29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Бандарэнка: Беларусы абараняюць Еўропу ад «расейскага свету»

14
Дзмітрый Бандарэнка: Беларусы абараняюць Еўропу ад «расейскага свету»
Дзмітрый Бандарэнка

NATO ўсвядоміла пагрозу, якую нясе рэжым Лукашэнкі.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка, каментуючы вынікі саміту NATO, які прайшоў 8-9 ліпеня ў Польшчы.

- У Варшаве прайшоў найбуйнейшы ў гісторыі арганізацыі саміт NATO. Як вы ацэньваеце яго вынікі?

- На саміце было шмат важных тэм: ад Украіны да барацьбы з міжнародным тэрарызмам. Але ўсе гэтыя тэмы на самай справе вельмі цесна звязаны з Беларуссю, таму што размяшчэнне чатырох новых батальёнаў у Польшчы і краінах Балтыі - гэта спроба мінімізаваць вайсковую пагрозу, якая выплывала з тэрыторыі Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі і ад сумеснай расейска-беларускай вайсковай групоўкі.

Другая тэма, вельмі важная - гэта прызнанне кібер-вайны і важнасці сумесных дзеянняў краін NATO ў супрацьстаянні кібер-атакам, як з боку Расеі, так і з боку ІДзІЛа і іншых тэрарыстычных арганізацый. У гэтае паняцце «кібер-вайна», безумоўна, уваходзіць і супрацьдзеянне інфармацыйнай вайне як частцы гібрыднага нападу.

- Тым не менш Беларусь фармальна не значылася на парадку дня, беларускай дэлегацыі не было, і ні ў адной заяве беларуская тэма практычна не згадвалася. Чаму вы зрабілі такія высновы?

- Таму што гэтыя батальёны геаграфічна будуць знаходзіцца ў суседніх з Беларуссю краінах. І ўсе адзначаюць, што яны выступаюць як пэўныя «сігнальныя міны». Калі будзе сур'ёзны напад з тэрыторыі Беларусі, то гэтыя батальёны не змогуць аказаць рэальнага супраціву. Але яны паказваюць кіраўніцтву Расеі, што вядучая краіна NATO будзе абараняць краіны Балтыі і Польшчу.

Асноўная пагроза зыходзіць з тэрыторыі лукашэнкаўскай Беларусі, і я ведаю, што лідары беларускай апазіцыі, між іншым Андрэй Саннікаў, цягам многіх гадоў казалі пра тое, што дыктатарскі рэжым нясе пагрозу рэгіянальнай бяспекі. Усе смяяліся, казалі: «Ды якое ў Лукашэнкі войска?». І калі мы адзначалі, што справа не ў войску, а ў стратэгічна важным становішчы Беларусі, то многія палітыкі ставіліся да гэтага легкадумна.

Вайскоўцы NATO думаюць па-іншаму, яны ўспрымаюць пагрозы зусім на іншым узроўні, і нездарма шматлікія экспэрты ў кулуарах гэтай канферэнцыі падчас саміту казалі пра тое, што, на жаль, беларускае войска разглядаецца як частка расейскага, а тэрыторыя Беларусі як плацдарм для нападу на краіны ЕЗ і Украіну.

- Калі еўрапейскія чыноўнікі нарэшце ўсведамляюць гэтую пагрозу?

- На гэта сыходзяць гады, на жаль. Першая разважная ацэнка аб стратэгічнай важнасці Беларусі і пагрозы, якая зыходзіць ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, з'явілася пасля вучэнняў 2009 года. Хацеў бы нагадаць, што шэраг палітыкаў Літвы, Польшчы, а таксама былы дэмакратычны прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка тады выступалі лабістамі рэжыму Лукашэнкі, яго адвакатамі і спрыялі таму, што рэжым атрымаў некалькі мільярдаў даляраў крэдыту ад МВФ і яшчэ большыя сумы ад іншых банкаў.

Потым высветлілася, што сумесныя расейска-беларускія вучэнні фактычна праводзіліся на заходнія грошы, там адпрацоўвалася нанясенне ядзернага ўдару па Варшаве і танкавы прарыў праз Сувалкскі калідор да Калінінграда з тэрыторыі Беларусі. Назавем рэчы сваімі імёнамі: адпрацоўвалася і ўціхамірванне пратэстаў польскай меншасці ў Гародні. Вось тады вайскоўцы сталі казаць пра тое, што нешта палітыкі робяць не так. Былы міністр абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў біў у набат і казаў, што гэта рэальная пагроза, у тым ліку і для Польшчы, і для краін Балтыі.

Вось і на саміце NATO праз сем гадоў абмяркоўваюць Сувалкскі калідор. Гэта галоўная небяспека. Паміж Беларуссю і Калінінградам адлегласць блізу 90 кіламетраў. Таксама ва ўсіх медыя абмяркоўваецца пытанне, ці можа прымяніць Пуцін тактычную ядзерную зброю.

Палітыкі часам робяць памылковыя дзеянні, не разумеючы што яны робяць, або выкарыстоўваюцца (у цёмную або свядома) як лабісты рэжыму Лукашэнкі і Пуціна. Вайскоўцы потым вымушаныя выпраўляць іх памылкі, размяшчаючы воінскі кантынгент вакол патэнцыйнай краіны-агрэсара.

Але калі мы думаем, што палітыкі зрабілі ўжо ўсе памылкі, то гэта не так. Напрыклад, сёння Расея, рыхтуючыся да гібрыднай вайны, адкрыла ў Беларусі прапагандысцкі інтэрнэт-партал «Sputnik Беларусь». Адначасова частка беларускай моладзі з падачы нейкіх арганізацый «рускага казацтва» праходзіць вайсковую падрыхтоўку са стральбой на тэрыторыі Беларусі. Таксама мы бачым, як актывізаваліся праваслаўныя брацтвы, на чале якіх стаяць святары, якія раней служылі ў КДБ, міліцыі, войсках спецыяльнага прызначэння.

Што робіць Захад у гэтых умовах? Захад у разы скарачае дапамогу незалежным СМІ ў Беларусі і спыняе важныя праекты дапамогі рэпрэсаваным. Я расцэньваю, як вельмі моцны ўдар па беларускай апазіцыі спыненне праграмы Каліноўскага, па якой у Польшчы маглі вучыцца рэпрэсаваныя студэнты, а таксама дзеці рэпрэсаваных апазіцыянераў. Таксама спыняюцца і іншыя праекты, якія рэальна падтрымліваюць беларускую грамадзянскую супольнасць і беларускія медыя. Таму памылкі палітыкі працягваюць рабіць.

- Наколькі вядома, праграма Каліноўскага не спыняецца, яна трансфармуецца, бо, як заяўляе яе кіраўніцтва, скарацілася плынь рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі.

- Калі я знаходзіўся ў турме, я ведаў, што не магу даць сваёй дачцэ вышэйшую адукацыю ў Беларусі. Ёй дазволяць вучыцца ў найлепшым выпадку толькі на платным аддзяленні, а потым усё роўна выключаць. І ведаючы, што мая дачка зможа вучыцца ў Польшчы, мне было лягчэй змагацца.

Сёння сотні актывістаў, якія раней былі рэпрэсаваныя, не змогуць дапамагчы сваім дзецям, і гэта будзе скоўваць іх у пэўных дзеянні. Адзінае, я размаўляў з кіраўніком праграмы Каліноўскага Янам Маліцкім, які сказаў, што калі рэпрэсіі ўзмоцняцца, то праграма дапамогі студэнтам будзе хутка адноўлена.

- Давайце вернемся да саміту NATO. Напярэдадні адзін з польскіх экспэртаў заявіў, што Беларусь сёння не кантралюе свае ўзброеныя сілы. Вам не здаецца, што гэтай заявай ён не пакінуў каменя на камені ад новай (старой) еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі?

- Фактычна, так. Менавіта на такой цвярозай ацэнцы і грунтуюцца пастановы вайскоўцаў, якія і прапанавалі размясціць гэтыя невялікія воінскія кантынгенты NATO ў краінах, якія з'яўляюцца аб'ектамі патэнцыйнай агрэсіі.

Украіна, хоць і з тэрытарыяльнымі стратамі, змагла адлюстраваць агрэсію Расеі і застаецца шчытом для краін Еўрапейскага звязу. Сілавікі Лукашэнкі з'яўляюцца прыхільнікамі Пуціна і «расейскага свету» і не будуць абараняць ні дыктатара Лукашэнку, ні нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Гарантамі незалежнасці Беларусі з'яўляюцца не ўлады, а беларуская апазіцыя і незалежныя медыя. Сёння дэмакратычныя беларусы абараняюць еўрапейскія інтарэсы і еўрапейскія каштоўнасці ад «расейскага свету».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках