19 красавiка 2024, Пятніца, 20:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пара беларускіх валанцёраў выдаткуе вясельныя грошы на дапамогу Данбасу

16

Пара наважыла не ладзіць шыкоўнае, а падарункі накіраваць на гуманітарны маршрут Беларусь - АТА.

Беларускі грамадскі актывіст і валанцёр Андрэй Стрыжак і пісьменніца і валанцёрка Яўгенія Парашчанка (творчы псеўданім - Югася Каляда), якія 8 чэрвеня сталі мужам і жонкай, адмовіліся ад шыкоўнага вяселля, бо ўважаюць цяперашнюю сітуацыю не прыдатнай для вялікіх урачыстасцяў, але сваё свята наважылі выкарыстаць для збору сродкаў пацярпелым ад вайны ўкраінцам, пішуць «Беларускія навіны».

Са словаў Андрэя, са сваёй будучай жонкай ён пазнаёміўся 15 гадоў таму, але яны не мелі стасункаў датуль, пакуль ён не пачаў займацца гуманітарнымі паездкамі на Данбас. Гэты праект прыцягнуў увагу Жэні.

«Мы разам ездзілі на Данбас. З гэтай гуманітарнай дзейнасці, уласна, новая сям'я і атрымалася», - распавёў Андрэй Стрыжак.

Арганізоўваць вясельныя ўрачыстасці пара не планавала першапачаткова.

«Мы абодва валанцёры, і праблема, якая існуе на Данбасе, для нас не перастае быць актуальнай - там нашы сябры, калегі, медыкі. З нашага пункту гледжання было б некарэктна рабіць нейкія святы, - растлумачыў Андрэй Стрыжак. - Мы наважылі не ладзіць шыкоўнае вяселле, а падарункі, якія нам падораць, накіраваць на гуманітарны маршрут Беларусь - АТА».

Дапамога надаецца сем'ям загінулых, параненых і зніклых без вестак украінскіх жаўнераў, сем'ям перасяленцаў, якія з'ехалі з Крыма і Данбаса, але засталіся ва Украіне, а таксама першаму Добраахвотніцкаму мабільнаму шпіталю імя Пірагова.

«Мы ім (мабільнаму шпіталю. - Рэд.) у свой час паставілі тры медыцынскія машыны - гэта хуткая дапамога класа А «Ратаўніца», медыцынскі мікрааўтобус «Майя» і машына для перавозкі медыцынскіх брыгад «Зорка», - распавёў валанцёр. - Гэтыя машыны стала эксплуатуюцца, натуральна, патрэбныя грошы на расходныя матэрыялы, патрэбныя медыкаменты, медабсталяванне, бо шпіталь увесь час працуе ў зоне АТА ў Новаайдары. Частка сродкаў пойдзе туды, а частка - на дастаўку грузу, які ўжо сабраны ў Менску. Гэта рэчы, якія перадалі неабыякавыя беларусы. Яны будуць дастаўленыя ў Бахмут (Арцёмаўск), каб размеркаваць сярод людзей».

Паездка ў зону АТА для пары - не вясельнае падарожжа, проста «так супала», кажа Андрэй.

Уласны лёс Андрэй і Яўгенія Стрыжак выкарыстоўваюць як адзін з варыянтаў краўдфандынга. Ад святкаванняў адмовіліся, але ахвотным павіншаваць маладых прапануюць пералічыць грошы на спецыяльныя рахункі.

«У нас першапачаткова быў бюджэт практычна нулявы, цяпер ёсць толькі 200 еўраў - гэта не нашы грошы, а сродкі, якія былі акумуляваныя на ахвяраванні гуммаршруту. Уласны бюджэт быў нулявы, мы не планавалі наогул нейкае свята», - распавёў Стрыжак.

На гэты момант у «падарунак» маладой сям'і пералічылі 200 тысяч беларускіх рублёў - «гэта сума пойдзе ў агульную скарбонку».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках