28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жорсткая праўда ў кнізе Андрэя Саннікава

22
Жорсткая праўда ў кнізе Андрэя Саннікава
АНДРЭЙ САННІКАЎ ДЫ ІГАР АЛІНЕВІЧ
ФОТА: Павал Дземеш

У Варшаве прэзентавалі кнігу «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры».

Прэзентацыя кнігі лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года і былога палітвязня Андрэя Саннікава «Мая гісторыя. Беларуская «амерыканка» ці выбары пры дыктатуры» прайшла 19 лютага ў Беларускім доме ў Варшаве. Гэтая адкрытая і сумленная кніга распавядае аб прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, Плошчы і сутнасці рэжыму Лукашэнкі.

Як напісала ў прадмове да кнігі нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, «аўтар кнігі кінуў выклік аўтарытарнай сістэме» і паказаў, што «Сталін і ГУЛАГ - гэта не гісторыя», бо аўтарытарная Беларусь у 2010 годзе лёгка паўтарыла савецкі чырвоны тэрор.

«Кніга Андрэя Саннікава аб тым, што д'яблу трэба паказваць люстэрка, каб ён не думаў, што ён нябачны. Ідзі і сцеражы ў сабе чалавека - кажа аўтар. Хочацца верыць, што калі-небудзь мой народ абярэ менавіта такога прэзідэнта. Абярэ будучыню», - напісала Алексіевіч.

«Палова краіны сядзела...»

На прэзентацыю прыйшлі палітыкі, дыпламаты, журналісты, праваабаронцы, студэнты праграмы Каліноўскага. Некаторыя спецыяльна прыехалі ў Варшаву з Беларусі, каб купіць кнігу і ўзяць аўтограф у яе аўтара, паведамляе карэспандэнтка charter97.org.

Раздзелы з кнігі Андрэя Саннікава на вечары чытаў вядучы актор Беларускага Свабоднага тэатра Алег Сідорчык. Распачаў прэзентацыю каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, які падкрэсліў важнасць дакументавання злачынстваў рэжыму.

ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА

«Спачатку нам казалі, што падчас Другой сусветнай у Беларусі загінуў кожны чацвёрты, потым з'явілася інфармацыя, што кожны трэці. А колькі беларусаў сядзела? Кожны дзясяты? Кожны пяты? А можа быць, кожны другі? Я са свайго досведу ведаю, што няма беларускіх сем'яў, у якіх ніхто не сядзеў. Або за Сталіным, або за Хрушчовым, або за Брэжневым, або за Лукашэнкам, - сказаў палітык. - І калі столькі людзей сядзела ў турмах і лагерах, то натуральна з'яўлялася і свая так званая «турэмная» або «лагерная» літаратура. Сярод самых вядомых кніг беларусаў, якія перажылі ГУЛАГ - гэта «Споведзь» беларускай паэткі Ларысы Геніюш, кніга «Расея ў канцлагеры» Івана Саланевіча і кніга Францішка Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ». Ёсць і іншыя беларускія кнігі пра ГУЛАГ, пра турму. І іх абсалютна дакладна пісалі з надзеяй, што такія жорсткія падзеі больш ніколі не паўторацца.

Але вось адбыліся падзеі Плошчы - у турме за некалькі дзён апынуліся больш за 700 чалавек, сярод іх кандыдаты ў прэзідэнты, сябры іх выбарчых штабоў. Адначасова з'явілася некалькі кніг на гэтую тэму. Гэта кнігі Ігара Аліневіча, Алеся Бяляцкага, Змітра Дашкевіча, Ірыны Халіп, Паўла Севярынца, Аляксандра Фядуты і Уладзіміра Някляева, Анатоля Лябедзькі ды іншых. Усе яны - пра жорсткую сістэму ўжо не савецкіх, а беларускіх турмаў.

Аднак надоечы еўрапейскія палітыкі прынялі пастанову зняць санкцыі з тых беларускіх катаў, садыстаў, якія саджалі і мучылі кандыдатаў у прэзідэнты і сябраў іх штабоў.

Таму, магчыма, усё яшчэ мала інфармацыі пра нашу краіну, мала інфармацыі пра тую сістэму турмаў і канцэнтрацыйных лагераў, якімі ўсеяная сёння наша краіна».

«Увасабленне дэмакратычнага драйву»

Аднак, са слоў Змітра Бандарэнкі, у беларускага грамадства агулам і ў Андрэя Саннікава асабіста шмат сяброў-еўрапейцаў, якія падзяляюць погляды беларускай апазіцыі і падтрымліваюць былых палітвязняў. Сярод іх - вядомы сацыёлаг і аналітык з Славакіі Грыгорый Мясежнікаў.

Выступаючы на прэзентацыі, Мясежнікаў адзначыў, што ў кожным грамадстве, якое стаіць на шляху да дэмакратыі і рыхтуецца да кардынальных змен, ёсць чалавек, які ўвасабляе гэтыя перамены.

«У Чэхаславакіі такім чалавекам быў Вацлаў Гавел, у Польшчы - Лех Валенса, у Вугошчыне - Арпад Генц. У былым Савецкім саюзе гэта быў Андрэй Сахараў. Я мяркую, што фігурай, якая ўвасабляе патрэбу змяненняў і дэмакратычны драйв у Беларусі, з'яўляецца Андрэй Саннікаў.

Я чытаў асобныя раздзелы гэтай кнігі - там ёсць старонкі, якія немагчыма чытаць без захаплення, але ёсць і старонкі, якія немагчыма чытаць без узрушэння. Гэта кніга нават не столькі пра самога Андрэя Саннікава, колькі пра ўсю краіну.

Вялікі палітык, першы прэзідэнт Чэхаславакіі Томаш Масарык сказаў: «Дэмакратыя не можа быць без дэмакратаў». І я ўпэўнены, што калі ў Беларусі адбудуцца кардынальныя змены, беларуская дэмакратыя будзе ў добрых руках», - упэўнены Грыгорый Мясежнікаў.

ГРЫГОРЫЙ МЯСЕЖНІКАЎ

Выбух у менскім метро

Алег Сідорчык зачытаў урывак з кнігі Саннікава «Выбух у метро». Вядоўца вечара Зміцер Бандарэнка пацвердзіў інфармацыю, агучаную ў кнізе - аб магчымым дачыненні беларускіх спецслужбаў да гэтага злачынства.

«15 красавіка 2011 года мяняе выклікаў да сябе ў кабінет начальнік турмы, палкоўнік Арлоў, які распавёў мне, што злачынства ў менскім метро ўжо раскрытая і выяўленыя некалькі чалавек, якія арганізавалі і ажыццявілі гэты выбух. Ён паказаў мне відэакадры з камер назірання ў менскім метрапалітэне, дзе, паводле ягоных слоў, быў зафіксаваны маршрут руху галоўнага тэрарыста ад уваходу ў метро да платформы станцыі метро «Кастрычніцкая». Асаблівую ўвагу палкоўнік КДБ звярнуў на тое, што «тэрарыст» дзейнічаў не адзін і яго суправаджала некалькі чалавек, якія ім нават кіравалі. Гэтых людзей ён паказаў мне на кадрах відэа. А потым, як вядома, на судзе сцвярджалася, што ў той дзень дзейнічаў толькі адзін «тэрарыст» Канавалаў», - паведаміў Бандарэнка.

«Лукашэнкаўская эпоха - гэта шэраг безупынных злачынстваў»

Падчас зняволення Андрэй Саннікаў прайшоў праз чатыры турмы і чатыры калоніі і праз некаторыя з іх - не адзін раз. У адной з гэтых калоній палітык пазнаёміўся з яшчэ адным цяпер ужо былым палітвязням, лідарам беларускага анархісцкага руху і аўтарам кнігі «Еду ў Магадан» Ігарам Аліневічам.

«Наогул чырвоная эпоха жыцця нашай краіны - гэта шэраг безупынных злачынстваў. Але ацэнку з вялікай трыбуны гэтыя злачынствы дагэтуль не атрымалі. Яе давалі прадстаўнікі літаратурнага свету ў выглядзе сваіх успамінаў.

Прайшлі дзесяцігоддзі і, на жаль, ацэнку новым падзеям павінны даваць новыя вязні. Кніга Андрэя Саннікава з'яўляецца вялізным крокам да таго моманту, калі мы дакладна даведаемся імёны ўсіх загінулых, імёны ўсіх, у каго былі зламаныя лёсы, сем'і, імёны людзей, якія былі абгавораныя. Гэта вельмі сумна, што гэтыя довады атрымліваюцца толькі такім шляхам - шляхам асабістага досведу, - сказаў Ігар Аліневіч. - І я не з чутак ведаю, які досвед меў Андрэй Алегавіч. Першым разам мы з ім сустрэліся ў карантыне ў лагеры «дзясятка». Калі мы першы раз ішлі строем у сталоўку, арыштанты ўсёй зоны сабраліся, каб паглядзець на Андрэя Алегавіча. Людзі выбягалі са строю, хоць гэта забаронена, ціснулі яму рукі і пляскалі па спіне.

Потым я шмат разоў перасякаўся з людзьмі, якія сядзелі з Андрэем у адным атрадзе або дзесьці яшчэ яго бачылі, і заўсёды пра яго былі вельмі цёплыя ўспаміны. Я вельмі хацеў бы, каб гэтая кніга стала апошняй перад тым днём, калі такіх кніг ужо пісаць не будзе патрэбы».

Ігар Аліневіч

Казаць праўду ў цяжкіх умовах

Яшчэ адзін сябра былы палітвязень, актывіст польскай «Салідарнасці», былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы, а на гэты момант прэзідэнт Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі сказаў падчас прэзентацыі, што кнiга Андрэя Саннікава будзе нагадваць беларусам пра тое, што свабода не даецца проста, што свабода патрабуе ахвяр і адчайных учынкаў.

«Андрэй нарадзіўся ў Менску дзесьці паміж кінатэатрам і сінагогай. Што ж, жыццё было больш складаным, чым кіно, ды і ў габрэяў таксама быў няпросты лёс.

Тое, што перажыў беларускі палітвязень Андрэй Саннікаў - жудасна. Гэта тое, чаго ўжо дакладна не пажадаеш сваім блізкім. І Андрэю ўдалося расказаць пра гэта так, каб кожны, хто, на шчасце, не знаходзіўся ў такіх умовах, адчуў гэта.

Ведаеце, Беларусь будзе вольнай. Але вельмі важна не забыцца, праз што прайшлі некаторыя з вас на шляху да гэтай свабоды, якія ахвяры прынеслі. Гэтая кніга - акурат пра такі нялёгкі шлях.

Нягледзячы на тое, што еўрапейскія палітыкі скасавалі санкцыі, мы не спынім падтрымліваць вашыя ініцыятывы і дапамагаць незалежным інстытутам у Беларусі. Гэта наш абавязак. Былі часы, калі нашаму падполлю дапамагалі: нашым сем'ям высылалі грошы, нашых дзяцей забяспечвалі лекамі. Таму мы спрабуем і вам дапамагчы цяпер. І мы ўпэўненыя, што ў вас усё выйдзе», - сказаў Кшыштаф Станоўскі.

Кшыштаф Станоўскі

Сярод гасцей імпрэзы быў і былы міністр замежных спраў Славакіі, прадстаўнік Нямецкага фонду Маршала Павал Дземеш. Вечарам 19 снежня 2010 года ён асабіста прысутнічаў на Плошчы ў Менску.

«Я б сказаў пра Андрэя Саннікава так: мужны, разумны чалавек прынцыпаў. Мужны, бо адважыўся весці барацьбу з аўтакратам. Мала хто верыў, што гэта атрымаецца, многія баяліся, але Андрэй узяў на сябе такую адказнасць. Саннікаў, як ніхто іншы, умее тлумачыць і даносіць на міжнародных канферэнцыях парадокс беларускай палітыкі. Андрэй - чалавек прынцыпаў. Я ведаю многіх, хто мяняў пасля выбараў свае падыходы да жыцця і барацьбы. А ён застаўся ранейшым, умее казаць праўду ў цяжкіх варунках, - сказаў Павал Дземеш. - Калі першы раз чытаеш гэтую кнігу - зведваеш шок. Калі чытаеш другі - разумееш, што гэта кніга пра сілу сям'і, пра сілу сяброўства. Рэдактар ангельскай версіі гэтай кнігі даслаў мне SMS: «Я не мог стрымаць слёз, калі над гэтым працаваў. Які ж гэта гонар - ведаць такога чалавека».

Павал Дземеш

«Мы ўсё адно выжывем!»

Пра кнігу свайго мужа таксама выказалася вядомая журналістка Ірына Халіп, якая таксама была арыштаваная 19 лістапада 2010 года:

«Гісторыя ходзіць колам і ў ёй, на жаль, нічога не мяняецца акрамя зэкаў. Але ў мяне ёсць надзея, з гэтага кола можна вырвацца. Не трэба арыентавацца на турмы, лагеры, трэба арыентавацца на сябе, на сяброў, на сям'ю, на добрых людзей і на добрыя твары, - мяркуе Халіп. - Сёння падавалася ў прыклад шмат турэмных кніг. Асабіста для мяне любімая кніга з «турэмнай» серыі - «Запiскi лагернага прыдурка» Валерыя Фрыда. Яна настолькі аптымістычная! Там галоўны пасыл не такі, што, маўляў, усе страшна і непапраўна. Наадварот, ён кажа «пляваць на цяжкасці, мы ўсё адно выжывем!» Менавіта так, на мой погляд, трэба перажываць усе выпрабаванні, якія выпадаюць.

Я б шчыра хацела, каб не нашым дзецям давялося помсціць за нас, а мы самі скончылі з гэтай жудаснай дыктатурай. Я спадзяюся, што мы адновім справядлівасць, і такія кнігі, як «Мая гісторыя» наогул не будзе нагоды выдаваць».

ІРЫНА ХАЛІП

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў падзякаваў усім, хто дапамагаў і падтрымліваў яго ў выданні кнігі. Польскім дыпламатам Кшыштафу Станоўскаму і Марціну Вайцяхоўскаму - за самую ідэю напісання «Маёй гісторыі», каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» Змітру Бандарэнку і галоўнай рэдактарцы сайта charter97.org Наталлі Радзінай - за парады пры напісанні кнігі, пісьменніку Уладзіміру Халіпу - за аўтарызаваны пераклад на беларускую мову, амерыканскай праваабаронцы Кэці Фіцпатрык і ангельскаму журналісту Робіну Шэпарду - за пераклад і рэдагаванне кнігі на ангельскую мову, і ўсім хто дапамагаў надрукаваць кнігу - судырэктарку Беларускага дома Уладзіміру Кобецу, людзям у Беларусі, якія ў падпольных умовах рэдагавалі і стваралі макет кнігі, польскім сябрам, якія дапамаглі выдаць яе ў Варшаве.

Аўтар таксама выказаў падзяку польскаму Фонду міжнароднай салідарнасці і Нямецкаму фонду Маршала - за дапамогу ў выданні кнігі. Саннікаў удзячны выдавецтву «Асновы» (Украіна) за дапамогу ў рэдагаванні і выдатную вокладку, і выдавецтву East View Press за выданне кнігі ў ЗША.

«Так супала, што кніга была прэзентаваная ў Варшаве адразу пасля пастановы Еўразвязу скасаваць санкцыі. Напэўна, у гэтым ёсць нейкі сімвал, бо ў маёй гісторыі гаворыцца пра вельмі цяжкую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, пра катаванні і пераслед людзей, пра забойствы і знікненні. Я паспрабую, каб у Брусэлі гэтую кнігу атрымалі і прачыталі», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках