28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Independent: Стасункі Расеі ды ЗША ўсё больш халодныя

4
Independent: Стасункі Расеі ды ЗША ўсё больш халодныя

Самая «нахабная» правакацыя Расеі - эпізод з расейскім самалётам СУ-24, які некалькі разоў наблізіўся да амерыканскага эсмінца «Дональд Кук».

«У панядзелак у самым сэрцы Масквы на імгненне перапыніцца змрочнае супрацьстаянне паміж ЗША і Расеяй», - піша Руперт Карнуэл у The Independent (пераклад - inopressa.ru).

На Арбаце, усяго за кіламетр ад Крамля, у 71-ю гадавіну сустрэчы савецкіх і амерыканскіх войскаў на разбураным мосце праз Эльбу будзе ўсталяваны помнік гэтай падзеі.

«Але якім бы вялікім ні было сімвалічнае значэнне гэтага мерапрыемства і якія б важныя асобы ні ўзялі ў ім удзел, яно пройдзе ціха - і гэта нядзіўна: ніводная цырымонія не можа рэтушаваць рэальнасць», - гаворыцца ў артыкуле.

«Бадай, нельга сказаць, што мы зноў жывём дакладна як пры халоднай вайне, - адзначае журналіст. - У адрозненне ад першых пасляваенных дзесяцігоддзяў, за тым, што адбываецца, няма ніякага ідэалагічнага канфлікту. Камунізм літаральна знік з твару зямлі, і Расея практыкуе сваю ўласную, сапсаваную версію капіталізму. Аднак цяперашні клімат напружанасці, узаемных падазрэнняў і ўзаемнага неразумення не нашмат цяплейшы».

«Не жадаючы кідаць адзін аднаму наўпроставы выклік, Расея і ЗША вядуць апасродкаваныя войны, самая відавочная з якіх адбываецца ў Сірыі», - гаворыцца ў артыкуле.

«Для Расеі прысутнасць NATO так блізка ад яе межаў - правакацыя, і не без прычыны», - адзначае аўтар і нагадвае, што ў эру халоднай вайны паміж Расеяй і NATO былі Усходняя Нямеччына, Польшча, прыбалтыйскія рэспублікі і Беларусь, а цяпер NATO «на парозе самой Расеі».

«Расея адказвае тым, што сама ладзіць правакацыі», - паказвае Карнуэл. Самай «нахабнай» правакацыяй ён называе эпізод з расейскім самалётам, які праляцеў у 30 футах ад амерыканскага эсмінца «Дональд Кук». Са словаў журналіста, ЗША толькі паківалі пальцам у адказ, але больш канкрэтныя захады ў адказ наперадзе.

«Выступаючы перад Сенатам на мінулым тыдні, генерал войска Керціс Скапароці, будучы вярхоўны галоўнакамандуючы NATO і войскаў ЗША ў Еўропе, заявіў, што прэзідэнт Пуцін хоча не проста «ўзяць у абцугі» Паўночнаатлантычны альянс, а знішчыць яго, - піша аўтар артыкула. - Цяпер ЗША на ратацыйнай аснове перыядычна пасылаюць ва Усходнюю Еўропу пару баявых брыгад. Вашынгтон ужо павялічыў свой еўрапейскі вайсковы бюджэт на 4 млрд даляраў. Цяпер Скапароці хоча на сталай аснове размясціць там брыгаду з 5 тысяч вайскоўцаў у якасці войска прыкрыцця, каб супакоіць знерваваных хаўруснікаў і забяспечыць адказ ЗША на ўсякую наўпроставую агрэсію з боку Расеі».

Што тычыцца інцыдэнтаў, падобных на здарэнне з «Дональдам Кукам», «Скапароці прыхільнік ідэі, што расейцам трэба даць пакаштаваць іх уласныя лекі», піша Карнуэл.

«Аднак чамусьці зніч мінуўшчыны хаўрусніцтва яшчэ гарыць, - адзначае журналіст. - Даволі часта так званая Elbe Group, якая складаецца з адстаўных высокапастаўленых амерыканскіх і расейскіх генералаў, збіраецца ў трэцяй краіне, каб абмеркаваць праблемы расейска-амерыканскіх стасункаў. У гэтай групы няма афіцыйнага статусу, але яна з'яўляецца каштоўным неафіцыйным каналам сувязі, які дазваляе ўдзельнікам зразумець пункт гледжання адзін аднаго. Гэтая сістэма недасканалая і не зменіць свет у большай ступені, чым адкрыццё памятнай скульптуры ў цэнтры Масквы, але пакуль гэта найлепшае, на што можна спадзявацца».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках