25 красавiка 2024, Чацвер, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы - бандыты, якія даюць заробак кучы чыноўнікаў»

24
«Мы - бандыты, якія даюць заробак кучы чыноўнікаў»
ФОТА: NN.BY

ІП маюць намер прадаўжаць пратэсты 28 лютага.

На чарговы мітынг, які ўчора прадпрымальнікі і палітыкі правялі ў Менску, сабралася блізу 500 чалавек. Вядома, не ўсе з іх - ІП. Былі і тыя, хто прыйшоў проста з салідарнасці. Tut.by пагаварыў менавіта з прадстаўнікамі малога бізнэсу аб тым, як яны цяпер выжываюць без працы.

ІП з Барысава: «У мяне пенсія на носе, хто мяне возьме на працу?»

Самай прадстаўнічай дэлегацыяй ІП з рэгіёнаў на мітынгу была, мабыць, група гандляроў з Барысава. Напрыклад, 52-гадовая Аксана Барадач, педагог па адукацыі, гандлюе на мясцовым рынку амаль 15 гадоў. Жанчына прадае мужчынскі абутак і недарагія спартыўныя касцюмы. Яшчэ летась яна адзін раз на месяц ездзіла па тавар у Маскву, у сярэднім зарабляла дзесьці 8-10 мільёнаў рублёў.

- Я амаль два месяцы не працую, сяджу дома, п'ю таблеткі, заікацца стала. Але я хачу працаваць, мы патрабуем права на працу. Указ №222 падымае толькі кошты нашых тавараў для пакупнікоў, больш ён нічога не робіць, - распавядае ІП.

Са словаў Аксаны, цяпер у Маскву адправіўся яе 53-гадовы муж. Але не па тавар, а на заробкі на будоўлю, каб забяспечыць сям'ю, «пакуль ягоная жонка сядзіць без працы».

- Чаму нас на тэлевізіі называюць бандытамі? Мы калектыў, мы не проста «тарбэшнікі», як нас абзываюць. Мы ніколі не накручвалі 300% на тавар, гэта няпраўда, - пакрыўджана кажа жанчына. - Нельга пляваць у народ. Побач з прадпрымальнікамі велізарная колькасць народа корміцца.

- Мы - бандыты, якія даюць заробак кучы чыноўнікаў, - жартуе іншая ІП.

На думку Аксаны, падаткавікам трэба правяраць тых гандляроў, якія «ходзяць па заводах і прадаюць тавар».

- Яны едуць з намі ў аўтобусах у Маскву, закупляюць тавар, а потым ходзяць па заводах, паліклініках і дзіцячых садках і распрадаюць яго. Пры гэтым не плацяць ПДВ, за арэнду і не ўносяць грошы ў ФСАН. Вось гэтых трэба шукаць і правяраць, а не нас, - перакананая Аксана Барадач.

Яшчэ адна ІП з Барысава, 47-гадовая Любоў, якая займалася жаночай вопраткай, распавядае, што на мясцовых рынках цяпер працуе толькі 10% прадпрымальнікаў.

- І ў сакавіку, відавочна, таксама не выйдзем, - разводзіць рукамі жанчына. - У мяне пенсія на носе, хто мяне возьме на працу, калі я закрыюся? Я хачу заплаціць падатак, як раней, і працаваць спакойна. Мы хочам, каб нас пачулі, таму і стаім тут прамоклыя, з мокрымі нагамі.

Яе калега, Анжэла, разам з мужам гандлявала мужчынскім адзеннем.

- Вельмі цяжкае становішча. Мы працуем з мужам на рынку, абодва з вышэйшай адукацыяй. Муж раней працаваў дырэктарам школы, а я - медсястрой, але ў 90-е прыйшлі на рынак. Але цяпер мы без заробку, праядаем тыя грошы, якія былі адкладзеныя, каб з'ездзіць па тавар. І то ў нас ліміт - 100 даляраў на сям'ю на месяц, - адзначае ІП. - Прэзідэнт сказаў, навошта есці на ноч мяса. Вось мы і ямо толькі бульбу, капусту і моркву. Добра, што ёсць лецішчы ў многіх, робім кансервы. Вось гэтым цяпер і ратуемся.

Прадпрымальніца распавядае, што ездзіла на аптовыя базы ў Менску.

- Узяць, да прыкладу, мужчынскія джынсы. Многія з іх прывезеныя ўсё з таго ж маскоўскага рынку Любліна, - дзеліцца назіраннямі жанчына. - Не ведаю, як на іх прымудрыліся атрымаць сертыфікаты. У мяне джынсы каштавалі да Новага года 300 тысяч рублёў, а на базах сёння мне прапануюць іх закупіць па 600 тысяч рублёў. І гэта аптовая закупка.

ІП са Слоніма: «Ніхто не хоча купляць мужчынскія майткі за 65 тысяч»

Прадпрымальніца са Слоніма Валянціна Скрабіна цяпер таксама не гандлюе. Да гэтага яна прадавала ніжнюю бялізну, на якую абзавялася дакументамі. Жанчына скардзіцца, што выдаткі на паперы істотна павялічылі кошт тавару.

- Калі я раней прадавала мужчынскія трусы па 45-50 тысяч рублёў, то цяпер трэба выстаўляць цэннік у 65 тысяч. Такім коштам іх ніхто не хоча браць, - скардзіцца ІП.

- А за якія грошы людзі будуць купляць? - Задае пытанне іншая ІП са Слоніма. - У нас прадаўцы ў крамах атрымліваюць да 2-х мільёнаў.

Жанчына таксама скардзілася на тавары айчыннай лёгкай прамысловасці. Яна прапанавала «перадаць «Беллегпрам» кітайцам, якія хутка зробяць вопратку патрэбнай размалёўкі».

Валянціна Скрабіна распавядае, што не пабудавала «палац» за той час, што гандлюе, а ўсяго толькі абзавялася домам у вёсцы. Каб забяспечыць сябе, дачок і траіх унукаў, жанчына вымушаная трымаць коз і 60 курэй.

Сярод слонімскіх ІП, якія прыехалі на мітынг, таксама быў удзельнік грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Віктар Марчык. Паводле ягоных слоў, у Слоніме большасць прадпрымальнікаў па-ранейшаму не працуе.

«У нас шмат рэшткаў з мінулых гадоў, хапае, каб заплаціць за арэнду»

Паводле нашых назіранняў, блізу паловы прадпрымальнікаў, якія прыйшлі на мітынг, склалі менскія гандляры. На фоне сваіх калег з рэгіёнаў яны былі больш стрыманыя. Некаторыя з іх ужо абзавяліся дакументамі і прадаўжаюць працаваць, але ўсё адно прыйшлі на мітынг.

- У нас ёсць усе дакументы, - кажа жанчына ў норкавым паўшубку. - Але стала рабіць дакументы - гэта нейкае спусташэнне. Таму што мы плацім 20% ПДВ, да таго ж за выпрабаванне прадукцыі аддаём яшчэ 2 мільёны 346 тысяч рублёў. Гэта на кожнае паступленне тавару трэба рабіць сертыфікат.

- Да таго ж у падатковай інспекцыі могуць узнікнуць пытанні да кожнай паперы, да кожнага дакумента, - дадае мужчына. - Мы завозілі тавар расейскі, у нас ёсць накладныя. Але гэта ўсё каштуе грошай. Тавар падаражэе для пакупнікоў на 50%.

Адна з ІП скардзіцца, што не можа паставіць высокі цэннік на тавар з новых партый, «таму што народ наогул хадзіць не будзе, пакупніцкая здольнасць моцна ўпала».

Сталічныя прадпрымальнікі, з якімі мы пагутарылі, распавялі, што ладзяць цяпер «вельмі вялікія зніжкі і акцыі, бо пакупніцкая здольнасць знізілася».

- У нас шмат рэшткаў з мінулых гадоў, таму гэта яшчэ неяк згладжвае сітуацыю, - прызнаюцца прадпрымальнікі. - Мы яшчэ можам зарабіць на тым, што калісьці купілі. Па адной-дзве адзінкі тавару засталося, і мы можам іх прадаць, каб заплаціць за арэнду і ўнесці падаткі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках