25 красавiка 2024, Чацвер, 1:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сацыяльны праект «Чытаем па-беларуску з velcom» ахопіць усе рэгіёны Беларусі

4
Сацыяльны праект «Чытаем па-беларуску з velcom» ахопіць усе рэгіёны Беларусі

Ініцыятыва ў папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры ахопіць 25 школ у кожнай вобласці краіны.

Адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom», які ў мінулым годзе адбыўся у менскіх школах, у гэтым годзе будзе працягнуты ў рэгіёнах Беларусі. Асветніцкая ініцыятыва ў папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры ахопіць 25 школ у кожнай вобласці краіны.

Першыя рэгіянальныя ўрокі для малодшых школьнікаў будуць арганізаваныя ў красавіку і траўні ў Гомелі, Брагіне, Рэчыцы, Светлагорску, Мазыры і Жлобіне. А на пачатку новага навучальнага года каманда праекта «Чытаем па-беларуску з velcom», у якую ўвайшлі вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты, прыедзе з захапляльнымі заняткамі ў школы Берасця і Берасцейскай вобласці, паведамляе БелаПАН.

Плануецца, што праект ахопіць у агульнай колькасці 150 школ па ўсёй Беларусі, і больш за 15.000 вучняў пачатковых класаў атрымаюць дадатковыя веды па роднай беларускай мове, літаратуры і культуры.

Настаўнікі праекта - вядомыя беларускія пісьменнікі, акторы і тэлевядоўцы Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юрый Жыгамонт, Таццяна Сівец, Алена Масла. Падчас урокаў у абласных і раённых цэнтрах вучні змогуць не толькі пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іхнімі творамі, але і атрымаць практычныя навыкі роднай мовы ў займальнай форме.

«Для пісьменніка ўдзел у праекце гэта магчымасць дапамагчы настаўнікам адкрываць для дзяцей чароўны свет роднай мовы і літаратуры, пашыраць кругагляд і асабіста знаёміць дзяцей з творчасцю беларускіх літаратараў. Пасля першых заняткаў праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» у Менску вучні і настаўнікі пакінулі выдатныя водгукі. Таму вельмі добра, што праект працягваецца: на мой погляд, кампанія velcom пачала вельмі патрэбны праект для школ нашай краіны», - сказала пісьменніца, паэтка, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова.

Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле інфармацыі арганізатараў, у праекце, які стартаваў у кастрычніку 2015 года, узялі ўдзел больш за 4.000 юных менчукоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках