16 красавiка 2024, aўторак, 10:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Шаўковы шлях»: на горным этапе беларусы на МАЗе прыйшлі да фінішу трэцімі

2

Экіпаж на чале з Сяргеем Вязовічам скончыў сёмы этап міжнароднага марафону «Шаўковы шлях» на трэцім месцы.

У агульным заліку беларускія гоншчыкі адстаюць ад лідара ралі прыкладна на 40 хвілінаў, паведамілі «Беларускім навінам» у камандзе «МАЗ-СПОРТаўта».

ФОТА: МАЗ-СПОРТАЎТА

Сёмы этап прывёў гоншчыкаў з Алматы ў памежнае кітайскае мястэчка Бортала. Экіпажы пераадолелі хоць і кароткую (усяго 77 км), але сур'ёзную горную трасу. Маршрут праходзіў на вышыні да 2600 метраў над узроўнем мора, што было звязана з высокімі нагрузкамі на аўтамабілі.

Тым не менш МАЗы праехалі дыстанцыю без якіх-небудзь цяжкасцяў. Экіпаж Сяргея Вязовіча выдаткаваў на праходжанне спецучастку 1 гадзіну 12 хвілінаў. Каля 100 секундаў аддзялялі яго ад найлепшага часу сёмага ралі-заезду. На першым месцы фінішаваў галандзец Марцін ван дэн Брынк на «Рэно», практычна ў макаўку дыхаў яму Антон Шыбалаў з каманды «КАМАЗ-майстар».

ФОТА: МАЗ-СПОРТАЎТА
ФОТА: МАЗ-СПОРТАЎТА
ФОТА: МАЗ-СПОРТАЎТА

Пасля сёмага этапу экіпаж Сяргея Вязовіча перамясціўся з 8-га на 6-е месца. Цяпер яго аддзяляе менш за 40 хвілінаў ад лідара ў марафоне – галандца – і каля хвіліны – ад расейска-кітайскага экіпажа, якім кіруе кітайскі пілот Хоу Хунін.

Удалым стаўся этап і для МАЗа Аляксандра Васілеўскага, які скончыў яго на чацвёртай пазіцыі. Пераможцу заезду гоншчыкі саступілі прыкладна дзве з паловай хвіліны. У генеральнай класіфікацыі МАЗаўскі экіпаж замыкае першую дзясятку, адстаючы ад галандца больш чым на гадзіну.

Экіпаж пад кіраваннем Аляксея Вішнеўскага скончыў сёмы заезд на 13-м месцы. Ён выдаткаваў на пераадоленне трасы 1 гадзіну 40 хвілінаў і адстаў ад лідара на паўгадзіны. Такое самае месца гоншчыкі займаюць і ў турнірнай табліцы, саступаючы лідару гонкі 2 гадзіны 18 хвілінаў.

«Невялікі спецучастак прайшлі на адным дыханні. І хоць траса была не самай простай (небяспечны горны серпантын, слізкая паверхня, шмат вострых камянёў), нельга сказаць, што яна стварыла нам нейкія цяжкасці. Праехалі без сур'ёзных памылак, тэхніка паказала сябе з найлепшага боку. Наперадзе – больш доўгі і, мабыць, складаны ўчастак з бездаражжу», – растлумачыў пілот і кіраўнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч.

Наступны ралі-заезд пройдзе «праз заліўныя лугі» паміж двума кітайскімі гарадамі. Спецучастак даўжынёю 257 км уключае хуткія звілістыя трасы і падступную бездараж са складанай навігацыяй.

Беларуская каманда прывезла на ралі-рэйд тры баявыя аўтамабілі. Прычым два з іх – новыя спарткары з сучаснымі рухавікамі. Грузавікі атрымалі 12,5-літровыя маторы, створаныя чэшскай камандай Buggyra на аснове агрэгатаў ад Caterpillar. Тэставыя выпрабаванні аўтамабіляў з поспехам прайшлі на палігоне пад Менскам.

Міжнароднае ралі «Шаўковы шлях» упершыню праходзіць па тэрыторыях адразу трох краінаў – Расеі, Казахстана і Кітая. Даўжыня маршруту – 10 735 км, прычым каля 40% шляху складаюць спецучасткі. Сярод выпрабаванняў – бязмежныя стэпы, стромкія горныя серпантыны, падступныя пяскі і дзюны. Гоншчыкам падрыхтавалі 15 этапаў – на два больш, чым на «Дакары». Марафон праходзіць праз 15 гарадоў, пустыню Гобі і хрыбты Цянь-Шаня, а адзін з этапаў прывядзе да возера Балхаш. У ралі-рэйдзе ўдзельнічаюць 24 грузавікі і 100 пазадарожнікаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках