19 красавiка 2024, Пятніца, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі заплацяць за камунальныя паслугі чыноўнікі з Драздоў?

37

Адна з самых гарачых тэм для абмеркавання на вуліцах і ў інтэрнэце - павелічэнне сумы камунальных выплат.

З пачатку студзеня шматлікія тарыфы істотна выраслі, і беларусы атрымалі нашмат большыя рахункі, чым прывыклі. Да таго ж студзень быў даволі марозным, а значыць, выплаты за ацяпленне былі самымі вялікімі, піша nn.by.

Тым часам старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька апублікаваў квіток для аплаты камунальных паслуг з катэджа старшыні «савета рэспублікі» Міхаіла Мясніковіча.

ФОТА: NN.BY
ФОТА: NN.BY

Летась у жніўні яго рахунак за ваду склаў менш за 30 тысяч рублёў. Вядома ж, гэта не поўная сума камунальных паслуг - проста газ і электрычнасць аплачваюцца паводле іншых квітках.

Для параўнання, сёлета ў студзені Мясніковіч паводле такога ж квітка павінен заплаціць 40 тысяч рублёў - за паўгода рост склаў 33%.

Запазычанасць у катэджа Ярмошынай?

У камунальныя выплаты жыхароў прыватных катэджаў уваходзяць водазабеспячэнне, каналізацыя і вываз смецця. На днях старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына (уладальніца цаглянага дома плошчай 270 м2 у Драздах), атрымала квіток аб аплаце гэтых паслуг на 119 400 рублёў.

Дадатковыя 210 тысяч яна штомесяц плаціць за ахову дома - разлік ідзе па колькасці паверхаў.

ФОТА: NN.BY

Самыя вялікія плацяжы выстаўляюцца за спажытыя газ і электрычнасць. Ярмошына, з яе слоў, жыве адна. Значыць, вялікія сумы на лічыльнік не набеглі. Да таго ж, за апошнія месяцы яна надоўга выязджала за мяжу - у Італію і Францыю.

Тым не менш, у мінулым месяцы Ярмошынай налічаная вялікая сума за газ - 635 тысяч. Магчыма, старшыня Цэнтрвыбаркама не плаціла некалькі месяцаў.

Якая сістэма ацяплення стаіць у Ярмошынай? Яе сусед, былы міністр юстыцыі Віктар Галаванаў у абвестцы аб продажы дома ўказаў, што ўсталявана «паравое ацяпленне на газе». Верагодна, такое ж будзе і ў суседніх дамах у Драздах.

Камунальныя выплаты Шчоткінай выраслі на 59%

Мар'яна Шчоткіна - міністарка працы і сацыяльнай абароны, яна павінна клапаціцца пра тое, каб камунальныя плацяжы не моцна білі па бюджэце насельніцтва.

ФОТА: NN.BY

Шчоткіна дабудоўвае катэдж у «Драздах-2», а пакуль жыве ў прасторнай трохпакаёвай кватэры ў сталічным спальным раёне Кунцаўшчына.

За снежань 2015 года, калі яшчэ дзейнічалі «старыя» тарыфы, Шчоткіна павінна выплаціць 420 400 рублёў.

У студзені 2016 году лічба істотна вырасла - да 667 800 рублёў. Такім чынам, яе персанальны рост камунальных выплат склаў 59%.

Дадаткова Шчоткіна плаціць 70 тысяч рублёў за ахову кватэры.

Калі дадаць аплату за электрычнасць і стацыянарны тэлефон, агульная сума камунальных выплат міністаркі працы і сацыяльнай абароны дарасце да 1 мільёна рублёў.

Мяркуючы па нерухомасці, якой валодае міністарка, рост камунальных выплат яе не вельмі абцяжарыць.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках