21 траўня 2019, aўторак, 1:11
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Алесь Макаеў: Настае час рашучых дзеянняў

299

Лідар прадпрымальнікаў звярнуўся да беларусаў.

Алесь Макаеў заклікае індывідуальных прадпрымальнікаў выйсці 15 лютага а 12-00 на Кастрычніцкую плошчу Менска ў знак пратэсту супраць указу Лукашэнкі №222, які паралізаваў іх працу.

Прыводзім тэкст звароту прадпрымальніка цалкам:

Чаму 15 лютага трэба выйсці на Плошчу?

Шмат хто ведае словы: калі нацысты прыйшлі за камуністамі, я маўчаў, я ж не камуніст. Потым яны прыйшлі за прафсаюзнымі дзеячамі, я маўчаў, я ж не сябра прафсаюза. Потым яны прыйшлі за габрэямі, я маўчаў, я ж не габрэй. А потым яны прыйшлі за мной, і ўжо не было нікога, хто б мог пратэставаць. Належаць яны аднаму з самых вядомых змагароў з нямецкім нацызмам пратэстанцкаму пастару Марціну Німёлеру, які правёў у засценках амаль 10 гадоў. Ён выдатна спазнаў на сваім досведзе сэнс гэтых слоў. Яму пашанцавала - ён выжыў і перажыў Гітлера. Але пашанцавала далёка не ўсім...

Ёсць старажытны прынцып: падзяляй і ўладар! Менавіта паводле гэтага прынцыпу любая ўлада творыць свае страшныя справы - бо сутыкнення з усім народам не вытрымае ні адзін рэжым. Нават, калі на яго баку будуць тысячы ўзброеных галаварэзаў, ніхто не зможа выстаяць, калі пра свае правы заявіць увесь народ. А пакуль мы ўсе раз'яднаныя.

Калі для работнікаў дрэваапрацоўкі былі ўведзеныя амаль рабаўладальніцкія законы, якія забараняюць ім звальняцца з прадпрыемстваў на час мадэрнізацыі, мы ўсё стаялі ўбаку. Мы ж не дрэваапрацоўшчыкі! Калі сталі скарачаць працоўны тыдзень на заводах, адпраўляючы людзей у неаплатны адпачынак або наогул звальняць, мы маўчалі. Мы ж не рабочыя! Сёння ўлада наважыла знішчыць як клас індывідуальных прадпрымальнікаў. Тысячы людзей застануцца без працы, дзесяткі тысяч іх сямейнікаў без сродкаў да існавання, таму што хтосьці наважыў, што прадпрымальнікі - гэта бандыты і ворагі дзяржавы.

Мне здаецца, што гэта мы ўжо праходзілі! Не думайце, што гэта закране толькі прадпрымальнікаў! У выніку сотні тысяч простых людзей будуць пазбаўленыя магчымасці купіць таннейшыя тавары, а, значыць, больш даступны для нашага бяднеючага з кожным месяцам народа. Дзяржава такім чынам ліквідуе з рынку незалежнага прадаўца - свайго канкурэнта.

Адначасова з гэтым уведзеныя жорсткія правілы атрымання міжнародных пасылак і правілы правозу тавараў з-за мяжы. Робіцца гэта толькі з адной мэтай, каб потым за нас вырашаць, што нам есці, якое адзенне насіць, і якім коштам усё гэта нам прадаваць. Таму што выбару ў нас ужо не будзе. І дзяржаўныя СМІ ўсяляк імкнуцца стварыць адмоўны вобраз прадпрымальнікаў, якія не саромеючыся называць іх «вашывымі блохамі». Аказваецца, што гэта менавіта яны знішчылі беларускую лёгкую прамысловасць - таму што прапанавалі танны і якасны тавар! А дзяржава гэтага не змагла і не зможа. І большасць людзей стаяць у баку, моўчкі назіраючы: мы ж не прадпрымальнікі.

Заўтра пад удар патрапіць нехта іншы! Яны ўжо заяўляюць: лекары мала працуюць! Але мы маўчым - мы ж не лекары... Заробкі 60 даляраў для дзіцячых трэнераў досыць! Але мы ж не дзіцячыя трэнеры!

Але не спадзявайцеся адседзецца ў баку, у гэтага «гасудара» яшчэ поўна ідэй, якія закрануць кожнага! Ужо кажуць аб планах павялічыць пенсійны ўзрост. Кажуць пра планы скараціць адпачынак догляду за дзіцём. Паменшыць аплачваемы адпачынак.

І на фоне нашага збяднення, калі сярэдні заробак па краіне ўпаў амаль удвая, ідзе пастаяннае падзенне беларускага рубля, растуць кошты, і многія грамадзяне ўвогуле страцілі працу ці працуюць па скарочаным графіку, яны плануюць яшчэ і прымусіць нас аплачваць 100% камунальныя паслугі і праезд. Ужо чаго, а «выдатных» думак, як зрабіць жыццё кожнага з нас яшчэ больш цяжкім у іх поўна!

Лукашэнка абяцаў перад выбарамі да 2015 года заробак 1000 даляраў. Ён ужо забыўся пра гэта? Ці не пара задаць яму гэтае пытанне? Цяпер яны лічаць, што мы зможам жыць за 60! Яшчэ трохі, і яны наважаць, што мы павінны працаваць на іх за дарма, бо яны хочуць захаваць свае катэджы і дарагія аўтамабілі. І пакуль мы раз'яднаныя, яны могуць прымаць любыя законы.

Надыходзіць час рашучых дзеянняў, калі мы павінны заявіць пра сваю сілу і прымусіць лічыцца з намі. Калі гэтыя людзі так і не навучыліся кіраваць дзяржавай за 20 гадоў - няма ніякай надзеі, што гэта калісьці адбудзецца. Яны хочуць захаваць свае залатыя батоны і залатыя ўнітазы, а мы хочам выжыць! Мы хочам даць нашым дзецям надзею на годную будучыню! Таму ніхто не павінен сёння стаяць у баку. Інакш, калі яны прыйдуць за табой і тваімі дзецьмі - ужо не будзе каму цябе абараніць.

Я заклікаю ўсіх выйсці 15 лютага на Плошчу на мірную акцыю пратэсту, каб дзяржава пабачыла наша адзінства і сілу. Тыя людзі, якія стаяць цяпер ля кіраўніцтва краіны, заблыталіся, яны заблудзіліся, яны забыліся. Яны думаюць, што гэта яны - улада, але яны ўсяго толькі нашы слугі, слугі народа! І, калі яны не спраўляюцца са сваёй працай, не робячы наша жыццё багацейшым і больш годным з кожным годам, а, наадварот, рабуючы і зневажаючы нас, мы маем поўнае права: адправіць іх у адстаўку! Гэта права нам гарантуе Канстытуцыя. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ.