуў рабочы?
ФОТА: БЕЛТА

Інфармацыя аб гібелі маладога рабочага на будаўнічай пляцоўцы АЭС у Астраўцы з'явілася ўчора ў сацсетках.

«Толькі што атрымаў званок: два дні таму на Астравецкай АЭС загінуў рабочы. Кажуць, малады хлопец, толькі з войска прыйшоў, сарваўся з вышыні — і да смерці», — напісаў у Facebook сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Ускосна гэтыя звесткі БелаПАН пацвердзіў адзін з рабочых БелАЭС, які папрасіў не называць яго імя. «Дзесьці тры-чатыры дні таму ўпаў чалавек каля катлавана. Малады, толькі з войска прыйшоў. Казалі, праверка прыязджала», — распавёў рабочы, адзначыўшы, што сам ён не быў відавочцам здарэння.

Адміністрацыя РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» не пацвярджае гібелі рабочага на будаўнічай пляцоўцы. «Не пацвярджаецца інфармацыя пра загінулага», — заявіў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд.

Нагадаем, у верасні гэтага года намеснік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк паведаміў журналістам, што за ўвесь час збудавання Беларускай АЭС на будаўнічай пляцоўцы загінулі тры чалавекі. «У сродках масавай інфармацыі гучалі лічбы, што дзесяць чалавек загінула. Ды не загінула дзесяць чалавек, было дзесяць няшчасных выпадкаў на будаўніцтве за ўсе гэтыя гады. Пры такім аб'ёме, калі на будаўніцтве працуе больш за пяць тысяч чалавек больш чым на 100 аб'ектаў, чалавечы фактар, на жаль, часам спрацоўвае», — сказаў чыноўнік.

З ягоных слоў, толькі тры з гэтых няшчасных выпадкаў прывялі да гібелі людзей. «У адным выпадку стопаршчык не замацаваў груз (балон) як след. Адзін няшчасны выпадак звязаны з асабістай неасцярожнасцю пацярпелага — спускаўся з лесвіцы, паслізнуўся, упаў і, на жаль, атрымаў смяротную траўму. А трэці выпадак — гэта падзенне з вышыні, калі працоўны не прышпіліўся поясам, хоць пояс у яго быў», — распавёў Міхадзюк.

БелАЭС будуецца прыкладна за 20 кіламетраў ад Астраўца (Гарадзеснкая вобласць). Станцыя будзе складацца з двух энэргаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока праз падзенне корпуса рэактара ў ліпені гэтага года перанесены на 2019 год, другі блок плануецца запусціць у 2020-м. Пад будаўніцтва аб'екта Расея выдзеліла Беларусі крэдыт на 10 млрд даляраў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках