19 красавiка 2024, Пятніца, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На менскім рынку нерухомасці абвал

87
На менскім рынку нерухомасці абвал
ФОТА З САЙТА ABW.BY

Рынак нерухомасці практычна не падае прыкмет жыцця.

Як канстатуюць спецыялісты, кошты кватэр у Менску адкаціліся на ўзровень 10-гадовай даўніны - за квадратны метр у новабудоўлі прадаўцы просяць не больш за 1000 даляраў. Такім чынам, малагабарытную кватэру цалкам рэальна набыць за 30-35 тысяч даляраў, паведамляе «Радыё Свабода».

Кошты вярнуліся ў 2006 год

Паводле звестак рыэлтарскіх агенцтваў, яшчэ ў канцы мінулага года сярэдні кошт квадратнага метра жылля на другасным рынку ў Менску перавышаў 1200 даляраў, а ў новабудоўлі набліжаўся да 1350 даляраў. Пры гэтым была істотная градацыя, у залежнасці ад агульнай плошчы: аднапакаёвыя ішлі даражэй (ад 1300 даляраў), трохпакаёвыя і вялікія - танней (ад 1150).

Аднак за два месяцы 2016 кошты кватэры эканом- і стандарт-класа ў новабудоўлі і жылым фондзе не толькі зраўняліся, але практычна сталі адпаведнымі такога ж перыяду 2006 года - тады квадратны метр у сярэднім ацэньваўся ў 1000 даляраў. Неўзабаве тады адбыўся рэзкі скачок, і за год-два цэннікі вырас удвая - 2000 даляраў за метр прымудраліся збываць нават малаперспектыўныя «хрушчоўкі».

Можа паўтарыцца такая сітуацыя цяпер? Экспэрты мяркуюць, што пакуль падставаў для такога развіцця сцэнару няма. І нагадваюць: у канцы нулявых эканоміку Беларусі імкліва напампоўвалі непадмацаванымі грашыма, а банкаўская сістэма забяспечвала крэдытамі амаль усіх ахвочых. У выніку попыт на жыллё (у тым ліку «у запас») перавышаў прапанову.

Аднак цяпер карціна прынцыпова іншая. Заробкі ўпалі да пражытковага мінімуму, льготнае крэдытаванне згарнулася, а колькасць новабудоўляў з непрададзенымі кватэрамі пабіла ўсе рэкорды.

Беспрасветна на рынку

Супрацоўніца адной з менскіх фірмаў у сферы гандлю нерухомасці, рыэлтарка Ганна Конышава ацэньвае сённяшні стан рынка як «непраходны»:

«Магу пацвердзіць, што актыўнасць звалілася да такой ступені, што практычна нічога не купляецца. Аб'екты ёсць, аб'екты стаяць, большасць гаспадароў гатовыя істотна гандлявацца, але няма нават званкоў, няма ахвочых хоць бы разгледзець варыянты. Таму магчыма, што гэта яшчэ не «дно», бо адназначна людзі чакаюць: адны - каб даражэй прадаць, іншыя - каб танней купіць. А можа, ужо і «дно» - прынамсі, нам хацелася б спадзявацца на гэта...»

Спецыялісты кажуць, што сёлета ў студзені пераходаў права ўласнасці зарэгістравана на 40% менш, чым у пачатку мінулага года. Пры тым, што колькасць кватэр, выстаўленых на продаж, вырасла на 15%. Экспэрт рынку Ганна Конышава адзначае, што ўладальнікі гатовыя прадаваць на ўмовах, якія яшчэ нядаўна палічылі бы для сябе «зневажальнымі»:

«Сярэдні кошт з пачатку года ўстойліва зафіксаваўся на адзнацы 1000 даляраў, але ўсё часцей апускаецца нават ніжэй. Скажам, некаторыя двух- або трохпакаёвыя кватэры ў Менску выстаўляюцца па 980, нават 950 даляраў за квадрат. «Хрушчоўкі» у пяціпавярхоўцы наогул абваліліся да 850-890. Таму пакуль што тэндэнцыя на падзенне».

Суразмоўца не наважваецца прагназаваць, як моцна гатовы прасесці рынак. Тым не менш у шэрагу краін за аснову коштавага вылічэння квадратнага метра жылой нерухомасці бярэцца сярэднямесячны заробак. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Менску сярэдні даход нават ва ўмовах крызісу складае 600 даляраў, а гэта значыць, патэнцыйна «піке» можа працягвацца:

«Глядзіце: яшчэ ў канцы мінулага года цэннікі ўпарта трымаўся на мінімальным узроўні 1200-1300 даляраў за метр. Не кажу, што па такіх коштах нешта актыўна прадавалі, але трымалі. Прынамсі, гаспадары спадзяваліся, што сітуацыя паступова палепшыцца. Ды не, пакуль усё наадварот. Як вынік - практычна нічога не набываецца, актыўнасць блізкая да нуля, званкоў па аб'ектах амаль няма».

Пакупнікі на вагу золата

Пакупнікі зараз на вагу золата. Мянчук Віталь Саламацін апошнія некалькі гадоў мэтанакіравана збіраў грошы на кватэру, але безвынікова - ніяк не ўдавалася ўгнацца за коштамі. Нарэшце паўза пайшла на карысць: замест мар хоць бы пра адзін пакойчык на ўскраіне нарэшце ўдалося разжыцца двухпакаёўкай па лініі метро:

«Пакуль маніторылі другасны рынак, мне з рыэлтарскай канторы разоў дзесяць ператэлефанавалі, прапаноўвалі ўсе лепшыя і лепшыя варыянты. У выніку з раёна Каменнай горкі, дзе першапачаткова пачаліся пошукі, я паступова перасягнуў у адну з «высотак» на Кальварыйскай. І калі ў пазамінулым годзе блакітнай марай была хоць нейкая аднапакаёвая, то цяпер практычна за тыя ж грошы ў мяне не самая вялікая, але ўсё ж кватэра з двума пакоямі. Таму ў гэтым сэнсе, вядома, пашанцавала».

Рыэлтар Ганна Конышава ўдакладняе, што фактычна выраўняліся кошты на нерухомасць у новабудоўлі і дамах старой пабудовы. Гэта пры тым, што новыя кватэры заўсёды мелі прыярытэт:

«Паводле новадзелу сітуацыю ведаю як факт, але, зноў жа, цяпер у агенцтве няма ні аднаго кліента, якому б мы падбіралі такі варыянт. І калі да Новага года кошты на новае жыллё яшчэ трохі трымаліся, то сёння забудоўшчыкі даюць такія скідкі, што толькі прыходзьце, будзем абмяркоўваць. У новабудоўлях цяпер проста неверагодная колькасць безгаспадарных кватэр».

Шанец для іншагародніх

Са слоў прадстаўнікоў рынку нерухомасці, такім становішчам спраў усё часцей спрабуюць скарыстацца іншагароднія жыхары Беларусі. Калі яшчэ нядаўна паміж коштамі на жыллё ў сталіцы і ў рэгіёнах была прорва, то цяпер розніца памалу знікае. Напрыклад, у абласных гарадах кватэры ў цэнтральных раёнах прадаюцца ў разыходжанні 700-1000 даляраў за квадратны метр - гэта значыць абвал усё ж не такі радыкальны, як у Менску. А гэта значыць, практычна за тыя ж грошы рэальна набыць кут у сталіцы.

Пра гэта сведчыць і статыстыка: за першы месяц 2016 года доля ўгод на рынку нерухомасці з удзелам жыхароў іншых рэгіёнаў склала 20%. Гэта крыху карэктуе ўяўленне, што жыллё ў Менску скупляюць расейцы - у агульнай складанасці гэты паказчык складае 2%.

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках