19 красавiка 2024, Пятніца, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты: «Калі рэактар на БелАЭС выпусцілі, яго ўсталёўваць нельга!»

31
Экспэрты: «Калі рэактар на БелАЭС выпусцілі, яго ўсталёўваць нельга!»
ФОТА: GLOBAL LOOK PRESS

Экспэрты аб тым, што магло здарыцца на БелАЭС.

10 ліпеня на БелАЭС адбылася няштатная сітуацыя - паводле непацверджанай інфармацыі, пры перамяшчэнні ўпаў корпус рэактара. Ні Мінэнэрга, ні генпадрадчык будаўніцтва «Атамбудэкспарт» не распавядаюць, што здарылася якраз на пляцоўцы. Экспэрты мяркуюць, што, калі корпус сапраўды ўпаў, гэта абернецца для Беларусі стратай часу і грошай. Імаверней за ўсё, пасля інцыдэнту 300-тонную канструкцыю давядзецца яшчэ раз правяраць на бяспеку, піша tut.by.

25 ліпеня каардынатар кампаніі «Астравецкая атамная - гэта злачынства!" Мікалай Уласевіч напісаў у Facebook, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнай устаноўкі ў рэактарнае аддзяленне АЭС корпус рэактара абрынуўся на зямлю. Вышыня падзення склала ад 2 да 4 метраў. Факт абвальвання яму пацвердзілі не менш за 10 незалежных адзін ад аднаго ананімных крыніц, дадаў Уласевіч.

«Атамбудэкспарт», падраздзяленне дзяржкарпарацыі «Расатам» і генпадрадчык будаўніцтва БелАЭС, заявіў, што НЗ з пашкоджаннем корпуса не было, канструкцыя знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзялення, і тэхнічных перашкодаў для яго ўстаноўкі на штатнае месца няма.

У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі спачатку чуткі не каментавалі, а потым пацвердзілі факт няштатнай сітуацыі. Заказчык праекта РУП «Беларуская АЭС» запатрабаваў у генпадрадчыка ўсе дакументы і звесткі аб інцыдэнце. Што рабіць далей, беларускі бок наважыць, вывучыўшы звесткі ад «Атамбудэкспарта», паведаміла ведамства.

З каментара Мінэнэрга ясная толькі адна дэталь таго, што здарылася - няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара «пры правядзенні такелажных работ для яго перамяшчэння ў гарызантальнай плоскасці». У чым заключалася гэтая «няштатная сітуацыя», справа не тлумачыцца.

Экспэрты ў сферы энэргетыкі мяркуюць, што корпус рэактара (ён мае форму цыліндру) уздымалі ў гарызантальным становішчы і ён сарваўся з мацаванняў.

- Гэта канструкцыя вагой 334 тоны, і па зямлі яе рухаць ніхто б не стаў, таму што фланцы (дэталь для трывалага і герметычнага злучэння труб, апаратаў і дэталяў) на корпусе тырчаць вонкі і могуць чапляцца за нейкія перашкоды і пашкоджвацца. Хутчэй за ўсё, яго прыўзнімалі, спрабуючы перавесці ў перадмантажны стан, - разважае былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Марат Афанасьеў, які шмат гадоў прапрацаваў у энэргетычнай сферы, у тым ліку на пасадзе намесніка галоўнага энэргетыка БМЗ.

Ён схільны думаць, што прычынай «няштатнай сітуацыі» стала памылка будаўнікоў. Устаноўка такога буйнагабарытнага аб'екта, як корпус ядзернага рэактара, патрабуе дэталёвага праекта вытворчасці прац, а кран і тросы, з дапамогай якіх яго перамяшчаюць, павінны праходзіць выпрабаванні на грузападымальнасць.

Вышыня, з якой мог зваліцца корпус рэактара, не мае вялікага значэння, уважае Андрэй Ажароўскі, інжынер-фізік, удзельнік Беларускай антыядзернай кампаніі (Масква).

- Праз велізарную масу канструкцыі энэргія дэфармацыі пры ўдары таксама велізарная, таму і варта чакаць пашкоджанняў. Нават падзенне з вышыні 30 см магло выклікаць дэфармацыю корпуса і пагоршыць трывальныя ўласцівасці металу і зварных швоў, - кажа Ажароўскі. - Калі мінулым летам на будаўніцтве ЛАЭС-2 у Расеі адбылося надзвычайнае здарэнне - выпусцілі унутраны рэактарны 70-тонны блок ахоўных труб, - было наважана не рамантаваць пашкоджанае абсталяванне, а вырабіць новае.

- Калі пры ўздыме корпус стукнуўся, то яго сапраўды далей усталёўваць нельга, - згодзен Марат Афанасьеў. – Ніводны разважны чалавек на сябе не возьме такую адказнасць. Трэба зноўку ўсё правяраць.

На заводзе, дзе быў выраблены корпус рэактара, кожнае зварное шво павінны былі праверыць на цэласнасць, зафіксаваўшы гэта ў адмысловым акце. Пасля падзення з вышыні швы трэба правяраць нанова. Лепш за ўсё з гэтым справяцца прадстаўнікі завода-вытворцы, мяркуе Афанасьеў. Маючы на руках дакументы папярэдняй праверкі, яны змогуць ацаніць, наколькі змяніўся стан швоў пасля інцыдэнту, і, калі трэба, даць рэкамендацыі па рамонце.

На заводзе «Атоммаш», дзе быў выраблены корпус рэактара для БелАЭС, не змаглі аператыўна адказаць, ці прыходзіў ім запыт з нагоды праверкі канструкцыі. Нагадаем, атамная станцыя ў Астраўцы будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 МВт. Цяпер «Атоммаш» робіць другі рэактар. Плануецца, што ён будзе гатовы ў кастрычніку 2016 года.

- Варта, па-першае, паведаміць дэталі таго, што адбылося: з якой вышыні, на якую паверхню абрынуўся корпус. Па-другое, трэба стварыць адкрытую і незалежную камісію ўстанаўлення прычын і наступстваў. Адкрытую і незалежную - гэта значыць, якая складаецца не толькі з расейскіх і беларускіх атамшчыкаў і іх саюзнікаў. Па-трэцяе, трэба прааналізаваць стан корпуса: вымераць геаметрыю, правесці гама і ўльтрагукавую дэфектаскапію металу корпуса і швоў, - Андрэй Ажароўскі пералічвае меры, якія, на яго думку, павінны распачаць заказчык і генпадрадчык БелАЭС.

Цяпер у Беларусі знаходзяцца экспэрты МАГАТЭ, якія працуюць над маючай адбыцца місіяй па ацэнцы пляцоўкі АЭС, паведамляе Мінэнэрга

Тым часам Мікалай Уласевіч звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з просьбай правесці праверку паводле апошніх інцыдэнтаў на будаўніцтве станцыі.

Нагадаем, цяперашні выпадак на БелАЭС - ужо не першы ў гэтым годзе. 8 красавіка пры кладцы бетону аднаго з перакрыццяў падсобных памяшканняў былі часткова пашкоджаныя канструкцыі апалубкі. 5 траўня літоўскі МЗС падаў беларускаму паслу ноту з патрабаваннем растлумачыць тое, што здарылася.

У пачатку чэрвеня Літва ўручыла Беларусі яшчэ адну ноту адносна іншага магчымага НЗ на будпляцоўцы станцыі. У той раз Мінэнэрга Беларусі зняпраўдзіў інфармацыю аб любых няштатных сітуацыях.

Інфармацыю пра нібыта падзенне рэактара пракаментавала асабіста прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Яна заявіла, што «Беларусь сыходзіць ад адказаў на пытанні пра бяспеку, не жадае пусціць назіральнікаў». Грыбаўскайтэ дадала, што Літва і ў будучыні будзе імкнуцца ўплываць на тое, каб «патрабаванні да бяспекі былі гарантавана забяспечаныя».

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках