28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лілія Шаўцова: Пытанне з расейскай вайсковай базай у Беларусі развязанае

5
Лілія Шаўцова: Пытанне з расейскай вайсковай базай у Беларусі развязанае
Лілія Шаўцова

Пад жорсткім ціскам Пуціна Лукашэнка пагодзіцца на ўзмацненне вайсковых і абарончых стасункаў з Расеяй.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіла вядомы палітолаг, старшая навуковая супрацоўніца Брукінгскага інстытута Лілія Шаўцова.

- З Лукашэнкі знялі санкцыі. Што гэта гаворыць пра пазіцыю ЕЗ у дачыненні да чалавека, якога называюць апошнім дыктатарам Еўропы і як характарызуе стаўленне ЕЗ да Беларусі?

- Калі гаворка ідзе пра Брусэль і ЕЗ, то я была вельмі здзіўленая, калі Ангела Мэркель змагла дамагчыся згоды ўсіх чальцоў ЕЗ на санкцыйны план у дачыненні да Расеі. Гэта ўнікальная праява адзінства і ўнікальнай для еўрапейцаў смеласці, бо дагэтуль еўрапейская бюракратыя і палітычнае кіраўніцтва Еўропы дэманстравала імкненне да кампрамісаў з усімі. З расейскім лідарам Пуціным, азербайджанскім лідарам і іншымі дыктатарамі.

Таму пошук Еўропай усякіх формаў кансенсусу, іх схільнасць да кампрамісаў - гэта ўласцівасць еўрапейскай дыпламатыі, якая даўно ўжо забылася пра нейкія прынцыпы і не гатовая за іх змагацца. Тым больш, яны не гатовыя змагацца за прынцыпы і каштоўнасці, калі гэтага не робяць амерыканцы і яны не адчуваюць за сабой падштурхоўваючую і падтрымліваючую руку Амерыкі.

Хоць сітуацыя для Беларусі пачынае ўскладняцца, Расея ўжо не можа эканамічна трываць увесь цяжар дапамогі і з'яўляецца новы канал падтрымкі ўлады.

- Падчас апошняга пасяджэння Вышэйшага савета «саюзнай дзяржавы» ў Беларусь прыехалі і Пуцін, і Мядзведзеў. Наколькі далёка зайшла інтэграцыя Расеі і Беларусі, на вашу думку, ці ёсць у Лукашэнкі месца для манеўру?

- Я б не перабольшвала ступень трываласці так званай «саюзнай дзяржавы» і сам фармат яе існавання, нягледзячы на ўсю рыторыку і саюзны парламент (дзе незразумела, хто засядае і што ён робіць). Лукашэнку ўдалося немагчымае. Нават мала хто чакаў ад дырэктара саўгаса такога дыпламатычнага і макіявеліявага спрыту - захаваць незалежнасць Беларусі. У той жа час ён здолеў зрабіць Расею дойнай каровай.

Я думаю, што Беларусь шмат у чым прадаўжае заставацца незалежнай дзяржавай, якая выкарыстоўвае расейскі канал для падтрымкі ўласнай сістэмы, але Лукашэнку, відавочна, нейкім чынам давядзецца кампенсаваць свой паварот да Еўропы за кошт згоды на ўзмацненне вайсковых і абарончых стасункаў з Расеяй.

Ён доўга адмаўляўся ад таго, каб згаджацца на будаўніцтва базы. З Менска ўвесь час чулася з гэтай нагоды вельмі супярэчлівая рыторыка, але з пункту гледжання базы ён увесь час адцягвае пастанову, бо стварэнне расейскай базы, тым больш у сітуацыі канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам, робяць Беларусь вельмі ўразлівай краінай.

Але я думаю, што пытанне пра базу, асабліва пад такім жорсткім ціскам Пуціна, вызначанае. База будзе, іншая справа, што Лукашэнка будзе адцягваць момант будаўніцтва. Пакуль яму дазваляе сітуацыя, Лукашэнка будзе балансаваць паміж дзвюх кароў. Пакуль...

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках