18 красавiка 2024, Чацвер, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салігорскія шахцёры: «Гэта не заробак за штодзённую рызыку»

46
Салігорскія шахцёры: «Гэта не заробак за штодзённую рызыку»
ФОТА: РІА "НОВОСТИ"

У Беларусі існуе міф пра багатае жыццё салігорскіх шахцёраў: высокі заробак, сацыяльныя гарантыі, ахова здароўя.

Супрацоўнікі «Беларуськалія» ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» кажуць, што гэта не зусім так, асабліва ва ўмовах крызісу. Хоць заробкі тут сапраўды самыя высокія ў краіне.

Мацьвей Хвосьцікаў, 21 год:

У дзяцінстве я хацеў стаць дальнабойнікам альбо лётчыкам грамадзянскай авіяцыі. Цяпер працую горнарабочым ачышчальнага забоя. Заробак 1000 даляраў тут рэальнасць, але ён ёсць далёка не ў кожнага.

Сюды трапіць цяжка. Многія месяцамі стаяць на парогах начальнікаў. У некаторых атрымліваецца, у некаторых не. Мне было прасцей, мяне пасля вучэльні сюды размеркавалі. Мой заробак сёння не самы справядлівы, бо грашыма цяжка мераць здароўе. Дый дэвальвацыя.

Плюс такой працы — грошы, але, зноў жа, у нас дэвальвацыя. Мінусы — гэта здароўе. Адпачынак для мяне — гэта любы сон, бо ў мяне «плаваючы» графік. Працую і ў выходныя, і ў будні. Кепска і тады, калі адпачынак у будзённыя дні, — няма з кім бавіць час.

«За два гады нічога асабліва і не назбіраў»

Працаваць тут усё жыццё я не планую. Атрымаю вышэйшую адукацыю і выберуся з шахты. Раней, магчыма, у шахцёраў у маім узросце ўжо ўсё было — і кватэра, і машына. Але я за два гады так асабліва нічога і не назбіраў.

Наконт таго, што шахцёры мала жывуць. Ёсць людзі, якія і ў 50–60 працуюць у шахце і адчуваюць сабе добра, а ёсць тыя, хто выходзіць на пенсію і адразу памірае, хоць раней праблемаў са здароўем не было.

Цяпер у нашым горадзе будуюць толькі супермаркеты і крамы. Было б добра, каб у Салігорску пабудавалі тэатр альбо хаця б нармальны кінатэатр, аквапарк і іншыя забавы. А так у «багатым» горадзе няма куды схадзіць, апроч крамы. Таму адпачываць езджу ў Менск.

Аляксандр Кузьняцоў, 25 год:

Раней я марыў рабіць нешта для сябе — тое, чаго хочацца. І рабіў. З 21 году працаваў у адной і той жа кампаніі, у сетцы салонаў сотавай сувязі. Былі розныя пасады, ад прадаўца да экспэрта. Тэхнічную адукацыю я атрымаў перад гэтым, калі мне было 20. Проста тады не хацелася манатоннай працы на дзяржаву. А вось у 25 я меў усе навыкі, каб граматна сабе паставіць сярод «старажылаў» у «Беларуськаліі» — мэтанакіраванасць з лёгкім налётам нахабнасці, стрэсаўстойлівасць і старыя «корачкі» слесара кантрольна-вымяральных прыборах.

Калектыў даволі добры, сяброўскі, умовы прыемныя, праца не цяжкая. Але і заробак не такі высокі, не той разрад яшчэ. Пра заробкі шахцёраў не скажу, але тыя ж «забойшчыкі» зарабляюць шмат. Заробак высокі, але не заўжды сталы, могуць і па паўгода дома сядзець.

«Шалёныя грошы тут — гэта міф»

Трапляюць у шахцёры праз бацькоў, гэта такая спадчына. Дарэчы, таму ў многіх машыны і кватэры так рана з’яўляюцца: бацькі дапамагаюць. Ці ў іх цікавае жыццё? Я павандраваў па Беларусі і заўважыў — у Салігорску чым больш багаты чалавек, тым больш ён скупы.

Трапіць у «Беларуськалій» самому цяжка. Мне дапамог збег абставінаў і іншыя акалічнасці. Заробак шахцёра даходзіць да тысячы даляраў, самі падумайце. Але такі ён далёка не ўва ўсіх. Такая сума для жыцця на месяц дастатковая, таму многія трацяць іх на акцыі, нерухомасць, дэпазіты — гэта таксама дадатковы прыбытак. Але агулам пра ўвесь «Беларуськалій»: шалёныя грошы тут — гэта міф.

Андрэй, 22 гады:

Канкрэтнай мэты стаць кімсьці я перад сабой у дзяцінстве не ставіў, хоць у класе 8–9 выразна ведаў, што ні міліцыянтам, ні вайскоўцам не буду. Сваю пасаду я не хачу называць, але скажу, што я належу да інжынэрна-тэхнічнага персаналу і звязаны з эканомікай.

Працоўны дзень, як і ў большасці кіроўнага персаналу, пачынаецца а 8 раніцы — і да 5 вечара з перапынкам на абед. Але рэдка бывае, што я сыходжу з працы своечасова, часта застаюся дарабляць нешта, што не паспеў. Работы шмат. Часта чуў і падчас вучобы ў сталіцы, што ўсе, хто працуе ў «Белкаліі», зарабляюць вялізарныя грошы. Спяшаюся зняпраўдзіць гэтае сцверджанне. Заробак у сярэднім 6–7 мільёнаў для такіх, як я. Пасля ўніверсітэту гэта максімум.

Вядома, у шахце хлопцы могуць зарабляць больш. Але гэта вельмі цяжкая праца. Мой сябар працуе ў забоі, ён, можа, і атрымлівае 1000 даляраў або троху больш, але гэта цяжка і небяспечна, і я мяркую, што гэта нават мала за тое, што ты рызыкуеш жыццём кожны дзень.

Складанасці пры працаўладкаванні ёсць. А дзе іх цяпер няма? Але калі паставіць мэту і абіваць парогі высокіх кабінетаў нейкі час, то ўсё атрымаецца. Можа, адразу і не на прэстыжную спецыяльнасць і не адразу ў шахту, але далей можна пайсці на курсы, або, калі ёсць вышэйшая адукацыя, спрабаваць прабівацца.

Заробак цяпер — балючае пытанне. Гады два-тры таму я марыў аб такіх сумах, але тады даляр каштаваў 9000, а цяпер — больш за 20000. Хоць калі браць маіх аднакурснікаў, тыя нешматлікія, хто працуе па спецыяльнасці, такіх грошай не бачаць нават у сталіцы.

Мінусаў досыць шмат, але не хочацца вымятаць смецьце з хаты. Але і плюсаў дастаткова. У «Беларуськаліі» самая лепшая калектыўная дамова ў СНД, рабочыя і службоўцы добра абароненыя сацыяльна. Стае і бонусаў ад прафсаюзаў, шмат арганізоўваецца турыстычных паездак і гэтак далей. Але сістэма савецкая нікуды не дзелася. Шмат што трэба мяняць.

«Вытворчасць шкодная, і на пенсію выходзяць рана»

Заставацца на ўсё жыццё ў Салігорску не хацелася б. У перспектыве мару працаваць на сябе, а не на «дзядзьку». Але няма нічога больш пастаяннага, чым часовае.

На «Беларуськалій» я на самой справе зразумеў, што значыць быць часткай велізарнай вытворчай машыны. Прадпрыемства - прамысловы гігант, і гэта адчуваецца практычна ва ўсім, што тычыцца маёй працы. Вядома, і здароўе не можа не цярпець, калі працуеш у хімічнай галіне прамысловасці. Нават на паверхні шмат небяспечных работ, не кажучы ўжо і пра саму шахту. Я мяркую, што вытворчасць шкодная, таму і на пенсію сыходзяць рана і паміраюць, часта толькі дажыўшы да 60 гадоў.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках