28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр Ніл Гілевіч

89
Памёр Ніл Гілевіч
Ніл Гілевіч

(абноўлена) У Менску на 85-ым годзе жыцьця памёр народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Рэдакцыя charter97.org горка смуткуе разам са сваякамі, сябрамі Ніла Гілевіча і ўсім беларускім народам.

Ніл Гілевіч — паэт, перакладчык, аўтар дзесяткаў паэтычных зборнікаў, кніг па літаратуразнаўству і фальклярыстыцы.

Член Саюза пісьменьнікаў з 1954 году.

Скончыў філялягічны факультэт БДУ (1956), кандыдат філялягічных навук, прафэсар кафэдры беларускай літаратуры філфаку БДУ.

У 1980-89 — першы сакратар Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Ляўрэат дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), народны паэт Беларусі (1991).

Ніл Гілевіч з 60-ых гадоў актыўна выступаў за беларусізацыю, у якасьці дэпутата Вярхоўнага Савета 11-га скліканьня быў адным зь ініцыятараў прыняцьця Закону аб мовах.

У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ўзначальваў Камісію па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны.

У 1989 −1997 старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Адзін з сустрашыняў Усебеларускага З’езду пра Незалежнасьць (ліпень 2000 году).

У канцы 2013 году выйшаў апошні 23-ці том Збору твораў.

Віктар Казько пра Ніла Гілевіча: Адыходзіць эпоха


— Што тут скажаш? Гэта адыходзіць эпоха, — гаворыць празаік Віктар Казько пра асобу паэта Ніла Гілевіча, які сёньня пайшоў з жыцьця. — Таму што з апошніх «зуброў» ён быў, з тых людзей, на якіх павінна раўняцца культура, і ўвогуле быў прыстойны чалавек.

Мы адчуваем, што такіх барацьбітоў не хапае сёньня . Адчуваем ня толькі сум, але й адзіноту сваю, адзіноту тых, хто застаецца сёньня на гэтым сьвеце, хто на Беларусі застаецца. Ён быў з тых, хто мог выступаць і за культуру, і за народ, і за мову. Гэта ўсё адыходзіць, адыходзіць, канае і канае. І хто ведае, што нам суджана заўтра? З такімі стратамі...

Барыс Пятровіч: Зьбіраліся юбілей Ніла Гілевіча адзначаць у верасьні

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч распавёў Свабодзе, што пра сьмерць Ніла Сымонавіча паведаміў ягоны сын Сяргей Гілевіч.

- Ён сказаў, што сёньня прыблізна ў 18.50 у рэанімацыі памёр Ніл Сымонавіч. Учора раніцай яму стала горш... У яго была цукроўка і сказалі, што апошнім часам выявілі таксама анкалёгію. Ён некалькі месяцаў таму быў у лякарні ў Бараўлянах. Мы зь ім размаўлялі, ён спадзяваўся на лепшае. Ён казаў, што ў такім узросьце гэтая хвароба не так хутка разьвіваецца, зьбіраўся яшчэ жыць і працаваць. Але сэрца не вытрымала. Ня стала Ніла Сымонавіча.

Дзе будзе пахаваньне і разьвітаньне пакуль невядома, будзе пэўна вырашацца заўтра. Магчыма, падключацца ўлады, усё такі гэта адзіны і апошні народны паэт. Калі не, то будзем самі займацца: родныя, блізкія, сябры і саюз.

Зьбіраліся яго юбілей адзначаць. У яго дзень нараджэньня 30 верасьня, мы якраз зьбіраліся адзначыць 85 гадоў. Юбілей, безумоўна, будзе адзначацца, але ўжо без Ніла Сымонавіча.

Валянцін Голубеў: Ніл Гілевіч хацеў, каб яго запомнілі поўным сіл

- Вестка пра сьмерць Ніла Сымонавіча мяне вельмі ўзрушыла, — кажа былы дэпутат Вярхоўнага Савету, прафэсар Валянцін Голубеў. — Адразу згадваю гэтую вялікую фігуру — ён вялікім быў і зьнешне, як мужчына, быў вялікі як чалавек і вялікі адметны беларус.

Ведаеце, я быў яшчэ зусім малады, калі разам зь ім стаў дэпутатам Вярхоўнага савету Беларусі 12-га скліканьня. А Гілевіч тады ж быў асобай ужо вельмі вядомай на ўсю краіну.

Напачатку мы яшчэ шмат ў чым зь ім спрачаліся, бо ён жа спачатку стаяў на пазыцыях, будзем гаварыць гэтак, савецкіх, камуністычных. А Беларускі народны фронт, які я тады прадстаўляў, быў даволі радыкальнай арганізацыяй, якая выступала за поўную незалежнасьць Беларусі. І Ніл Сымонавіч на першых парах гэтага не зусім падзяляў: як гэта Беларусь можа быць цалкам незалежнай? Але ён быў беларусам, быў за беларускую мову, вельмі шмат зрабіў дзеля беларускай справы і таму ня дзіва, што як працаваў наш Вярхоўны савет, як расьлі мы, гэтак жа рос і мяняўся Ніл Сымонавіч.

І бліжэй да заканчэньня нашага дэпутацтва, пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, а потым пасьля 1994 году і наступных падзей, якія Гілевіч расцаніў як адыход ад беларускасьці і прынцыпаў незалежнасьці, ён стаў такім беларускім дзяржаўнікам, такім незалежнікам! І ўжо усё астатняе жыцьцё, да сёньняшняга апошняга ягонага дня ён правёў у змаганьні за Беларусь і яе незалежнасьць. 



У парлямэнце ён быў старшынёй камісіі на культуры, і вельмі шмат зрабіў на гэтай пасадзе, каб быў прыняты Закон аб культуры, ды ўсё беларускае заўсёды падтрымліваў. А калі паўстала пагроза беларускасьці, ён адкрыта стаў на пазыцыі ня проста не прыняцьця гэтага, а актыўнага змаганьня. 



Апошнія гады ён ужо амаль не выходзіў на вуліцу, я неяк зь ім гаварыў па тэлефоне, калі журналісты прапанавалі мне ўзяць у яго інтэрвію, і я яму гэта прапанаваў, ён сказаў мне: «Валянцін, я не хачу, каб мяне бачылі старым і хворым, хачу, каб мяне запомнілі такім, якім я быў — поўным сілаў, калі я змагаўся за нашу беларускую справу».

Вось гэта вельмі важна пра яго — што ён той чалавек, які змог сябе пераасэнсаваць, змог убачыць, што лепш для Беларусі і стаць самому іншым. І гэта для мяне такі прыклад, што як людзі, грамадзяне мяняюцца да лепшага, гэтак і дзяржава можа зьмяніцца. І таму магу сказаць, што ганаруся, што яго ведаў і заўсёды буду, покуль жывы, расказваць, які гэта быў чалавек, змагар, паэт, мысьляр. Разьвітваючыся з такімі людзьмі кажаш, што ўсё роўна жыве Беларусь. Бо ён, Ніл Гілевіч, пражыў жыцьцё для Беларусі.

***

Ніл Гілевіч, Верш на Свабоду

Новы век
Азарыў небасхіл.
«Чый ён будзе?» —
Прарокі гамоняць.
Будзе наш —
Калі выстарчыць сіл
У цябе,
Беларуская моладзь!

Значыць,
Трэба па долю ісьці
Зь цьвёрдай верай,
Што вёрсты ня змораць.
Дык ня страць,
Не ўступі,
Не ўпусьці
Гэты шанц,
Беларуская моладзь!

Хай за зданьню
Пачварыцца здань —
Сілу волата
Цені ня зломяць.
Час прабіў:
Уздыміся
І стань
У шыхты,
Беларуская моладзь!

Веру:
Выпаўзьні з чорнай начы
Дух твой вольны
На здраду ня змовяць.
Раздрузгоч,
Раскрышы
І зьмяці
Іх кубло,
Беларуская моладзь!

Помні:
Волю ў змаганьні бяруць,
А ня просяць,
Ня кленчаць,
Ня моляць.
Толькі ты
Зьберажэш Беларусь!
Толькі ты,
Беларуская моладзь!

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках