23 красавiка 2024, aўторак, 12:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд аштрафаваў журналістку з Гомля на $260

3
Суд аштрафаваў журналістку з Гомля на $260
Ларыса Шчыракова
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову абвінавацілі ў працы «без акрэдытацыі».

5 красавіка суддзя Тамара Застаўнецкая (суд Гомельскага раёна) вынесла пастанову аб пакаранні штрафам сумай 25 базавых адзінак журналісткі-фрылансеркі Ларысы Шчыраковай. Яе абвінавацілі ў парушэнні артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ, праца без акрэдытацыі на замежнае СМІ).

Ларыса Шчыракова падрыхтавала відэасюжэт «Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомлі» і размясціла яго на сваёй старонцы ў Youtube і на рэгіянальным сайце навін «Моцныя навіны». У сюжэце ішла гаворка аб праблемах жыхароў пасёлка Бальшавік Гомельскага раёна - яны скардзіліся на моцны пах газу, але ў дзяржаўных установах іх не чулі. Датуль, пакуль не ўбачылі сюжэт у інтэрнэце. У Бальшавік прыехалі газавая служба, супрацоўнікі МНС, і ліквідавалі праблему.

Міліцыя ж наважыла, што сюжэт - уласнасць тэлеканала «Белсат», прычым на якой падставе супрацоўнікі УУС прыйшлі да такой высновы - яны тлумачыць не сталі. У судзе 5 красавіка Ларыса Шчыракова падала хадайніцтва аб выкліку на пасяджэнне супрацоўнікаў УУС, якія складалі рапарт і напісалі, што сюжэт - уласнасць «Белсата», каб яны патлумачылі такія высновы. Але суддзя адхіліла хадайніцтва.

Тады журналістка заявіла пра недавер да суддзі. Але і гэта не было прынятае да ўвагі - справу і далей разглядала тая ж Тамара Застаўнецкая.

Яна выслухала фрылансерку, і нават не сыходзячы ў дарадчы пакой, тут жа на месцы вынесла вырак - прызнаць вінаватай, пакараць штрафам.

У 2016 годзе ў дачыненні да Ларысы Шчыраковай былі складзеныя пяць пратаколаў паводле артыкула 22.9 КаАП. Два пратаколы былі разгледжаныя ў судах (Савецкага раёна Гомля і Светлагорскага), і адміністрацыйныя справы паводле іх былі спыненыя. А суд Гомельскага раёна ўжо другім разам з пачатку года аштрафаваў Ларысу Шчыракову. Яшчэ яе чакае суд у Лельчыцкім раёне - за здымкі ў вёсцы Новае Палессе сюжэту аб народных абрадах.

«Такое адчуванне, што судовыя пастановы прымаюцца не на падставе закона, а нейкіх тэндэнцый, загадаў зверху, з іншымі інстанцыямі, і залежаць ад таго, у каго краіна просіць грошы - у МВФ ці Расеі, ці вядзе перамовы з еўрапейскімі структурамі, «пацяпленне» цяпер або «пахаладанне». Не думаю, што абскарджанне дасць плён, але гэта варта рабіць, каб паказаць сістэматычны пераслед фрылансераў, перашкоды ў працы журналістаў у Беларусі, адсутнасць свабоды слова», - пракаментавала фрылансерка сайту spring96.org.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках