20 красавiка 2024, Субота, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Да заходніх межаў Расеі перакідваюць дзве мотастралковыя брыгады

20
СМІ: Да заходніх межаў Расеі перакідваюць дзве мотастралковыя брыгады

Звесткі аб узмацненні групоўкі расейскіх войскаў на заходніх рубяжах РФ прадаўжаюць прасочвацца ў СМІ.

Пасля паведамленняў аб перакідцы ў Бранскую вобласць 28-й асобнай мотастралковай брыгады разам з тэхнікай і ўзбраеннем крыніцы паведамілі, што да заходняй мяжы перадыслакуюцца дзве АМСБР. Акрамя таго, будуць сфармаваныя тры новыя дывізіі, паведамляе newsru.com.

Як паведаміла знаёмая з сітуацыяй крыніца "Інтэрфакса", "паралельна з фармаваннем трох новых дывізій (дзвюх у складзе Заходняй вайсковай акругі, ЗВА, адной - у межах Паўднёвай вайсковай акругі, ПВА) дадаткова да заходняй мяжы Расеі перадыслакуюцца з цэнтральных раёнаў краіны дзве асобныя мотастралковыя брыгады".

Паводле ягоных слоў, ужо пачалася перадыслакацыя з Екацярынбурга ў Клінцы (Бранская вобласць) 28-й асобнай мотастралковай брыгады. Акрамя таго, з Самары ў Валуйкі (Белгародская вобласць) перадыслакуецца 23-я асобная мотастралковая брыгада.

Суразмоўца агенцтва адзначыў, што захады для ўзмацнення групоўкі войскаў на заходнім стратэгічным кірунку ўжываюцца праз узрастаючую актыўнасць блока NATO ва Усходняй Еўропе. "Безумоўна, гэтыя захады можна разглядаць як адказ на ўзрастаючую актыўнасць Паўночнаатлантычнага альянсу паблізу межаў Расеі", - заявіла крыніца.

Пры гэтым пра перадыслакацыю 28-й АМСБР у горад Клінцы стала вядома яшчэ на днях. Пра гэта пісалі мясцовыя СМІ і адзначылі, што брыгаду перавялі з Екацярынбурга ў Бранскую вобласць на сталае месца дыслакацыі. Акрамя таго, мясцовыя жыхары выклалі ў сацыяльныя сеткі фатаграфіі эшалонаў з вайсковай тэхнікай, якая прыбыла ў горад.

Прааналізаваўшы гэтую інфармацыю, каманда даследнікаў InformNapalm прыйшла да высновы, што Расея разгортвае ўздоўж беларускай мяжы новыя вайсковыя базы, выбудоўваючы такім чынам сваю лінію абароны на шляху з Масквы ў Менск для падстрахоўкі. У Крамлі такое трактаванне пытання - аб узмацненні на расейска-беларускай мяжы - назвалі абсурдным, у той жа час не выключыўшы, што ўнутры краіны адбываецца перамяшчэнне тых ці іншых вайсковых падраздзяленняў.

Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу 4 траўня на селектарнай нарадзе ў міністэрстве паведаміў, што Расея для процідзеяння нарошчванню сіл NATO каля межаў РФ створыць дзве новыя дывізіі ў Заходняй вайсковай акрузе і адну - у Паўднёвай. Кіраўнік Мінабароны тады адзначыў, што ўладкаванне месцаў дыслакацыі новых злучэнняў ужо вядзецца. Як адзначаў ТАСС, кожная дывізія будзе мець у сваім складзе прыкладна па 10 тысяч чалавек. Стварэнне новых злучэнняў Шайгу анансаваў яшчэ ў студзені 2016 года.

У той жа дзень інфармаваная крыніца паведаміла "Інтэрфаксу", што да канца 2016 года групоўка расейскіх войскаў на заходнім стратэгічным кірунку будзе ўзмоцненая за кошт фармавання трох новых мотастралковых дывізій з месцамі дыслакацыі ў Ельні (Смаленская вобласць), Варонежскай і Растоўскай абласцях. "Цяпер ідзе працэс фармавання трох дывізій. Новыя злучэнні павінны быць сфармаваныя да 1 снежня, калі ва Узброеных сілах пачынаецца зімовы перыяд навучання", - паведаміў суразмоўца агенцтва.

Аднак, 3 чэрвеня ў паўднёвай частцы Балтыйскага мора ля берагоў Швэцыі, Даніі і Польшчы стартавалі марскія вучэнні BALTOPS 2016 пад кіраўніцтвам NATO. У гэтым годзе ў манеўрах возьмуць удзел стратэгічныя бамбавікі ЗША В-52, якія спецыяльна для гэтага перакідваюць у Еўропу.

Акрамя таго, на днях генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг заявіў, што чальцы NATO наважылі ў 2016 годзе ўпершыню амаль за 10 гадоў значна павялічыць выдаткі на абарону праз узніклыя пагрозы, у ліку якіх - расейская агрэсія. Магчыма, гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на саміце альянсу ў Варшаве 8-9 ліпеня.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках