29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што чынушы хаваюць ад народа

21
Што чынушы хаваюць ад народа

Па ўзроўню галоснасці і падсправаздачнасці чыноўнікаў Беларусь ужо 17 гадоў - сярод горшых 10% краін паводле індыкатара Сусветнага банка.

«Рэформа» дзяржаўнага кіравання ў Беларусі ідзе ўжо шмат гадоў. Але ад перамены колькасці чыноўнікаў і назваў дзяржструктур іх эфектыўнасць у лепшы бок не мяняецца. Ва ўсякім выпадку, у плане ўзаемаадносін з грамадствам.

Дзяржава працуе «па традыцыі», не задумваючыся, якія з выконваемых ім функцый актуальныя, а якія — варта пакінуць у мінулым.

— Пара перагледзець выкананыя дзяржструктурамі функцыі і адмовіцца ад тых, якія не адпавядаюць выклікам, адмовіцца ад сістэмы, у якой адзін і той жа дзяржаўны орган імплементуе палітыку, распрацоўвае яе і кантралюе, — заявіў падчас канферэнцыі SYMPA/BIPART у публічным адміністраванні кіраўнік напрамку працы з дзяржаўнымі органамі Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнэсу Яўген Мардасевіч.

Сярод праблем дзяржаўнай сістэмы экспэрт называе адсутнасць прынцыпаў дзяржаўнага кіравання, вялікую колькасць міністэрстваў і ведамстваў, але недастатковую колькасць іх супрацоўнікаў, піша Заўтра тваёй краіны.

За зачыненымі дзвярыма

Не менш актуальнымі недахопамі дзяржаўнага ладу экспэрты называюць нізкі ўзровень галоснасці і падсправаздачнасці. Па гэтых параметрах Беларусь ужо сямнаццаты год сярод горшых 10% краін паводле індыкатара Сусветнага банка.

Аўтары даследавання «Распрацоўка прапаноў рэформаў, накіраваных на мадэрнізацыю заканадаўства і практык у сферы дзяржаўнага кіравання», якое праводзіцца ў рамках праекта РЭФОРУМ, выявілі некалькі напрамкаў, у якіх ужо сёння можна пачынаць працу ў рэфармаванні дзяржаўнага кіравання. Экспэрт у галіне дзяржкіравання, кіраўніца даследаванняў праекта Беларускі інстытут рэформы і трансфармацыі публічнага адміністравання (BIPART) Іна Рамашэўская кажа, што ў даследаванні сфакусаваліся на тых зменах, якія дастаткова актуальныя і могуць быць рэалізаваны «хоць заўтра».

Перш за ўсё аўтары рэкамендуюць вызначыцца з паняццем, што ж такое дзяржаўнае кіраванне, якія ў яго функцыі. Пасля чаго можна будзе брацца за павышэнне эфектыўнасці працы дзяржструктур. У тым ліку складаць праграмы працы з улікам адпраўнога пункта, рэальнай сітуацыі, лічбавых паказчыкаў.

— Калі да дзяржаўных праграмаў прыкласці крытэрыі прадпрымальніцтва: распрацоўку бізнэс-плана, стратэгіі, то высвятляецца шмат слабых месцаў, няўвязак, — лічыць Іна Рамашэўская.

Важна таксама, каб дзяржорганы праводзілі кансультацыі з тымі, хто задзейнічаны ў канкрэтнай праграме і на каго яна ўплывае. Гэта змяненне вядзе да больш маштабнага пытання – адкрытасці дзяржавы.

Навошта грамадству ведаць, як працуюць дзяржаўныя структуры?

Адным з крокаў па рэфармаванні дзяржкіравання, на думку экспэртаў, можа стаць адмова ад прынцыпу, калі ўся інфармацыя лічыцца закрытай і сярод яе вылучаецца тая, якую можна даць грамадзянам. Замест гэтага абапірацца на прынцып адкрытасці – калі ўся інфармацыя аб дзейнасці дзяржаўных органаў лічыцца даступнай для насельніцтва, выключаючы тую яе частку, якая згодна з выразным тлумачэннем і крытэрам можа быць закрытай.

Сябра рады Школы маладых мэнэджараў публічнага адміністравання (SYMPA) Таццяна Кузіна мяркуе, што ёсць асцярожная тэндэнцыя да большай адкрытасці дзяржаўных структур. Хоць нават правядзенне грамадскіх кансультацый у розных органах было заканадаўча замацаванае толькі ў некалькіх абласцях. І больш за іншых тут дамагліся прадпрымальнікі: з імі кансультуюцца досыць актыўна.

Каб працягнуць гэта рух, экспэрт прапануе ўкараніць публікацыю зваротнай сувязі аб тым, што адбылося з прапановамі, якія паступілі ў працэсе грамадскіх кансультацый.

— Добрай практыкай з'яўляецца стварэнне онлайн-платформаў для грамадскага абмеркавання. Але важна, каб гэта былі не проста формы, а пляцоўкі, дзе падаецца ўся інфармацыя, якая дапамагае экспэртнай супольнасці і грамадскасці лепш зразумець неабходнасць, важнасць, прычыны нарматыўных актаў, механізмы прыняцця рашэнняў, — каментуе Таццяна Кузіна.

Досвед Малдовы і Славеніі, дзе ствараліся сучасныя парталы, у якіх карыстальнік можа ўбачыць усе папраўкі нарматыўна-прававых актаў, вынікі ўсіх чытанняў і пасяджэнняў, усе праведзеныя мерапрыемствы і рэдакцыі канкрэтнага дакумента, можна пераняць і Беларусі.

Акрамя гэтага дзяржорганы могуць ствараць рэестр, дзякуючы якому без дадатковай нагрузкі дзяржорган будзе мець спіс асоб, зацікаўленых у інфармацыі аб дакументах, якія прымаюцца. З аднаго боку, гэта дае больш магчымасцяў грамадскасці, з другога – памяншае колькасць бюракратычных працэдур.

Чыноўнікі з падазрэннем ставяцца да прапановаў быць больш адкрытымі, але яны і самі бачаць, што праблем на дзяржаўнай службе дастаткова. Хоць чыноўнікі ўпэўненыя, што гэтыя ўнутраныя праблемы і іх не трэба выносіць на ўсеагульны агляд.

— Але ж дзяржорганы працуюць на грамадства, якое іх утрымлівае. А значыць, і мае права ведаць, што ў іх адбываецца, — лічыць Іна Рамашэўская.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках